Залаты том Ніла Гілевіча

Ніл Гілевіч

Залатая сэрыя двухсоттамовага кніжнага праекту “Беларускі кнігазбор” папоўнілася томам выбраных твораў народнага паэта Беларусі Ніла Гілевіча. На шасьцістах старонках кнігі чытачы знойдуць вершы паэта, мэмуарную аповесьць “Перажыўшы вайну”, раман у вершах “Родныя дзеці”, эсэ і публіцыстычныя артыкулы. Усе разам яны, па словах аўтара прадмовы доктара філязофіі Ўладзімера Конана, уяўляюць гімн Бацькаўшчыне.
Прымаючы віншаваньне з нагоды выхаду кнігі выбранага ў сэрыі, пад чырвонымі вокладкамі якой выдаецца ўсё самае лепшае, што створана ў літаратуры беларусамі і на беларускай зямлі, спадар Гілевіч прызнаўся, што вельмі ўсьцешаны такім гонарам. Ён сам адбіраў творы для кнігазбораўскага тома, і рабіць гэта было вельмі складана, бо за шэсьцьдзесят гадоў актыўнага творчага жыцьця напісанага набярэцца, па ягоных падліках, сама меней на трыццаць тамоў. І гаварыць пра свой “залаты” том рашуча адмовіўся.
Уладзімер Конан

А доктар філязофіі Ўладзімер Конан, які напісаў прадмову да выданьня, сказаў, што кніга паказвае ўнівэрсальны талент Ніла Гілевіча, які ярка і самабытна выявіўся ва ўсіх жанрах літаратуры. Але зьнітоўвае іх адно пачуцьцё:

“Ва ўсіх яго творах — гэта слава роднай зямлі, можна сказаць, эстэтызацыя роднай зямлі”.

Другой адметнай рысай творчасьці паэта спадар Конан назваў яе пясьнярнасьць:

“Ніл Гілевіч — гэта, можа быць, апошні, на жаль, у нашым літаратурным жыцьці паэт-пясьняр. Гэтая паэзія пісалася па правілах песьні. І ў мяне ёсьць шкадаваньне, што вось такая паэзія, паэзія лірычная, паэзія мэлядычная памаленьку зьнікае”.

Уладзімер Конан спадзяецца, што маладыя чытачы, дзякуючы гэтаму тому, адкрыюць для сябе творчасьць Ніла Гілевіча, а сталыя яго прыхільнікі яшчэ раз перачытаюць любімыя лірычныя радкі і надзённую публіцыстыку ў абарону нацыянальных каштоўнасьцяў — гэтай справе народны паэт прысьвяціў усё сваё сьвядомае жыцьцё. Вось адзін з такіх твораў у аўтарскім выкананьні:

Мой кароткі адказ

Вы кажаце: я выракся кагосьці?
Каго? Фальшывых ідалаў-сьвятош,
Якім паверыў некалі?.. Ну што ж,
Хай Бог даруе хібы маладосьці…

Ад той зямлі, дзе маці нарадзіла,
Ад тых магіл, дзе прашчуры ляжаць,
Ад нівы той, дзе сеяў я, каб жаць,
Ад мовы той, што ў цемры мне сьвяціла,

Не адракаўся і не адракуся!
Запомніце: пярэваратням я
Павек ня скінуся. Душа мая
І ў небе будзе трызьніць Беларусьсю.