Сёньня Вярхоўны суд вынес рашэньне па скарзе Алеся Бяляцкага, Уладзімера Лабковіча і Валянціна Стэфановіча на адмову міністэрства юстыцыі ў рэгістрацыі грамадзкага праваабарончага аб’яднаньня “Наша вясна”. Суд адмовіў у задавальненьні скаргі.
Судзьдзя Церах спаслаўся на тое, што ў пададзеным на рэгістрацыю сьпісе пра чатырох з 71 заснавальнікаў аб’яднаньня пазначаныя недакладныя зьвесткі. Таксама суд палічыў, што гарантыйны ліст адносна юрыдычнага адрасу нельга прызнаць юрыдычна значным.
Праваабаронца Валянцін Стэфановіч сказаў, што гэтае рашэньне дзеля працэдуры будзе абскарджана па нагляду на імя старшыні Вярхоўнага суда. Таксама будзе накіравана скарга ў Камітэт ААН па правах чалавека, у якой будуць аб’яднаныя ўсе тры адмовы ў рэгістрацыі аб’яднаньня. Паводле спадара Стэфановіча, гэта будзе матывавана парушэньнем з боку ўладаў Беларусі Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах і дыскрымінацыяй адносна праваабаронцаў.
Валянцін Стэфановіч заявіў, што дзейнасьць ад імя “Вясны” працягнецца.
Таксама ў Вярхоўны суд накіравана скарга заснавальнікаў “Берасьцейскай Вясны” на адмову Галоўнага ўпраўленьня юстыцыі Берасьцейскага аблвыканкаму ў рэгістрацыі грамадзкага аб’яднаньня разам з касацыйнай скаргай на рашэньне абласнога суду. Разгляд справы прызначаны на 3 верасьня.