Талачынскі раён, які сёньня наведвае А.Лукашэнка, адстае ад іншых рэгіёнаў Віцебшчыны амаль па ўсіх паказьніках сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця. Аднак раённая адміністрацыя спадзяецца выгадна паказаць посьпехі ў сельскай гаспадарцы.
Дзеля таго каб вызваліць месца для пасадкі прэзыдэнцкага верталёту, начальства загадала спыніць выпас кароў і загнаць іх дахаты — так кажуць мясцовыя жыхары.
А.Лукашэнка зьбіраецца аналізаваць ня столькі становішча ў жывёлагадоўлі, колькі пэрспэктывы разьвіцьця расьлінаводзтва і перапрацоўкі. У прыватнасьці, працу кансэрвавага заводу, які працуе на мясцовай сыравіне.
На сёньняшні дзень у крамах вобласьці можна знайсьці адзіны прадукт, які вырабляе гэтае прадпрыемства — таннае віно, якое талачынцы называюць “барматухай”. Напой каштуе каля трох тысячаў за паўлітра і мае фантастычныя назвы: “Дваранскае”, “Застольнае”, “Сьвітанак” ды “Асалода”.
Кажуць, што прадпрыемства спадзяецца атрымаць ад А.Лукашэнкі сродкі на новае сховішча для гародніны ды садавіны.
Паводле афіцыйных зьвестак, падчас сустрэчаў з кіраўніком краіны гаворка пойдзе пра праблемы гаспадараньня ў “зоне рызыкоўнага земляробства”, да якой адносяць Віцебшчыну. Чакаецца таксама, што будуць абмеркаваныя пытаньні наконт стварэньня ў краіне вытворчых асацыяцыяў, куды ўвойдуць прадпрыемствы, якія займаюцца вырабам разнастайных кансэрваў — дзіцячага харчаваньня, сокаў, паўфабрыкатаў.