Магілёўскі аблвыканкам возьмецца за адраджэньне беларускай мовы ў рэгіёне. Так распарадзіўся яго кіраўнік Пётар Руднік. Паводле афіцыйнай інфармацыі, ужо створаная адмысловая камісія, якая павінна распрацаваць праграму паэтапнага вяртаньня мовы ў публічнае жыцьцё.
Улады адной з самых зрусыфікаваных беларускіх абласьцей — Магілёўскай — нечакана вырашылі распрацаваць праграму вяртаньня ў грамадзкі ўжытак беларускай мовы. Хаця ва ўправе ідэалягічнай працы аблвыканкаму пакуль устрымліваюцца ад таго, каб паведамляць канкрэтыку. Кіраўнік управы Валер Ільянкоў па-расейску паведаміў:
“Усе гэтыя мерапрыемстве ў прапрацоўцы. Будзем разьмерана, не сьпяшаючыся, усё гэта рабіць. Будзем старацца на ўзроўні вобласьці свой унёсак зрабіць. На жаль, у нас бальшыня нашых дзяржаўных газэт выходзяць на расейскай мове. Вось з гэтага будзем пачынаць. У нас ёсьць газэта, напрыклад, у Асіповічах, дзе больш за палову матэрыялаў падаецца па-беларуску. А ўсе астатнія цалкам на расейскую мову перайшлі. Будзем прывучаць людзей пісаць на беларускай мове”.
Паводле старшыні магілёўскай суполкі Таварыства беларускай мовы Алега Дзячкова, чыноўнікі праз тэлефон зьвярталіся да іх па парады:
“Нічога новага яны ад нас не пачулі. Гэта стварэньне беларускамоўных клясаў і папулярызацыя беларускамоўнай адукацыі. Гэта творчыя сустрэчы й вечарыны зь пісьменьнікамі й вядомымі грамадзкімі дзеячамі. Гэта экскурсіі й вандроўкі. Гэта стварэньне вонкавага беларускамоўнага асяродзьдзя — тыя ж шыльды, рэкляма”.
Грамадзкі актывіст цьвердзіць, што найперш варта было б чыноўнікам больш увагі аддаваць беларускамоўнай адукацыі. А ці шмат на Магілёўшчыне беларускамоўных школ? З такім пытаньнем я зьвярнуўся ў абласную ўправу адукацыі:
“Беларускамоўныя школы ўсе ў сельскай мясцовасьці, але ёсьць і ў райцэнтрах. У Бабруйску й у Магілёве няма беларускамоўных школаў. У мінулым навучальным годзе было па вобласьці школаў у нас 455, зь іх расейскамоўных — 206”,— паведаміў па-беларуску прэсавы сакратар управы Фарыд Бэрашэд.
Паводле афіцыйнай інфармацыі, сёлета будзе закрыта трынаццаць вясковых беларускамоўных школ у Магілёўскім, Бялыніцкім, Клімавіцкім, Бабруйскім і Асіповіцкім раёнах. Яны малакамплектныя, па тры-чатыры вучні. Акрамя таго, іх будынкі ў заняпадзе.
Актывіст ТБМ Алег Дзячкоў кажа, што чыноўнікам варта не прывучаць людзей да беларускай мовы, а самім пераходзіць на яе:
“Беларусы — яны гамоняць на мове начальства. Калі чынавенства будзе размаўляць, то гэта будзе выглядаць як па-панску, сучасна, мадэрнова. Тады й беларусы ня будуць цурацца мовы”.
Паведамленьні пра праграму адраджэньня беларускай мовы ў вобласьці зьявілася неўзабаве пасьля візыту Пятра Рудніка ў Маскву. Там ён удзельнічаў у днях Магілёўшчыны. У сваёй прамове ён запрасіў жыхароў Масквы на Магілёўшчыну па-беларуску:
“І, як у нас гавораць на Беларусі: “Сардэчна запрашаем. І калі ласка”.