“Патрэбныя рэформы, а не дэвальвацыя”

Віталь Цыганкоў

Ці патрабуе МВФ ад беларускіх уладаў далейшай дэвальвацыі беларускага рубля? Што можа зрабіць урад супраць скарачэньня золатавалютных рэзэрваў і адмоўнага сальда замежнага гандлю? Ці могуць улады процістаяць націску беларускіх экспарцёраў, якія выступаюць за алабленьне нацыянальнай валюты?
На гэтыя ды іншыя пытаньні у перадачы “Экспэртыза Свабоды” адказваюць кіраўнік навукова-дасьледчага цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук і эканаміст Інстытуту прыватызацыі і мэнэджмэнту Аляксандар Чубрык. Дарэчы, абодва экспэрта 25 жніўня ўзялі ўдзел у сумесным сэмінары, які быў праведзены ў Менску Нацыянальным Банкам і Міжнародным Валютным Фондам.

Цыганкоў: Падчас свайго візыту ў Менск дырэктар Эўрапейскага дэпартамэнту МВФ Марэк Бэлька выказаў занепакоенасьць падзеньнем золатавалютных рэзэрваў Беларусі. Адразу зьявіліся камэнтары, нібыта МВФ зноў намякае, што Беларусі не пашкодзіла б чарговая дэвальвацыя нацыянальнай валюты. Ці можа ўлада пайсьці на дэвальвацыю, улічваючы тыя шматлікія абяцаньні, якія даваліся Нацбанкам наконт стабільнасьці беларускага рубля да канца году?

“Нават рэформы, якія ўзгодненыя з урадам, ідуць вельмі і вельмі складана”


Яраслаў Раманчук
Раманчук:
МВФ вельмі добра выклаў сваю пазыцыю ў дакладзе, які быў надрукаваны ў жніўні. Там гаворыцца, што, безумоўна, праблема з валютнымі рэзэрвамі існуе – яна ўтварылася ў выніку моцнага вонкавага шоку, які быў недаацэнены самім МВФ. Яны казалі, што дэфіцыт плацёжнага балянсу будзе 1.8 мільярдаў, але сытуацыя ўдвая горшая, чым яны спадзяваліся.

Беларусь праела тры мільярды даляраў, нічога не зьмяніўшы – дрэнная структура эканомікі як была, так і заставалася. Цяпер праедаем 500-700 мільёнаў у месяц, потым будзем па мільярду ў месяц – і што? Тады будзе дэвальвацыя не на 30 працэнтаў, а на 100? Гэта нікога не ўратуе.

Таму МВФ кажа – так, можна мінімальную дэвальвацыю, але для гэтага патрэбныя структурныя рэформы, зьмены ў бюджэтна-падаткавай сыстэме. Той скандальны выпадак, калі падчас мінулай місіі МВФ Міністэрства эканомікі сказала, што адмяніла рэгуляваньне цэнаў, і напісалі ў сваім дакладзе, што гэта зроблена, а я паказаў дакумэнты, дзе рэгуляваньне цэнаў (0.4-0.5 працэнтаў у месяц) застаецца – то гэта паказвае, што нават рэформы, якія ўзгодненыя з урадам, ідуць вельмі і вельмі складана.

Цыганкоў: У адной з нашых перадачаў удзельнікі выказалі меркаваньне, што МВФ зьяўляецца ці не адзіным гульцом, які штурхае эканамічныя пераўтварэньні ў Беларусі. Ці можна сказаць, што беларускія ўлады гатовыя дзейнічаць у згодзе з МВФ? Ці проста ў іх няма іншага выхаду?

“Прадпрыемствы вырабляюць прадукцыю, якая нікому не патрэбная”


Аляксандар Чубрык
Чубрык:
На самой справе, галоўным гульцом зьяўляецца не МВФ, а крызіс. Крызіс прымушае ўлады, магчыма, насуперак іх жаданьню, і нават больш чым таго патрабуе МВФ, ісьці на нейкія крокі. Вядома ж, гэтыя “рэформы” далёка не настолькі глыбокія, як гэта варта было б рабіць, іх увогуле рэформамі пакуль нельга называць.

Калі браць тую самую дэвальвацыю, то я думаю, што МВФ зараз ня будзе выносіць ніякіх патрабаваньняў наконт дэвальвацыі. Бо напачатку году дэвальвацыя была, але яна не ўратавала рэзэрвы, тады давер насельніцтва да нацыянальнай валюты моцна пахіснуўся. І чарговае аслабленьня рубля проста канчаткова зруйнуе давер да нацыянальнай валюты. МВФ гэта добра разумее і ня будзе патрабаваць такіх рэчаў.

