У кнігарнях Віцебскай вобласьці немагчыма набыць зацьверджанае Міністэрствам адукацыі “Календарна-тэматычнае плянаваньне” па ўсіх навучальных прадметах. Зборнікі зьніклі з продажу, да 1-га верасьня настаўнікі засталіся не падрыхтаваныя.
Сёлета ўпершыню віцебскім настаўнікам загадана карыстацца каляндарна-тэматычным плянаваньнем, якое падрыхтавала і зацьвердзіла Міністэрства адукацыі, а не складаць яго саматужна.
Паводле Леры Сом, настаўніцы беларускай мовы з Полацку, гэта мусіла б стаць палёгкай у іхнай працы — каб уніфікаваць падыходы да навучальных праграм і не загружаць настаўнікаў дадатковай пісанінай. Але атрымаць абяцаную мэтадычную дапамогу выявілася зусім ня проста:
“Сёлета гэтае плянаваньне, выдадзенае афіцыйным чынам у кніжачках, зьявілася ў продажы на пачатку жніўня. Хто пасьпеў набыць — той пасьпеў, а цяпер яго нідзе няма. Хаця згодна менавіта з гэтым дакумэнтам 1-га верасьня я мушу весьці першы ўрок”.
Да 1-га верасьня дадатковая колькасьць зборнікаў у кнігарнях таксама ня зьявіцца. Гэта паведаміла гандлярка віцебскай кнігарні “Равесьнік”, што спэцыялізуецца на продажы навукова-мэтадычнай і навучальнай літаратуры. Спадарыня распавяла, што занепакоеныя настаўнікі тэлефануюць да іх кожныя пяць хвілін, але безвынікова:
“Кожныя пяць хвілін! Але я ня думаю, што недзе тыя зборнікі вы знойдзеце. Пакупнікі ходзяць і кажуць, што іх няма нідзе. Былі, але ў вельмі невялікай колькасьці. І больш мы іх атрымліваць ня будзем, бо іх няма ў выдавецтве. Патэлефануйце хіба ў “Сьветач” — гэта прыватная крама, мажліва, у іх іншы асартымэнт”.
Я ня думаю, што недзе тыя зборнікі вы знойдзеце. Пакупнікі ходзяць і кажуць, што іх няма нідзе
У кнігарні “Сьветач” гандлярка таксама спаслалася на тое, што зборнікаў няма ў самім выдавецтве — таму няма і ў іх. Спадзяюцца атрымаць “дадрукоўку” — але толькі праз тыдзень і ўсяго па некалькіх прадметах:
“Зараз скажу вам… так, ангельская, расейская, беларуская мовы, матэматыка і працоўнае навучаньне. І гісторыя, і фізкультура. І ўсё. І будзе гэта праз тыдзень. Яшчэ кажуць, што будзе на сайце Мінадукацыі, але так ці не — я ня ведаю”.
Настаўнікі кажуць, што на сайце www.adu.by каляндарна-тэматычнае плянаваньне ўжо было, але напрыканцы жніўня зьнікла. Цяпер у адпаведнай рубрыцы адкрываецца пустая старонка.
У Кастрычніцкім раённым аддзеле адукацыі Віцебску, напэўна, плянаваньне адтуль спампаваць пасьпелі. Прынамсі, прапануюць яго ў электронным варыянце, кажа настаўнік адной зь віцебскіх школ:
“Гэта значыць, што я мушу набыць дыск, прыйсьці ў аддзел адукацыі, перапісаць усе на дыск, а потым шукаць, дзе раздрукаваць. Друкаркі ў мяне няма, ёсьць толькі кампутар. А ёсьць такія настаўнікі, у якіх няма і кампутара. Дык яны ходзяць і лаюцца: “Што нам рабіць?”
Чаканая палёгка ад Міністэрства адукацыі ператварылася для віцебскіх настаўнікаў толькі ў залішні клопат. Бо знайсьці афіцыйна зацьверджанае плянаваньне яны мусяць абавязкова, як мага хутчэй і дзе заўгодна: самастойныя распрацоўкі плянаў сёлета не прымаюцца.