Жыцьцё і сьмерць мітаў: Беларускі Народны Фронт

Удзельнічае філёзаф Валянцін Акудовіч. Эфір 13 жніўня 2009 году.
Беларускі народны фронт “Адраджэньне” узьнік на хвалі антыкамуністычнага супраціву і нацыянальнага ўздыму. Устаноўчы зьезд БНФ адбыўся ў чэрвені 1989 году ў Вільні. На пасаду старшыні БНФ быў абраны Зянон Пазьняк. БНФ быў першай і самай масавай дэмакратычнай арганізацыяй у Беларусі. У 1993 годзе была заснаваная партыя БНФ. У 1996 годзе старшыня БНФ Зянон Пазьняк быў вымушаны зьехаць за мяжу. У 1999 годзе адбываецца раскол БНФ на дзьве партыі. Сёньня партыю БНФ узначальвае Лявон Баршчэўскі, а Канасэрватыўна-хрысьціянскую партыю БНФ — Зянон Пазьняк. У 1990-х гадах Народны фронт выводзіў на вулічныя акцыі працэсту дзесяткі тысяч чалавек, сёньня — толькі сотні.

І тым ня меней у сьвядомасьці многіх людзей краіны Беларускі народны фронт быў і застаецца сьвятам свабоды і вызваленьня нацыянальнага духу.

Валянцін Акудовіч
Вячаслаў Ракіцкі


Вячаслаў Ракіцкі: Чаму вы назвалі БНФ сьвятам, а не масавым супрацівам камуністычнай сыстэме і нацыянальным Адраджэньнем? Чаму робіце акцэнт на эмоцыі, мэтафары, а не на рэаліі?

Валянцін Акудовіч: Мяркую, што не для мяне аднаго, а для дзесяткаў, сотняў тысячаў беларусаў зьяўленьне БНФ найперш было Сьвятам! Неверагодным паводле сваіх маштабаў ды глыбіні. Бо гэта было сьвята не аднаго нейкага помнага дня, а сьвята цэлай эпохі падсьвядомага чаканьня волі і нацыянальнай прасьветленасьці. Эмацыйнай вастрыні яму надавала яго нечаканасьць і, калі заўгодна, нязнанасьць. Для шараговых беларусаў праз БНФ раптам пачала адкрывацца іншая, раней зусім невядомая ім Беларусь.
У сваім вымеры зьяўленьне БНФ было падзеяй, роўнавялікай адкрыцьцю Амэрыкі.
У сваім вымеры зьяўленьне БНФ было падзеяй, роўнавялікай адкрыцьцю Амэрыкі. Зьнянацку наперадзе ўбачылася “Новая Зямля”, і ўся Беларусь загула, як раскатурханая бортня.

Ракіцкі: Але ж ня ўсе ўзрадаваліся навіне…

Акудовіч: Натуральна. Тут быў увесь магчымы спэктар эмоцыяў: ад панічнага страху да шалёнага аптымізму. Не было толькі аднаго — такой звыклай беларусам панылай абыякавасьці. Беларусы тады ў адначасьсе зрабіліся жывымі, надзвычай жывымі людзьмі. І калі мы забудземся на тую неверагодную ўсхваляванасьць, на тую глыбіню перажываньня кожным свайго жыцьця як падзеі, дык ніколі не зразумеем, з чаго гэта палітычны рух, хай сабе і масавы, літаральна за некалькі гадоў стаўся мітам.

Ракіцкі: З вашых словаў вынікае, што ўжо на пачатку 1990-х гадоў БНФ цалкам сфармаваўся як міт?

