Cлонімскія ўлады не далі мясцовым актывістам памяшканьня, каб правесьці круглы стол. Мастоўскія ўлады адмаўляюць у памяшканьні для сходу па вылучэньні кандыдатаў на Эўрапэйскі форум.
СЛУХАЦЬ:
Круглы стол у Слоніме заплянавалі на тэму актуальнай сытуацыі ў Беларусі - ад палітыкі да разьвіцьця гарадоў. На ім прадугледжвалася прэзэнтацыя распрацовак беларускіх аналітычных цэнтраў: Агенцтва гуманітарных тэхналёгій і Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў.
На круглым стале плянуецца абмеркаваць збліжэньне з Эўропай і тое, што атрымае Беларусь ад удзелу ва “Ўсходнім Партнэрстве”. Таксама ў праграме - сучасны стан і праблемы малых гарадоў Беларусі і іншыя тэмы.
Актывіст Алесь Масюк кажа, што дамовіўся пра памяшканьне ў “Моладзевым цэнтры”, што ў мікрараёне “Альберцін”, занёс запрашэньне ў ідэалягічны аддзел райвыканкаму, адкуль абяцалі некага прыслаць, і даў аб'яву ў газэту. А сёньня яму затэлефанаваў дырэктар моладзевага цэнтру.
Масюк: “Мне патэлефанаваў дырэктар моладзевага цэнтру і сказаў, што яму загадалі адмовіць нам у памяшканьні. Я, вядома, разумею, што дырэктар да гэтага ня мае дачыненьня...”
Тым ня менш, як кажа спадар Масюк, мерапрыемства яны правядуць у іншым месцы і здолеюць нанава паведаміць усім ахвотным, дзе адбудзецца Круглы стол.
Я затэлефанаваў у ідэалягічны аддзел райвыканкаму і пацікавіўся - чаму ўсё ж улады не дазваляюць даць памяшканьне для Круглага стала? Вось што адказаў мне намесьнік кіраўніка аддзелу Канстанцін Дзятчык:
“Я ня ведаю. У мяне вось запрашэньне ляжыць, і я пайшоў бы. Ідэалягічны аддзел да гэтага дачыненьня ня мае”.
Тым часам мастоўскія ўлады адмовілі мясцовым актывістам у памяшканьні, каб правесьці сход па вылучэньні кандыдатаў на Эўрапейскі форум.
У адмове гаворыцца, што дзень сходу прыпадае на выходны і большасьць прадпрыемстваў гораду ня будзе працаваць, а ў памяшканьнях ужо заплянаваныя культурна-масавыя мерапрыемствы.
Камэнтуючы гэтыя дзьве адмовы, слонімскі актывіст Алесь Масюк наагул ня бачыць лёгікі ў паводзінах уладаў.
Масюк: “Тут можна па-рознаму разважаць: альбо яны працягваюць папросту забараняць усё, што адбываецца бязь іх ведама, альбо іх палохае, што людзі будуць абмяркоўваць пытаньні, зьвязаныя з палітыкай, з магчымасьцямі разьвіцьця адносін з Эўразьвязам. Мабыць, яны баяцца, каб людзі пра гэта наагул ня чулі”.
Нагадаем, што 14 лістапада ў Менску рух “За свабоду” праводзіць Беларускі Эўрапейскі форум дзеля мабілізацыі прыхільнікаў аб'яднаньня патэнцыялу беларускіх праэўрапейскіх сілаў, а таксама падтрымкі паўнавартаснага ўдзелу Беларусі ў праграмах эўрапейскага супрацоўніцтва і інтэграцыі.