Цыганкоў: Але ці магчыма абысьціся без дэвальвацыі? Нават многія ва ўрадзе выступаюць за гэтую ідэю, яе моцна лябіруюць беларускія экспарцёры. Як без дэвальвацыі можна ўтрымаць золатавалютны рэзэрв?

Чубрык: Гэта магчыма. Паглядзіце на прыклад Латвіі, там дэфіцыт замежнага гандлю быў нават большы чым у Беларусі, і яны без дэвальвацыі амаль збалянсавалі вонкавы гандаль. У Беларусі праблема ня ў тым, што Беларусы шмат спажываюць, альбо выдаткі экспарцёраў вялікія. Праблема ў тым, што шмат беларускіх прадпрыемстваў вырабляюць прадукцыю, якая нікому не патрэбная. І яны проста мусяць спыніць вытворчасьць гэтай прадукцыі, каб зьнік гэты гандлёвы дэфіцыт. А так мы імпартуем матэрыялы, потым нешта вырабляем і складаем гэта на склад. Гэтую праблему вырашыць не дэвальвацыя, а рэформы.

“Ёсьць тры цэнтры – урад, Нацбанк і Ткачоў”


Раманчук: Я бачу тры цэнтры прыняцьця рашэньняў, якія паміж сабой ваююць за перамогу. Першы – гэта ўрад, ён паказаў сваю няздольнасьць, бо ўрад, які прымае Пастанову 991, павінен пайсьці ў адстаўку.

Другі – гэта Нацбанк, які зьяўляецца клясічным манэтарным цэнтрам. Добра разумее манэтарную палітыку, размаўляе на адной мове з МВФ. Але Нацбанк не прымае рашэньняў па структурнай рэформе, прыватызацыі – яны могуць толькі казаць, што гэта патрэбна.

І трэці цэнтар, які зьявіўся нядаўна – гэта памочнік прэзыдэнта Сяргей Ткачоў. Я мяркую, што ён хацеў бы заняць месца прэм’ера, і зараз ён выказваецца наконт вельмі многіх рэчаў у вельмі рэзкім пляне.

Вельмі добра, што зараз незалежныя экспэрты – пры дапамозе МВФ, пры дапамозе крызісу – сталі якбы чацьвёртай сілай, якая пачынае ўплываць на тое, якія дыскусіі будзе праводзіць урад, Нацбанк і Адміністрацыя. Урэшце, ужо можна канстатаваць тэарэтычную сьмерць плянавай эканомікі ў Беларусі, усе разумеюць, што па-старому больш нельга. Цяпер барацьба ідзе за тое, якой будзе будучая эканамічная палітыка. Ці гэта будзе, як казаў Пракаповіч, “паводле Эрхарду” у Нямеччыне, ці гэта будзе нешта падобнае на Ўкраіну і Расею, намэнклятурны-алігархічная мадэль, калі ўсе ўсё крадуць, і кажуць, што гэта лібэралізм.

Да новага году Нацбанк утрымае валютны калідор


Цыганкоў: Нацбанк неаднаразова заяўляў, што да канца году беларускі рубель на выйдзе з валютнага калідору. Ці можа гэта ажыцьцявіцца?

Чубрык: Я думаю, што да канца году Нацбанк утрымае сваё абяцаньне. Яны знойдуць грошы, хаця, як слушна адзначыў Яраслаў, гэтыя грошы, на жаль, праядаюцца, замест таго, каб ісьці на патрэбныя рэформы. Я думаю, што да Новага году рубель ня выйдзе нават за межы 5-працэнтнага калідору. Бо ў Нацбанку добра разумеюць, што калі рубель выходзіць за межы гэтага калідору – гэта адразу першы сыгнал да панікі.

Цыганкоў: Але калі будзе прынята палітычнае рашэньне па дэвальвацыю, яго будзе прымаць не Нацыянальны Банк...

Чубрык: Гэта так, але я мяркую, што зараз палітычнае рашэньне – абыходзіцца без дэвальвацыі. Бо ўсё роўна сытуацыя дэвальвацыяй ня можа быць уратаваная..

Раманчук: Мой прагноз залежыць ад таго, што будзе рабіць МВФ. Калі ён будзе рабіць, тое, што рабіў папярэднія 8 месяцаў, і тое, што напісана ў Мэмарандуме МВФ, тады істотнай дэвальвацыі ня будзе. Калі Расея дасьць 500 мільёнаў, МВФ, можа, яшчэ дасьць мільярд, тады падставаў ня будзе.

Але асноўная праблема, і я не атрымаў адказу ад Пракаповіча – у асноўным накірунках грашовай палітыкі напісана, што мы павінны павялічыць грашовую масу да 27-29 трыльёнаў рублёў. Сёньня яна складае 17,5 трыльёнаў. Што будзе, калі мы павялічым грашовую масу да 29 трл.? Тады дэвальвацыя можа быць не 5-10, а 50 і 100 працэнтаў