Ці ўмяшаецца Расея ў беларускую прэзыдэнцкую кампанію?

Масква ўсё часьцей кантактуе з прадстаўнікамі беларускай апазыцыі. Ці захоча Крэмль рэалізаваць у Беларусі свой сцэнар выбараў? Якія ў яго магчымасьці ўплыву на беларускія палітычныя працэсы? Якія электаральныя шанцы мае прарасейскі кандыдат у Беларусі?
Удзельнікі: дацэнт Маскоўскага дзяржаўнага інстытуту міжнародных дачыненьняў Кірыл Коктыш з Масквы і кіраўнік аналітычных праектаў кампаніі БелаПАН Аляксандар Класкоўскі зь Менску.

Кірыл Коктыш
Аляксандар Класкоўскі
Валер Карбалевіч

Ці ёсьць у Крамля сцэнар беларускіх выбараў?


Валер Карбалевіч: “Чым бліжэйшыя выбары, тым больш Масква актывізуе свае кантакты зь беларускай апазыцыяй. У расейскай сталіцы пабываў Казулін, ён меў сустрэчы ў Дзярждуме. Ёсьць інфармацыя, што ў Маскве пабываў старшыня БСДГ (”Грамада“) Ляўковіч. Раней там пабывалі старшыня АГП Лябедзька і яго намесьнік Раманчук. Праўда, яны сустракаліся толькі з апазыцыйнымі палітыкамі, але засьвяціліся ў расейскіх мэдыях.

Яшчэ адзін цікавы факт. Да таго ж Лябедзькі зьвярнулася расейская радыёстанцыя “Голос России”, каб ён паразважаў на палітычна вострую для існага беларускага рэжыму тэму пра зьніклых апазыцыйных палітыкаў. Што ўсё гэта азначае? Масква ўсур’ёз імкнецца паўдзельнічаць у будучых прэзыдэнцкіх выбарах? Ці гэта проста сродак напужаць Лукашэнку, націснуць на яго?“

Кірыл Коктыш: “Думаю, дзейнічае і тое, і другое. Масква прызнала, што папярэдняя стратэгія адносна Беларусі скончылася. Беларусь уключылася ва “Ўсходняе партнэрства”. Гэты праект супрацьлеглы мэтам саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі. Таму цяпер Масква, з аднаго боку, праводзіць рэкагнасцыроўку беларускага палітычнага поля. А зь іншага боку, яна дасылае мэсыдж Лукашэнку, што цяпер яна ня будзе абмяжоўвацца толькі кантактамі зь ім, а будзе прытрымлівацца шматвэктарнасьці адносна палітычнай прасторы Беларусі.

Пакуль рэальнага сцэнару ўдзелу ў беларускіх выбарах у Крамля няма.
Пакуль рэальнага сцэнару ўдзелу ў беларускіх выбарах у Крамля няма, але заўтра ён можа зьявіцца. Масква будзе выкарыстоўваць вялізную эканамічную залежнасьць Беларусі ад Расеі”.

Аляксандар Класкоўскі:: “Найперш варта падкрэсьліць, што мы бачым варушэньне сярод беларускай апазыцыі ў кірунку Расеі. Масква ідзе на кантакты, але ўзровень іх невысокі. Вось з Казуліным сустрэўся старшыня камітэту Дзярждумы. Беларускі апазыцыйны бамонд (і левы, і правы) разумее, што расейскі чыньнік будзе прысутнічаць у наступнай прэзыдэнцкай кампаніі. Таму яны зандуюць глебу. А некаторыя зь іх дасылаюць Крамлю выразныя сыгналы: “на мяне можна ставіць”.

Я згодны, што ў Масквы няма выразнага беларускага сцэнару. Ранейшы саюзны праект праваліўся, іншай стратэгіі адносна саюзьніка, які заляцаецца да Захаду, няма. Таму Масква прыглядаецца і чухае патыліцу”.

Ці ёсьць у Масквы рычагі ўплыву на беларускія палітычныя працэсы?


Карбалевіч: “Уявім сытуацыю, што Крэмль усур’ёз захоча рэалізаваць у Беларусі свой сцэнар выбараў, правесьці свайго кандыдата. Як ён гэта можа зрабіць? Якія магчымасьці, рычагі ўплыву на беларускія палітычныя працэсы? Эканамічны ціск, выкарыстаньне расейскіх тэлеканалаў, укіданьне вялікіх грошай у выбарчую кампанію? Або што іншае?”

Коктыш: “Грошы і расейскія тэлеканалы працавалі да 2003 году, цяпер — не. Эканамічная залежнасьць Беларусі ад Расеі будзе павялічвацца. І Масква будзе гэтым карыстацца. Бо любыя рагаткі на шляху беларускіх тавараў у Расею створаць вялікія сацыяльныя праблемы ў Беларусі”.

Класкоўскі:: “Думаю, шанцы расейскага ўплыву на Беларусь невялікія. Як можна задзейнічаць супраць Лукашэнкі эканамічны ціск? Сказаць, што калі ты ня пусьціш нашага кандыдата, то мы табе зробім дарагім газ? І ён саступіць?

Іншы варыянт: праз эканамічную вайну выклікаць абвал, сацыяльныя забурэньні. Але, па-першае, пачнуцца некіраваныя працэсы. Па-другое, наўрад ці беларусы ў знак удзячнасьці Расеі за выкліканыя ёй забурэньні падтрымаюць прамаскоўскага кандыдата. Хутчэй наадварот. А Лукашэнка ў выніку расейскага ціску пойдзе больш рашуча на збліжэньне з ЭЗ.

