“АБЛОГА. ТЫДЗЕНЬ З БЛОГЕРАМ” — летні праект сайту “Свабоды”, аўтарскі агляд самых цікавых публікацый, камэнтароў, дыскусій у беларускай блогасфэры ад вядомых блогераў. Пяць разоў на тыдзень. На гэтым тыдні цікавосткі ў фрэнд-стужцы, суполках Жывога Журналу і іншых плятформаў шукае і камэнтуе antanian --> http://antanian.draniki.com/ .
Хто выйграе? Друкары і разьведчыкі
Што тут таіць, раней я зь вялікім недаверам ставіўся да творчага патэнцыялу беларускага народа. Беларусы звычайна характарызуюцца як старанныя і працалюбівыя. Якасьці станоўчыя, але з такіх не вырастаюць вынаходнікі. Аднак аказалася, што ня ўсё так проста. Творчы патэнцыял у нацыі прысутнічае, толькі вось бы яму знайсьці нармальнае прымяненьне. Блогер zelanton зьвярнуў увагу на бясспрэчна прыкметную ідэю менскага гарвыканкама. Цяпер рахункі за камунальныя паслугі менчукі будуць атрымліваць на рознакаляровых блянках. Той, хто не плаціў ад аднаго да трох месяцаў — атрымае рахунак на зялёнай паперы, той, хто яшчэ менш уважліва сочыць за аплатай бягучых рахункаў, — на чырвонай.
Мне ня цяжка здагадацца, хто выйграе ў гэтай акцыі. У першую чаргу гэта друкары, якія атрымаюць замову на друк новых паперак, ну і разьведчыкі з варожых краінаў, якім будзе дастаткова на выбраных участках падлічыць колькасьць белых, зялёных і чырвоных квіткоў, каб скласьці даволі дакладнае ўяўленьне пра дабрабыт беларускіх грамадзянаў на сучасны момант.
Як зрабіць зь Беларусі краіну, лепшую за Фінляндыю
Блогер Валеры Цапкоў зьвярнуў увагу на надзвычай аптымістычнае інтэрвію былога беларускага прэм’ера Сяргея Лінга, які бачыць выйсьце зь цяперашняй эканамічнай сытуацыі ў тым, каб арыентавацца на досьвед Фінляндыі, якая ў сямідзясятыя гады мінулага стагодзьдзя здолела пераарыентавацца з рыбалоўства і дрэваапрацоўкі на электроніку. Нельга не пагадзіцца, што пасажы былога прэм’ера пра тое, што пакуль яшчэ магчыма адрадзіць “вытворчасьць фотаапаратаў, вылічальнай тэхнікі, прыборабудаўніцтва, станкабудаўніцтва”, выразна сьведчаць, што ён жыве ў нейкай іншай рэчаіснасьці.
Не ўяўляю, што сабой уяўлялі беларускія станкі і прыборы, але беларуска-савецкіх апаратаў праз мае рукі прайшло ня так і мала. Тое, што сама па сабе, ціха і без асаблівых канвульсіяў памерла іх вытворчасьць, мяне не зьдзіўляе. Тое, што кіраўнікам оптыка-мэханічнага заводу здавалася вяршыняй мэханічнай апаратуры і спалучэньнем перадавой інжынэрнай думкі з высокай культуры працы — на самой справе было толькі тупіковай галіной разьвіцьця.
Усе гэтыя неахайна сабраныя вілейскія “зяніты”, нават калі іх у меру падцюнінгаваць, усё роўна застануцца малапрыдатнымі для выкарыстаньня ў мірных мэтах.
Але тыя мадэлі, ганарыцца якімі было не прынята, маюць некаторыя шанцы на посьпех. У сьвеце татальнай моды на фотаапаратуру клясы low-fi адраджэньне вытворчасьці сьмешных паўкадравых “Агат-18к” і сярэдняфарматнай камеры “Этюд” — можа мець сэнс. Думаю, у Літве можна будзе прадаць ня менш за сотню і тых і другіх апаратаў. Прадаюцца ж у віленскім Цэнтры Сучаснага Мастацтва “Хольгі”, “Дыяны” і іншыя кітайскія падзелкі за шалёныя грошы. Чаму б не прадаваць там і “Этюды”? Здымаюць яны ня горш за кітайскія плястмаскі. Я б сабе парачку ўзяў. Не жартую.
А калі па-сур’ёзнаму, то для таго каб зрабіць зь Беларусі краіну, лепшую за Фінляндыю, асабліва галавы ламаць ня варта. Рэцэпт просты, як электравенік — пачынаць трэба з пад’ёму аўтарытэту дзьвюх прафэсіяў. Настаўніка і бібліятэкара. А таксама падымаць ролю кнігі і ведаў у грамадзтве. Пакуль што я не заўважыў, каб улады павярнуліся тварам да бібліятэкі і школы, а ўсе гэтак званыя “лібэралізацыі” ніякім бокам не закранулі кнігавыдавецкі рынак. Таму і марам Сяргея Лінга ў бліжэйшыя часы ніяк ня спраўдзіцца. Можна не хвалявацца.
Чысьціня, парадак і новыя ўнітазы
У блогу Глеба Лабадзенкі невялічкі, але ўражвальны фотарэпартаж пра гвалтоўную рэканструкцыю ў Лошыцкім парку. Гарыць фурнітура 19-га стагодзьдзя, безь якой помнік архітэктуры, ахоўваны дзяржавай, безумоўна траціць значную частку сваёй гістарычнай вартасьці. Што тут зробіш? Сучасныя шклопакеты — гэта ж так чыста і тэхналягічна! Паратунку ад іх няма. Бадай, самая галоўная праблема сучаснага Менску — у маніякальнай празе да чысьціні, парадку і новых унітазаў. Стэрыльнасьць вельмі дарэчы ў апэрацыйным пакоі. А для таго каб завялася хоць нейкая культура, усё ж трэба троху бруду. Безь яго не абысьціся. Думка не арыгінальная, але паўтарэньне — не зашкодзіць. Раптам пачуюць.
Пра археалягічныя раскопкі пад кіраўніцтвам Генадзя Семенчука ў Ваўкавыску знойдзеце на адмысловым гарадзкім блогу. Блог гэты зьмястоўны, вядзецца падкрэсьлена прыватнай, але нідзе не падпісанай асобай.
Адмірал Канарыс, праведнік народаў сьвету
Журналіст Андрэй Пачобут дзеліцца са сваімі чытачамі спасылкай на контравэрсійную навіну пра тое, што з ініцыятывы хасыдзкага руху шэфа нацысцкай вайсковай разьведкі (Абвэр) адмірала Вільгельма Канарыса могуць прызнаць праведнікам народаў сьвету. Заслугі Канарыса перад хасыдзкай грамадой, магчыма, і сапраўды вялізарныя. Але я не разумею аднаго. Навошта хасыдам вазіцца з прызнаньнем героя ў нейкай незразумелай сьвецкай арганізацыі, калі яны могуць самастойна яго прызначыць бэрлінскім цадзікам? І ня трэба нікому нічога тлумачыць. Будуць езьдзіць на яго цудадзейную магілу і ўсяляк клапаціцца пра добрую памяць. І ніякія бюракраты ім не забароняць гэта рабіць.