Акудовіч: Менавіта так. Якраз тады полымя з вогнішча, раскладзенага БНФ, шуганула да зораў… Разумееце, міт для свайго нараджэньня зусім не патрабуе шмат часу. Колькі там хвілінаў стаяў пад шыбеніцай Кастусь Каліноўскі?! Аднак менавіта гэтыя кароткія хвіліны, а ня чынны ўдзел у паўстаньні, сталіся падставай для міту. У доказ тэзы пра амаль вокамгненнае паўставаньне міту БНФ я мог бы прывесьці мноства прыкладаў, але згадаю толькі адзін і фармальна нават ніякаваты. Недзе пад сярэдзіну дзевяностых мы колам сяброў плылі на байдарках у самых што ні на ёсьць нетрах Беларусі. Як звычайна, на носе нашага чоўна быў прымацаваны бел-чырвона-белы сьцяжок. Неяк, каля адной з глухіх вёсачак, да нас падбеглі два мурзатых хлопчыкі. І адзін запытаўся ў другога: “Што гэта за сьцяжок?” А той без ваганьняў адказаў: “Бэнээфаўскі”… Дык вось, міт — гэта калі ў глухой лясной вёсачцы мурзаты хлопчык ведае пра тое, аб чым яму не казала настаўніца і пра што ён ня мог прачытаць у сваіх кніжках.

Ракіцкі: Але, каб нешта вырасла, глеба павінна была быць узаранай… На якой глебе ў БССР ствараўся БНФ?

Акудовіч: Згадаем хаця б некалькі канцэптуальных момантаў, якія падрыхтавалі магчымасьць узьнікненьня ў Беларусі шырокага нацыянал-дэмакратычнага руху. Першы — гэта так званая “галоснасьць”, аб’яўленая Міхаілам Гарбачовым, зь якой усе адукаваныя людзі кінуліся чытаць раней забароненую літаратуру. Другі, часткова спароджаны першым, — распад камуністычнай імпэрыі. Трэці — народныя франты прыбалтаў, па мадэлі якіх і ствараўся “Беларускі народны фронт”. Цяпер прыбалтаў рэдка ўзгадваюць, але ўплыў на беларускае грамадзтва палітычных працэсаў, што разгортваліся ў гэтых краінах, быў на тую пару для беларусаў надзвычай істотным. Усё яшчэ добра памятаецца, як пасьля знакамітага разгону “нефармалаў” (так тады называлі будучых “бэнээфаўцаў”) каля Ўсходніх могілак у 1988 годзе, калёна маніфэстантаў пачала апантана выкрыкваць: “Народны фронт”, “Народны фронт”, “Народны фронт”… Неўзабаве ён і будзе створаны.

Ракіцкі: Але ж людзі ня самі выдумалі Народны фронт. Міт БНФ ня сам сабою ствараўся, нехта павінен быў раскласьці тое вогнішча, полымя якога, як вы патасна сказалі, “шуганула да зораў” у тых жа выкрыках ля могілак і ў Курапатах. Нехта і затым павінен быў падтрымліваць агонь у гэтым вогнішчы.

Акудовіч: Вельмі хутка пачнуць станавіцца шырокавядомымі і загалоўныя фігуранты гэтай падзеі: Хадыка, Вячорка, Баршчэўскі ды цэлая сьціжма іншых яркіх герояў, якіх карціць пералічваць і пералічваць, але мы ж з вамі не справаздачу рыхтуем. Я тут лепей зьвярну ўвагу на тагачасных шараговых валянтэраў свабоды, да якіх, Вячаслаў, здаецца, мы таксама можам залічыць і сябе. Згадайма, колькі тады на мітынгах ды шэсьцях нам сустракалася пісьменьнікаў, мастакоў, музыкаў, інтэлектуалаў — здаецца, уся творчая эліта была там. Зрэшты, там і тады,
Пад харугвамі БНФ, кожны быў і творцам, і элітай, бо сваім удзелам у тых падзеях пераствараў і сябе, і краіну.
пад харугвамі БНФ, кожны быў і творцам, і элітай, бо сваім удзелам у тых падзеях пераствараў і сябе, і краіну. Дарэчы, сярод гэтага мноства лічы не было проста статыстаў. Паколькі нават той, хто прыходзіў паглядзець на гэткае дзіва здаля, быў напяты трывогай і надзеяй. Ад шалёнай энэргетыкі безьлічы гэтак напятых прагай свабоды людзей натоўп аж захлынаўся і, напэўна, не аднаго заўзятара волі тут хапіў бы паралюш, каб не ратаўнічы вокліч “Жыве Беларусь”, што вызваляў ад гэтага шалу…

Ракіцкі: Валянцін, а ці не здаецца вам, што захапіўшыся ўласнымі ўспамінамі, мы забыліся на аднаго героя, без якога нашая гаворка пра БНФ выглядае, далікатна кажучы, дзіўнавата. Зрэшты, разам з абрэвіятурай БНФ імя Зянона Пазьняка таксама ледзь не імгненна стала мітам.

