Агляд тэлефанаваньняў за сераду 3 верасьня.
Пачатак заняткаў у школах і ВНУ чарговым разам актуалізаваў традыцыйную цікавасьць слухачоў нашага радыё да моўнай праблематыкі.
Спадарыня: “Праходжу каля школы пяць хвілін таму, чую - лінейка! Першага верасьня. Але на расейскай мове! Жудасна! Дырэктарам школы Іван Васілевіч быў усяго пару гадоў толькі. Школа адвечна была беларускай, гэта ж Квасоўка. Зь сёньняшняга дня яна ўжо расейская. Проста слоў няма! А як гэта дырэктару школы Івану Васілевічу перажыць?”
Дарэчы, учора мы прапанавалі адгукнуцца на тэлефанаваньне, у якім слухач прапаноўваў забараніць прысутнасьць на “Свабодзе” расейскамоўных суразмоўцаў.
Спадарыня: “Агідна такое слухаць... Гэтым ён толькі паказаў сваю духоўную неадукаванасьць. І наагул: чалавек, які ня ведае замежнай мовы, не ў ладах і са сваёй”.
А вось камэнтар грамадзкага рэдактара тыдня, сябра Таварыства беларускай мовы Станіслава Судніка зь Ліды:
Суднік: “Радыё Свабода вырашае задачу - данесьці праўдзівую інфармацыю да як мага большага кола слухачоў. Але калі сёньня ня даць слова рускамоўным рэспандэнтам, то мадэлюецца сытуацыя: вы нас слухайце, але самі сказаць нічога ня маеце права. Бо не валодаеце беларускай мовай. Так не павялічыць колькасьці слухачоў і, адпаведна, не пашырыць кола людзей, знаёмых з праўдзівай інфармацыяй “Свабоды”.
На падсумаваньне тэмы - такі званок:
Спадарыня: “Паўтарыце, калі ласка, тэлефон кіраўніка Таварыства беларускай школы, бо падчас інтэрвію “Свабодзе" спадара Лозкі прапаў гук…”
Паведамляем: зьвязацца зь менскім офісам ТБШ можна праз тэлефон МТС +375 (29) 752 08 21. Гэта асабісты мабільны нумар спадара Лозкі.
Гэтаксама ўчора мы расказвалі пра перасьлед незалежных эколягаў. Слухачы працягваюць тэму аховы прыроды.
Спадар: “Аляксандар Анатолевіч Яцкевіч: ва ўмовах татальнага зьнішчэньня нам толькі і засталося зрабіць атамную станцыю - яна завершыць усё, распачатае барбарамі. Вось мае радкі:
Пабудуем з “бацькам” атамную бомбу -
Час настаў яму дубіну ў рукі даць.
На сябе начэпім жабраковы торбы
Ды пайдзем па белым сьвеце жабраваць…
Беларус да цывілізацыі не гатовы, калі ён яшчэ недзе захаваўся…”
І напрыканцы - водгукі слухачоў на перадачы Радыё Свабода.
Спадар Бярозкін, Шчучын: “Паважаная “Свабода”! Заўсёды зь цікавасьцю слухаю вашы перадачы, падабаюцца навіны, “Экспэртыза”, “Праскі акцэнт”, вельмі слушныя, абгрунтаваныя перадачы. Але 1 верасьня, пачатак 2 сусьветнай вайны, перадаяце выступленьне Качыньскага. Польшча супраціўлялася, не здаліся яшчэ некалькі населеных пунктаў. Удар у сьпіну бальшавікоў зьмяніў сытуацыю. Гэта сур'ёзна - утрымаліся б? Абураны!”
Ільля Копыл: “1 верасьня была адзначана дата пачатку другой сусьветнай вайны, якую разьвязалі два хаўрусьнікі - Савецкі Саюз і фашысцкая Германія. Але я не пачуў, каб хтосьці ўпомніў яшчэ адну трагічную дату - 1 верасьня 1983 году дзьвюма савецкімі ракетамі быў зьбіты паўднёвакарэйскі пасажырскі самалёт “Боінг-747”. Загінула 269 пасажыраў, у тым ліку 23 дзіцяці да 12 гадоў. Яны сьпяшаліся дадому, каб раніцай пайсьці ў школу. Кіраўніком СССР у той час быў Юры Андропаў”.
Нагадваем: тэлефон “Свабоды” ў Менску - 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для смс-паведамленьняў: 375.293.912.224. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.