Радыё Свабода год за годам: 1992

Гісторыя Радыё Свабода ў галасах, уражаньнях і ўспамінах. Аўдыёархіў перадачы “На хвалях Свабоды” (2003-2004).
***

1992

Кебічаўская Беларусь і дэмакратыя. – Госьць – Кастусь Бандарук.– Архіў: рэлігійныя перадачы, першая “Палітычная геаграфія”.


Рэспубліка Беларусь робіць першыя крокі на шляху незалежнасьці. Нягледзячы на тое, што сёньня першыя гады незалежнасьці ўспрымаюцца ледзь не як трыюмф дэмакратыі і беларусізацыі, у перадачах беларускай Свабоды не бракавала матэрыялаў, дзе распавядалася пра барацьбу дэмакратычных сілаў зь недэмакратычным рэжымам. Удакладнім - рэжымам прэм’ера Вячаслава Кебіча. Прынамсі дэмакратычнасьці тагачасных беларускіх уладаў хапіла на тое, каб не чыніць перашкоды ў дзейнасьць карэспандэнтаў нашага радыё ў Беларусі, аднак такое істотнае пытаньне, як рэтрансьляцыя перадачаў Свабоды ўнутры краіны так і не было вырашанае – улады да гэтага былі не гатовыя.

Колішні супрацоўнік нашага радыё Ян Запруднік у 1992 годзе рабіў аналіз праграмаў беларускай службы для штодаговага агляду працы. У ягонай справаздачы ён цытуе гутаркі з Васілём Быкавым, які дзеліцца ўражаньнямі ад перадачаў. Быкаў, сталы слухач ”Свабоды”, хваліў Ларысу Урбан і Асю Ігнацёнак за іх перадачы, высока ацэньваў Галіну Айзэнштат і Камілу Малевіч за іх вострыя радыёвыступы. Васіль Быкаў, як і іншыя слухачы, хацеў бы бачыць беларускую Свабоду больш аналітычнай і больш крытычнай у дачыненьні да рэжыму (нагадаю, у справаздачы Яна Запрудніка гаворка ідзе пра 1992 год), больш актыўнай у пашырэньні беларускай сьведамасьці і дэмакратычных каштоўнасьцяў. Васіль Быкаў таксама прапанаваў пашырыць колькасьць беларускай інфармацыі за кошт міжнароднай, пажадаў мець менш паўтораў і больш арыгінальных перадачаў. Згадаў ён і нашую заўсёдную балючую праблему – кепскую чутнасьць на кароткіх хвалях.

У заключэньні свайго аналізу 1992 году Ян Запруднік робіць спробу намаляваць партрэт слухача беларускай Свабоды. Гэта – крытычны чалавек, які цэніць востры аналіз звонку, бо ведае, што мясцовыя сродкі масавай інфармацыі абмежаваныя ў сродках і занадта кантраляваныя ўрадам...

СЛУХАЦЬ:

Спампаваць

***