Акудовіч: На гэтага героя, каб і хацеў, дык не забудзесься. Я сьвядома пакуль унікаў згадкай Зянона Пазьняка, каб асобна запыніцца на ягоным месцы ў гэтай гісторыі. Бо наўрад ці хоць хто стане спрачацца, што ў падзеі БНФ роля Зянона Пазьняка вызначальная. Зразумела, што нацыянальна-дэмакратычны рух у краіне паўстаў бы і без Пазьняка, бо так было паўсюль. Больш за тое, і Беларускі народны фронт, бадай, таксама быў бы створаны, паколькі на нашую палітычную рэальнасьць тады вельмі моцна ўплывалі, як ужо казалася, прыбалты зь іх народнымі франтамі. Але вось чаго б у нас не было без Зянона Пазьняка, дык гэта міту БНФ. І гэта напэўна. Між іншым, хапала яркіх лідэраў і ў прыбалтаў, хапала іх і ў украінцаў, толькі ні прыбалтыйскія народныя франты, ні ўкраінскі “Рух” так і не прыдбалі сабе статус міту. Зразумела, справа тут ня толькі ў тым, што яны ня мелі такой маштабнай і харызматычнай фігуры, як Зянон Пазьняк, але і ў гэтым таксама. І
У падзеі БНФ роля Зянона Пазьняка вызначальная.
накш кажучы, БНФ без Пазьняка вельмі хутка распаўся б на асобныя палітычныя сэгмэнты, спарадзіўшы шэраг партый, як тое і сталася ў нашых суседзяў.

Ракіцкі: Пачакайце, у нас жа таксама побач з БНФ пачалі зьяўляцца самыя розныя партыі, ды і БНФ унутры руху стварыў сваю партыю.

Акудовіч: Тым самым юрыдычна прыдбаўшы сабе статус палітычнага суб’екту Але як палітычная фігура, і дзякуючы менавіта Зянону Пазьяку, БНФ працягваў дамінаваць на ўсім палітычным полі Беларусі, пакуль да ўлады не дапяў Аляксанда Лукашэнка. Дарэчы, якраз ён і ўвідавочніў перад усімі палітычнымі акторамі, што ствараць змагарныя міт — гэта адно, а прыбіраць да рук і трымаць у сваіх руках рэальную ўладу — зусім іншае.

Ракіцкі: Разумею, што тут я ўжо запабягаю ў дыскурс умоўнага ладу, але як на вашую думку, ці мог тады на выбарах першага прэзыдэнта перамагчы не Лукашэнка, а Пазьняк, які акрамя адметнай харызмы меў яшчэ і такі магутны палітычны рэсурс, як БНФ?

Акудовіч: У разгорнутым артыкуле з нагоды пятнаццатых угодкаў кіраваньня Лукашэнкі, даўні паплечнік Зянона Пазьняка шаноўны Сяргей Навумчык пісаў пра перамогу Лукашэнкі як пра “скрадзеную” ў Пазьняка. Праўда, пры канцы тэксту аўтар, падсумоўваючы ўсё, што зашкодзіла Пазьняку разам з БНФам перамагчы, незаўважна для сябе сам заканстатуяваў немагчымасьць гэтай перамогі. У ягоны суплёт перашкодаў я дадам яшчэ адну, якую БНФ стварыў сабе сам. На пачатку свайго станаўленьня БНФ аб’яднаў пад сваімі сьцягамі ўсіх, хто прагнуў свабоды і пераменаў.
Неўпрыкмет рух пачаў ператварацца ў палітычную сілу толькі нацыянальна заангажаваных.
Але неўпрыкмет рух пачаў ператварацца ў палітычную сілу толькі нацыянальна заангажаваных. Нядаўна, чытаючы кнігу “Акцэнты свабоды” вашага калегі, Вячаслаў, я быў неверагодна ўражаны, што яе аўтар Юры Дракахруст у 1990-1991 гадах быў сакратаром управы БНФ. Лібэрал, незаангажваны ў нацыянальнае дэмакрат і да таго ж, здаецца, тады яшчэ нават не беларускацэнтрычны Дракахруст ня проста сябра, а ў кіроўным хаўрусе гэтага магутнага на тую пару зьявішча! Літаральна празь некалькі гадоў такое і ўявіць сабе ўжо было немагчыма. Усе, хто не тоесьніўся з жорстка дэтэрмінаванай нацыянальнай ідэалягемай ці самахоць пакінулі БНФ, ці былі змушаныя сыйсьці прочкі. Таму перад выбарамі ў Зянона Пазьняка застаўся толькі нацыянальна заангажаваны электарат. А яго было залішне мала для перамогі.

