Набор у падпольны ліцэй працягнуты да кастрычніка

Лявон Баршчэўскі

Праз тыдзень - пачатак новага навучальнага году. Аднак навучэнцы закрытага ўладамі Беларускага гуманітарнага ліцэю імя Якуба Коласа, які з 2003 году вымушаны працаваць у паўпадпольных умовах, пачнуць заняткі пазьней - у кастрычніку.
Карэспандэнтка “Свабоды” Іна Студзінская размаўляла пра пэрспэктывы працы ліцэю з намесьнікам яго дырэктара Лявонам Баршчэўскім.

“Ці завяршыўся набор у ліцэй? Колькі чалавек набралі сёлета?”


“Набралі 30 новых дзяцей. У асноўным яны зь Менску, некалькі чалавек з рэгіёнаў. Гэты набор у асноўным зроблены, але мы можам яшчэ пэўную колькасьць дзяцей набраць. Мы не зачынілі дзьверы і яшчэ да кастрычніка гатовыя прымаць новых ліцэістаў”.

“Кандыдаты праходзяць нейкія тэсты, іспыты? Ці гледзіце вы на школьныя адзнакі?”


“Безумоўна, мы праводзім і сумоўе, і тэсты, і іспыты. Рабілі адсеў. Але, мушу расчараваць, школьныя адзнакі амаль нічога не гавораць. Школьная рэформа, якую год таму распачалі ўлады, вось я бачу - год прайшоў, вядзе да фатальных вынікаў. Раней быў хоць адзін прадмет, які дзеці ведалі - гэта ангельская мова. Але і тут ідзе пагаршэньне, менш гадзінаў стала ў школе. Праўда, цяпер улады схамянуліся пасьля пэўных падзей і абяцалі павялічыць колькасьць урокаў. На жаль, зараз такая сытуацыя, калі дзіця мае 9 ці 8 па гісторыі, але ня можа назваць некалькі самых значных дат, якія ўсе ведаюць. Фактычна ў ліцэі даводзіцца амаль з нуля па большасьці прадметаў вучыць дзяцей”.

“А як будзе арганізаваны навучальны працэс, дзе ліцэісты будуць вучыцца?”


“У асноўным так, як і ў іншыя гады. Пакуль ніякіх варыянтаў у нас няма. Асноўная доля вучобы - прыкладна 80% - вядзецца ў Беларусі. Але пры аказіях, пры магчымасьцях ліцэй праводзіць і выязныя сэсіі: у Польшчы, Літве. Так будзе, спадзяюся, і сёлета”.

“Ці адрозьніваюцца вашы навучальныя праграмы ад праграм звычайных школ, гімназій?”

“Мы ў асноўным захавалі кампанэнты праграм, якія ў нас з 2003 году былі. Яны былі, дарэчы, зацьверджаныя і Міністэрствам адукацыі. Гэтыя праграмы па гуманітарных дысцыплінах “паглынаюць” школьную праграму, яны шырэйшыя і даюць магчымасьць больш глыбока, больш сыстэмна засвойваць веды. Канечне, пэўныя карэктывы ўносяцца, бо час ідзе”.

“Колькі сёлета было выпускнікоў, ці здавалі яны тэсты? І наагул, як іх лёс склаўся?”


“Невялікі сёлета быў выпуск, 14 чалавек. Палова здавала тэсты. Тыя, хто скончыў поўны курс ліцэя, набралі дастатковую колькасьць балаў, каб трапіць на бясплатнае бюджэтнае навучаньне ў беларускія ВНУ. Некаторыя зь іх, пасьля таго як адкрыліся магчымасьці атрыманьня замежных стыпэндыяў, адмовіліся і зьбіраюцца ехаць вучыцца за мяжой. У нас традыцыйна склалася так: палова на палову. Палова выпускнікоў ліцэя едзе за мяжу, палова вучыцца ў Беларусі”.