Магілёўскі выкладчык змагаецца, каб ня стаць бамжом

Міхась Булавацкі справа

Старшыню магілёўскай суполкі ПЭН-цэнтру, былога выкладчыка ўнівэрсытэту імя Куляшова Міхася Булавацкага пазбаўляюць жытла ў студэнцкім інтэрнаце.
Спадар Булавацкі кажа, што выселіць яго зьбіраліся даўно, аднак законных шляхоў не знаходзілі. Прычынай такога стаўленьня адміністрацыі ўнівэрсытэту, як лічыць ён, зьяўляецца ягоная актыўная грамадзкая й прафэсійная дзейнасьць. Акрамя ПЭН-цэнтру, ён кіруе яшчэ незарэгістраванай суполкай Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады. Некалі ўваходзіў у мясцовае кіраўніцтва БНФ “Адраджэньне”. Тры гады выкладаў у беларускім унівэрсытэце імя Якуба Коласа. Працуючы ва ўнівэрсытэце, спадар Булавацкі актыўна крытыкаваў рэктарат за стыль падбору кадраў:

“Паводле жыльлёвага кодэксу, калі чалавек адпрацаваў у нейкай установе больш за дзесяць гадоў і жыў гэты час у інтэрнаце, то ён зь яго ня можа быць ужо выселены. Акрамя таго, ня можа быць выселены, калі ён на пэнсіі. Гэтыя пазыцыі мяне бароняць. Выселіць мяне хочуць таму, што я не працую ва ўнівэрсытэце. Цяпер яны на падставе рамонту інтэрнату перасяляюць мяне ў іншы інтэрнат на год, а потым скажуць: ты ў ім дзесяці гадоў ня жыў, і выкінуць зь яго”, — кажа Міхась Булавацкі.

Інтэрнат будуць рамантаваць чатыры гады.

У інтэрнаце, куды зьбіраліся перасяліць Булавацкага, пацьвердзілі, што канфлікт зь ім існуе.

“Справа ў тым, што ён у нас гадоў дзесяць не працуе. Ён пэнсіянэр. Мы яму казалі, што ты неяк вызначайся, ты ўжо ня наш супрацоўнік, а пакоі мы выдзяляем у выключных выпадках, каб перакантавацца. Мы прапанавалі яму заключыць дамову на адзін год. А ён адмовіўся. Сказаў, што праўда на ягоным баку. Ня ведаю, ці дойдзе гэтая справа да суду. Канечне, мы ня выйграем яго, аднак гэта непрыемна й для яго, і для нас”.

Тры дзясяткі гадоў таму Міхася Булавацкага запрасілі працаваць выкладчыкам у Магілёў. Замест кватэры прапанавалі пакой у інтэрнаце. За крытыку начальства яго звольнілі, але праз суд ён аднавіўся на працы. Канфлікт судом, аднак, ня быў вырашаны, і спадар Булавацкі звольніўся сам, пасьля амаль дзевятнаццаці гадоў выкладаньня ў Магілёве. Цяпер жыве з рэпэтытарства