Чацьверты год запар па праграме Каліноўскага, якую падтрымлівае польскі ўрад, паехалі вучыцца ў польскія ВНУ беларускія студэнты, адлічаныя зь беларускіх ВНУ паводле палітычных прычынаў, а таксама дзеці апазыцыйных актывістаў.
Сёлета ў Польшчу паехалі 43 студэнты. Гэта значна меней, чым раней, адзначае Людміла Гразнова, праваабаронца, сябра Камітэту абароны рэпрэсаваных “Салідарнасьць”:
“Крызіс па ўсім сьвеце, ударыў ён і па Польшчы… Таму Польшча прапанавала менш месцаў для нашых палітычных актывістаў і дзяцей палітычных актывістаў. Мяркую, меней напалову. Я спадзяюся, у наступным годзе сытуацыя выправіцца”.
На думку Эніры Браніцкай, намесьніцы старшыні Камітэту, прычыны зьмяншэньня колькасьці беларусаў, якія паехалі вучыцца па праграме Каліноўскага, у іншым:
“Менш рэпрэсій — менш людзей, якія зазнаюць рэпрэсіі. На маю думку, гэта аб’ектыўны момант проста”.
Пакуль што моладзь будзе адаптавацца да новых абставін вучобы, вывучаць польскую мову, кажа Эніра Браніцкая:
“Зараз яны паехалі на падрыхтоўчыя курсы па польскай мове, цягам месяца будуць займацца, пасьля чаго будуць здаваць тэсты па мове”.
Хто ў якой польскай ВНУ будзе вучыцца, пакуль яшчэ невядома. Але прыярытэты, якія выказваліся “каліноўцамі” на першай гутарцы ў Менску, будуць улічаныя, кажа спн. Браніцкая:
“Насамрэч, ВНУ будуць па ўсёй Польшчы, таму што гэта не абмежавана неяк. Гэта вырашае польскі бок, але іх не абмяжоўваюць у выбары спэцыяльнасьцяў. Ужо на момант праходжаньня першага сумоўя яны выказвалі сваё жаданьне, на якой спэцыяльнасьці яны хацелі б навучацца, і напрыканцы моўных курсаў да гэтай тэмы будуць вяртацца і вызначацца канчаткова, выбіраць ВНУ, якія маюць факультэты з абмеркаванымі спэцыяльнасьцямі”.
Сёлета адбыўся першы выпуск каліноўцаў — 8 удзельнікаў праграмы імя Каліноўскага атрымалі дыплёмы польскіх ВНУ. Гэта адбылося ў ліпені, яшчэ некаторыя стануць выпускнікамі ўвосень, распавядае Эніра Браніцкая:
“Некаторыя шукаюць магчымасьцяў стажыравацца ў польскіх інстытутах, некаторыя вярнуліся і шукаюць працу на Беларусі”.
У камітэце “Салідарнасьць” мяркуюць наладзіць для першых выпускнікоў праграмы Каліноўскага ўрачыстую сустрэчу.