Ракіцкі: З таго часу, як да ўлады прыйшоў Аляксандр Лукашэнка, прамінула ўжо пятнаццаць гадоў. Усе гэтыя гады існуе і БНФ. Але ці не здаецца вам, што БНФ як міт і БНФ як палітычная партыя ўжо амаль не атесамляюцца?

Акудовіч: Вашая праўда. Сёньняшні БНФ і той, што калісьці ўзножыў усю краіну, калі і маюць нешта агульнае, дык толькі абрэвіятуру. І вось як яно цікава бывае, у рэальнай палітыцы па сёньня застаюцца амаль усе тагачасныя лідэры БНФ: і Пазьняк, і Баршчэўскі, і Вячорка, а БНФ (у абодвух сваіх партыйных вэрсіях) нават сярод іншых партыяў не выглядае лідэрам, ня кажучы ўжо пра тое, каб уплываць на лёс краіны. Да таго ж, як мне здаецца, міт пра рух БНФ сваім фэерычным мінулым нават замінае цяперашнім партыям БНФ у іх дзейнасьці, не дазваляючы разьняволіцца напоўніцу адпаведна палітычнай сытуацыі. А зь іншага боку, ня лішне выразны стан сёньняшніх абодвух БНФ засланяе былую зіхату некалі такога яркага міту.
Сёньняшні БНФ і той, што калісьці ўзножыў усю краіну, калі і маюць нешта агульнае, дык толькі абрэвіятуру.
Маладому чалавеку, які ведае толькі гэтыя БНФ, ужо цяжка даць веры, што калісьці адно пачуўшы абрэвіятуру БНФ тысячы камуністычных чыноўнікаў па ўсёй Беларусі хапаліся за сэрца ці ашчэрваліся ў зьняможанай нянавісьці. А сэрцы абраных Беларусьсю трымцелі ад салодкага хваляваньня.

Ракіцкі: Нас у гэтай перадачы ня надта моцна цікавіць лёс абедзьвюх партыяў з абрэвіятурай БНФ. Тут нас цікавіць, што чакае наперадзе БНФ як міт. Інакш кажучы, ці ёсць у гэтага міту будучыня і якая яна?

Акудовіч: Лёсы мітаў звычайна непрадказальныя. Заўсёды можа быць так, а можа быць і гэтак. Таму давайце згадаем хоць некалькі магчымых варыянтаў. Першы — цалкам пэсымістычны, як для міту. Расфармаваныя паасобку падзеі таго часу спакваля раскладуцца па гістарычных, палітычных, сацыяльных ды іншых падручніках і даведніках. І ўсё там будзе слушна, акрамя аднаго — там ня будзе міту. Варыянт другі. Некалі да ўлады прыйдуць дэмакраты і адновяць міт БНФ ва ўсёй яго паўнаце ды змагарнай прыгажосьці, каб падмацаваць ім ідэалёгію сваёй улады. Магчыма, гэта будзе і няблага. Хаця асабіста я досыць скептычна стаўлюся да афіцыйна заканстытуяваных мітаў. Варыян трэці. На Беларусі пакрысе сфармуецца трывалая і гамагенная грамадзкая супольнасьць. І тады кожны беларус час ад часу будзе натуральна зьвяртацца да свайго прамінулага, дзе сярод самых розных мітаў ён,напэўна ж, не праміне ўвагай і адзін з самых прыгожых у нашай гісторыі міт — міт Беларускага народнага фронту. Натуральна, апошні варыянт мне падабаецца найболей.