Гомельскі маладафронтавец Андрусь Цянюта застаецца пад надзвычай пільнай апекай гарадзкога ваенкамату. Сёньня ўранку ваенкамат выклікаў яго на апошнюю мэдкамісію перад прызывам у войска, а пасьля абеду ён мусіць зьявіцца ў суд Савецкага раёну.
Адміністрацыйны пратакол аб правапарушэньні склаў на Цянюту 10 жніўня намесьнік начальніка аддзяленьня прызыву гарадзкога ваенкамата маёр Сяргей Самафалаў. Як пазначана ў пратаколе, за “няяўку 24 ліпеня без паважнай прычыны на мерапрыемствы прызыву на вайсковую службу паводле позвы ваеннага камісарыяту”. Апрача таго, ваенкамат сваім рашэньнем абмежаваў выезд актывіста за межы Беларусі.
“На мэдкамісію зранку я пайсьці не змагу, — кажа спадар Цянюта, — бо знаходжуся зараз на дзённым стацыянары ў шпіталі хуткай мэдычнай дапамогі. 14 жніўня ваенкамат мяне абавязаў прайсьці да сёньняшняга дня шэраг даследаваньняў. Лекары выявілі праблемы з хрыбетнікам, таму зараз я й знаходжуся ў шпіталі на дзённым стацыянары. У суд змагу прыехаць, калі да 15-й гадзіны вызвалюся са шпіталю”.
Андрусь Цянюта меў права на адтэрміноўку ад войска. Пасьля заканчэньня тэхнікуму ён стаў вучыцца завочна ў Бранскай сельгасакадэміі. Увесну яго перавялі на 3 курс. Аднак нядаўна ён атрымаў з акадэміі дзіўны загад на адлічэньне. Пад загадам няма подпісаў ні рэктара, ні дэкана. Падпісала яго загадчыца канцылярыі спадарыня Салдаценка. Няма на загадзе й гербавай пячаткі навучальнай установы.
Гэты “дакумэнт” і стаў для ваенкамата падставай, каб прызваць актывіста на вайсковую службу. Вайскоўцы ня сталі чакаць, пакуль Андрусь разьбярэцца ў акадэміі й расейскім Міністэрстве адукацыі, адлічаны ён ці не.