Сёньня ў Беларусі пачала працу чарговая місія Міжнароднага валютнага фонду.
Сёньня ў Беларусі пачала працу чарговая місія Міжнароднага валютнага фонду. За час візыту, які мае скончыцца 2 верасьня, экспэрты МВФ мяркуюць сустрэцца з прадстаўнікамі ўраду, Нацыянальнага банку, прэзыдэнцкай адміністрацыі, міністэрстваў фінансаў і эканомікі, а таксама зь незалежнымі эканамістамі. Цягам гэтага часу будзе наладжаны маніторынг разьвіцьця нацыянальнай эканомікі, каб вырашыць пытаньне аб пераводзе ў Беларусь чарговага крэдытнага траншу.
Экспэрты Міжнароднага валютнага фонду на чале з кіраўніком місіі па Беларусі Крыстафэрам Джарвісам цягам двух тыдняў высьветляць: ці сасьпела беларуская эканоміка для атрыманьня чарговай пазыкі ад гэтай фінансавай арганізацыі? Гаворыць кіраўніца прадстаўніцтва МВФ у Беларусі Натальля Калядзіна:
“Місія будзе займацца як перамовамі адносна другога агляду па праграме stand-by паміж Беларусьсю і фондам, так і міжнароднымі кансультацыямі ў пытаньнях эканамічнага разьвіцьця за мінулы год і на будучы, 2010-ы, а таксама на сярэднетэрміновую пэрспэктыву. У зьвязку з гэтым магчымыя сустрэчы ў тым ліку і па-за ўрадам, у прыватнасьці, зь беларускімі эканамістамі. Дзеля таго каб паўдзельнічаць у гэтых кансультацыях, у Менск прыяжджае Марэк Бэлька, кіраўнік эўрапейскага дэпартамэнту МВФ. Ён будзе ў Менску 24—26 жніўня. Місія, як звычайна, заплянаваная на два тыдні, але задача фактычна падвойваецца. Таму што трэба правесьці кансультацыі за мінулы год і на будучае, і плюс перамовы па другім аглядзе па праграме”.
На пачатку году кіраўніцтва МВФ ухваліла праграму stand-by для Беларусі ў аб’ёме блізу 2,5 мільярдаў даляраў пад правядзеньне эканамічных рэформаў. Праграма разьлічаная на 15 месяцаў — да красавіка 2010-га. Першая транша памерам 800 мільёнаў даляраў атрыманая ў студзені. Другая частка — блізу 680 мільёнаў даляраў — паступіла на пачатку ліпеня. Астатнія сродкі пералічваюцца пасьля штоквартальных справаздачаў беларускага ўраду. Паралельна Рада дырэктараў МВФ ухваліла павелічэньне аб’ёму крэдытнай праграмы для Беларусі на 1 мільярд даляраў, давёўшы яе агулам да 3,5 мільярда даляраў (да канца году чакаецца паступленьне 1,35 мільярда).
Фінансавы аналітык Сяргей Чалы лічыць, што стабілізацыйныя крэдыты МВФ, адрозна ад палітычна матываваных расейскіх крэдытаў, нашмат больш бясьпечныя і прадказальныя — за выдаткаваныя сродкі ніхто не прымусіць адпрацоўваць на іншых геапалітычных напрамках. А ў цяперашніх умовах, паводле экспэрта, крэдыты МВФ яшчэ і даступныя:
“Эмвээфаўскія крэдыты вельмі танныя. Гэта зьвязана з тым, што яны выдзяляюцца ў спэцыяльных правах запазычваньня, і працэнтныя стаўкі вызначаюцца па рынкавых стаўках трох асноўных валют, якія туды ўваходзяць. А яны зараз на рынку вельмі нізкія ў сілу таго, што адбылося ссоўваньне ад рызыкоўных актываў у безрызыкоўныя, то бок у паперы зь фіксаванай даходнасьцю. Крэдыты расейскія — канечне, яны палітычна матываваныя, з адтэрміноўкай, але крэдытныя стаўкі па крэдытах МФВ проста гуманныя — дзесьці блізу 1% з капейкамі гадавых атрымаецца. І яны заўсёды ў рэальным часе вылічваюць, якая будзе працэнтная стаўка. Адзінае, што можа ісьці надбаўка за перавышэньне квоты — то бок калі даюць больш, чым краіна фармальна можа атрымаць. Тады гэты крэдыт каштуе даражэй. Але ў прынцыпе яны вельмі танныя — менавіта зараз і ў гэтых умовах”.
Старшыня Нацыянальнага банку Пётар Пракаповіч нядаўна заявіў: няма ніякіх падставаў сумнявацца, што выдаткаваная на паперы сума не ператворыцца ў рэальныя грошы. Паводле Пракаповіча, калі ўвесну яшчэ былі пытаньні што да паказьнікаў чыстых міжнародных рэзэрваў, то на 1 ліпеня Беларусь выканала ўсе ўмовы МВФ. Апроч таго, вядзецца далейшая праца, каб канчаткова адпавядаць нормам праграмы stand-by да 1 кастрычніка 2009 г.
Між тым колішні дырэктар Беларускай фондавай біржы, эканаміст Валерый Кругавы перакананы, што ніякія крэдыты не ўратуюць Беларусь. На яго думку, плянава-савецкая па сутнасьці эканоміка краіны праглыне гэтыя грошы, не атрымаўшы ніякай карысьці для агульнага аздараўленьня:
“Беларусі ад гэтага толку ніякага. Ёсьць такое выказваньне — што мёртваму прыпарка. Дык вось, Беларусі што дадуць крэдыт, што не дадуць — ня мае ніякага значэньня. І справа нават ня ў тым, як яны ў выніку яго пракруцяць. Разумееце, калі ў чалавека хранічныя хваробы, асьпірын яму дапаможа? Наўрад ці. Калі ў вас тэмпэратура і вы прынялі асьпірын, то яна крыху зьнізілася. Але калі пасьля гэтага вы ня прымеце антыбіётыкі, ня зробіце апэрацыю, толку ня будзе ніякага. Тое ж і ў выпадку зь Беларусьсю. Не ўратуюць яе крэдыты МВФ, бо ёй патрэбныя апэрацыі. Дый практыка МВФ сьведчыць: няма прыкладу, каб крэдыт уратаваў тую ці іншую эканоміку. Не ўратаваў ён Расею, якая брала адтуль вялізныя рэсурсы, а ўсё скончылася дэфолтам. Ня выратаваў ён у свой час ні Аргентыну, ні Мэксыку”.
Нагадаем, што Беларусь зьвярнулася па крэдыт да Міжнароднага валютнага фонду ў кастрычніку 2008 году з фармулёўкай “дзеля падвышэньня дзяржаўных золатавалютных рэзэрваў і стварэньня “падушкі бясьпекі”, неабходнай для стабільнай працы эканомікі ва ўмовах усясьветнага фінансавага крызісу”.