Крызіс: заробкі беларусаў вырасьлі

Нацыянальны статыстычны камітэт Беларусі паведаміў, што намінальны сярэдні заробак у першым паўгодзьдзі сёлета ўзрос параўнальна з тым жа пэрыядам летась на 17%. Ён дасягнуў сёлета 957,2 тысячы рублёў.
Кандыдат эканамічных навук Леанід Злотнікаў адразу зьвярнуў увагу на слова “намінальны”. Яго абсалютная бальшыня людзей аўтаматычна прапускае міма вачэй і вушэй, адзначае эканаміст. А паміж намінальным і рэальным заробкамі існуе вялікая розьніца, тлумачыць Леанід Злотнікаў:

Леанід Злотнікаў
“Намінальны?! Намінальная лічба ні аб чым і не гаворыць. Трэба разглядаць рэальны заробак. А каб яго атрымаць, трэба да намінальнага зрабіць папраўку на індэкс інфляцыі. Калі цэны растуць хутчэй за намінальны заробак, то рэальны заробак падае. А калі цэны растуць ня так хутка, то і рэальны заробак расьце. У нашай краіне інфляцыя за першае паўгодзьдзе сёлета склала 14,5%. І таму, калі з 17% вылічыць 14,5%, то атрымліваецца, што рэальны заробак узрос толькі дзесьці ў межах 2%. І то гэта будзе ліпа таксама. Адкуль яны бяруць гэтыя лічбы? Мне самому цікава стала, калі я глядзеў на іх”.

Былы міністар працы і сацыяльнай абароны Аляксандар Сасноў з уласнага досьведу кажа: “надзіманыя” лічбы ідуць у статыстычны камітэт непасрэдна зь дзяржаўных прадпрыемстваў:

Аляксандар Сасноў
“У Нацкамстаце, мабыць, лічаць дакладна. Але да той інфармацыі, якая паступае туды, у мяне даверу ня вельмі шмат. У саўковай эканоміцы такое было заўсёды. І заўсёды будзе. Каб выглядаць лепей, патрэбна паказваць тое, чаго насамрэч няма. Вось у гэтым уся і справа”.

Карэспандэнт: “А калі зловяць?”

“Усіх ня зловяць. Рызыкуюць, зразумела. Гэта як у карты гуляць. Усе ведаюць, што кожны ня можа перамагчы, але ж гуляюць”.

Аляксандар Сасноў у сваім камэнтары таксама зьвяртае ўвагу на значны рост інфляцыі ў Беларусі. Гэтая тэндэнцыя асабліва непакоіць жыхароў краіны. Так, у прыватнасьці, сьведчаць дадзеныя апытаньня, якое правялі на тэрыторыі былога СССР навукоўцы з Усерасейскага цэнтру вывучэньня грамадзкай думкі (ВЦИОМ). Яны зафіксавалі, што высокую інфляцыю ўважае за галоўную пагрозу амаль палова апытаных у Беларусі.