Наконт расейскіх мэдыяў. Беларуская ўлада прадбачліва адсекла бальшыню расейскіх электронных мэдыяў. Калі спатрэбіцца, то цалкам закруцяць, выкінуць з кабэльных сетак”.

Якраз на фоне вострых сацыяльных праблемаў Лукашэнка перамог у 1994 годзе.
Коктыш
: “Якраз на фоне вострых сацыяльных праблемаў Лукашэнка перамог у 1994 годзе. Ён паабяцаў „запусьціць заводы“ і атрымаў давер народу”.

Класкоўскі:: “Але ў тую ж раку нельга ўвайсьці двойчы. Тады ў насельніцтва не было ўяўленьня, што ў развале вінаватая Масква”.

Карбалевіч: “Але сапраўды ў 1994 годзе прарасейскі кандыдат Лукашэнка перамог прарасейскага кандыдата ад „партыі ўлады“ Кебіча. Але пойдзем далей”.

Электаральныя шанцы прарасейскага кандыдата


Карбалевіч: “Якія электаральныя шанцы мае прарасейскі кандыдат у Беларусі? Вось з шэрагам прарасейскіх заяваў выступіў лідэр Партыі камуністаў Беларускай Калякін. Імкненьне гуляць на прарасейскім полі выказаў старшыня Лібэральна-дэмакратычнай партыі Гайдукевіч. Візыты ў Маскву іншых беларускіх палітыкаў сьведчаць пра жаданьне разыграць у той ці іншай форме расейскую карту. Але ці падтрымае беларускае грамадзтва палітыка, які будзе сябе пазыцыянаваць большым інтэгратарам з Расеяй, чым Лукашэнка? Ці шмат у Беларусі электарату, які быў бы супраць беларускага прэзыдэнта, але адначасова прыхільнікам інтэграцыі з Расеяй?”

Коктыш: “Беларускае грамадзтва падтрымае таго кандыдата, які здолее забясьпечыць Беларусь дастатковай колькасьцю рэсурсаў. І няважна, адкуль будуць гэтыя рэсурсы: з Расеі, з ЭЗ, зь Месяца ці Марса.

І, дарэчы, што прарасейскі кандыдат можа абяцаць? Дамовіцца з Расеяй на тых умовах, на якіх дамаўляўся калісьці Лукашэнка, цяпер немагчыма. Не для таго Расея будуе БТС-2, каб працягваць датаваць Беларусь у памеры 5 млрд. даляраў у год”.

Карбалевіч: “Вось Калякін заяўляе, што трэба прызнаць незалежнасьць Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі, перайсьці на адзіную валюту саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі. То бок ён прэзэнтуе сябе больш прарасейскім палітыкам, чым Лукашэнка. Ці атрымае такі палітык электаральную падтрымку насельніцтва?”

Коктыш: “Спачатку трэба адказаць на іншае пытаньне: ці атрымае ён расейскія рэсурсы? Да крызісу атрымаў бы. Але цяпер, падчас крызісу, — наўрад ці.

А падтрымку беларускага насельніцтва атрымае той кандыдат, які прапануе выйсьце з эканамічнага крызісу, а ня той, які будзе выступаць з прарасейскай ці праэўрапейскай пазыцыяй. Беларускае грамадзтва мысьліць эканамічнымі катэгорыямі, а не палітычнымі”.

Шанцы невялікія


Класкоўскі:: “Думаю, у прарасейскага кандыдата шанцы невялікія. Бо цяжка знайсьці з такой пазыцыяй шырокую электаральную базу. Бо трэба прапанаваць кідкі лёзунг. Калі грузіць электарат макраэканомікай, то гэтага не зразумеюць. Лёзунг можа быць адзін: я буду лепшым інтэгратарам, чым Лукашэнка. Але ў рэмэйк “братняй інтэграцыі” народ ужо не паверыць. Сацыёлягі сьцьвярджаюць, што кола прыхільнікаў інтэграцыі з Расеяй значна звузілася. Мала хто падтрымлівае ідэю адзінай ці, дакладней, расейскай валюты. Пасьля эканамічных войнаў, дзякуючы дзяржаўнай прапагандзе, насельніцтва атрымала масавую антырасейскую прышчэпку. Людзі зразумелі, што гульні з імпэрыяй небясьпечныя.

Прарасейскага кандыдата будуць “мачыць” з асаблівым садызмам.
І, самае галоўнае, Лукашэнка цяпер фактычна артыкулюе празаходнія лёзунгі. Натуральна, ён іх трактуе па-свойму. Але вось, напрыклад, днямі ён заявіў, што з 2011 году мы будзем жыць, як у Эўропе. То бок у яго больш сугучча з празаходняй часткай апазыцыі. Ён трымае абарону ад Расеі і будзе разглядаць прарасейскага кандыдата як прадстаўніка “пятай калёны”. Раней так кляймілі празаходніх кандыдатаў. Цяпер гэтага прарасейскага кандыдата будуць “мачыць” з асаблівым садызмам.

Яшчэ адзін момант. Калі параўноўваць з 1994 годам, то там былі выбары, лічыліся галасы. Цяпер гэтага няма”.

Карбалевіч: “Гэтую праблему з падлікам галасоў мы цяпер выносім за дужкі, а кажам толькі пра рэальную электаральную падтрымку. Хачу зьвярнуць увагу на заяву Лукашэнкі, што з 2011 году мы будзем жыць, як у Эўропе. То бок абяцае тое, што будзе ў краіне пасьля 2011 году, то бок пасьля заканчэньня гэтага прэзыдэнцкага тэрміну. Гэта азначае, што Лукашэнка пачаў сваю перадвыбарчую кампанію. Так што працэс пайшоў”.