У Беларусь зноў вяртаецца практыка, калі з работнікамі разьлічваюцца не грашыма, а таварамі. Гэтак чыноўнікі на месцах выконваюць загад Аляксандра Лукашэнкі. Ён папярэдзіў жорсткай адказнасьцю, калі адміністрацыі прадпрыемстваў не скароцяць складскія запасы.
Барысаўскі завод аўтатрактарнага абсталяваньня (БАТЭ) стварыў сёлета на складах трохмесячны запас гатовай прадукцыі. Але стартэры і генэратары не выкупляюць расейскія аўтазаводы. У выніку на беларускім прадпрыемстве скарацілі працоўны тыдзень. Цяпер жа адміністрацыя прадпрыемства мусіць ратаваць сваіх працаўнікоў ад голаду. Пра гэта сёньня “Свабодзе” паведаміла намесьнік генэральнага дырэктара па ідэалягічнай працы Ларыса Джалілава:
“Кожны наш працаўнік можа прыйсьці ў сталоўку і зьесьці гарачы абед. За гэта ня трэба плаціць наяўнымі грашыма, а дастаткова запісацца на ведамасьць у лік будучага заробку. Такім чынам адбываецца своеасаблівае крэдытаваньне на паўтара месяца наперад”.
БАТЭ — найбуйнейшае прадпрыемства ў Барысаве, тут цяпер больш як чатыры тысячы працаўнікоў. Ідэоляг прадпрыемства кажа і пра іншыя захады адміністрацыі, каб не дапусьціць у крызіс сацыяльнага бунту.
“Не прадаём, а выдаём на ведамасьць у буфэтах. У тым ліку — масла, сыр, малако, тварог, сьмятана. І яшчэ — птушку, рыбу, мяса…. Усе тыя прадукты, што вырабляюцца ў Барысаве, мы выдаём сваім працаўнікам у крэдыт”.
Пытаюся ў суразмоўцы, ці шмат працаўнікоў БАТЭ незадаволеныя жыцьцём у крэдыт? Ларыса Джалілава ўдакладняе:
“Шмат незадаволеных. Бо калі сямейны бюджэт зьмяншаецца (а ў нас зьменшылася і колькасьць працоўных дзён), то ў такіх умовах людзей можна зразумець. У крамах жа цяпер усё толькі даражэе”.
Склады некаторых прадпрыемстваў на Гарадзеншчыне запоўненыя, але з розных прычынаў ня кожнае можа зьнізіць кошты на сваю прадукцыю.
На Гарадзенскім вытворчым гарбарным аб’яднаньні, са слоў супрацоўніка аддзела маркетынгу спадара Андрэя, залежваецца прадукцыя прыкладна за два месяцы працы прадпрыемства.
Са збытам складанасьці, асабліва ў Расею, але прадпрыемства працягвае працаваць. Спадар Андрэй кажа, што іх прадукцыя спэцыфічная, скура ў асноўным прыдатная для працоўнага абутку.
Нядаўна Гарадзенскі гарвыканкам даў даручэньне намесьніку старшыні Аляксандру Сіўцову дапамагчы службе маркетынгу аб’яднаньня ў пошуку новых рынкаў збыту.
Спадар Андрэй кажа, што гэта вельмі складана зрабіць, бо ў Беларусі толькі 5 прадпрыемстваў, якія зь імі працуюць і якія таксама маюць канкурэнтных пастаўшчыкоў. І з экспартам у Расею ня так проста:
“У Расеі мы таксама ўсе абутковыя прадпрыемствы ведаем. І немагчыма завезьці нашу скуру за 3 тысячы кілямэтраў, патраціўшыся на транспарт, і прадаць яе таньней, чым расейскія вытворцы. А ў Расеі каля 300 такіх заводаў, як наш”.
Лідзкі завод “Інструмэнтальшчык”, на якім займаюцца мэталаапрацоўкай, вырабляюць мэталаформы, штампы, праводзяць фрэзэрныя і такарныя працы, ад сёньняшняга дня сутыкнуўся з новай праблемай.
Загадчык аддзелу маркетынгу спадар Уладзімер кажа, што тут цэлы дзень вывучаюць скандальную пастанову № 991, бо закупляюць мэтал ад розных менскіх ды іншых пастаўшчыкоў.
Ён распавядае, што прадпрыемства пакуль працуе поўны тыдзень, але праблем сёлета — як ніколі, даводзіцца зьніжаць кошты на сваю прадукцыю:
“Ёсьць праблемы даволі значныя, якіх у мінулым годзе не было. Буйныя беларускія заказчыкі адмовіліся ад прадукцыі: з Салігорску, Шчучына. А таксама зьнізіўся экспарт і гандлёвы абарот”.
Спадар Уладзімер кажа, што зараз у іх шмат сэзонных заказаў, але ўзімку давядзецца значна складаней з-за недахопу сродкаў, бо зараз банкі не выдаюць доўгатэрміновых крэдытаў.
Камітэт дзяржкантролю правярае базавае прадпрыемства ў Жлобіне — Беларускі мэталюргічны завод. Ужо выкрыта, што БМЗ вырабіў у мінулыя паўгода больш прадукцыі, чым летась, аднак атрымаў менш грашовых даходаў.
Паводле некаторых зьвестак, завод адпускаў прадукцыю дылерам па цэнах, ніжэйшых за сабекошт.
Былы начальнік аднаго зь бюро заводу, грамадзкі актывіст Марат Афанасьеў удакладняе:
“Гэта была літая загатоўка, якую накіроўвалі ў Латвію. Казалі, што гэта такія „кароткія грошы“: хутка зрабілі, хутка прадалі і хутка грошы паступілі на рахунак. Але яны ня ўсе вярнуліся. Атрымалася, што сабе на страту”.
Спадар Афанасьеў кажа, што асноўная прадукцыя БМЗ залежваецца на складах:
“Усё, што вырабілі, яно ж ляжыць на заводзе. Апрача арматуры. Арматура прадавалася досыць добра. Але яна не ратавала астатнюю вытворчасьць. З-за таго, што частка прадукцыі ляжала на заводзе й прадавалася са стратамі, рэнтабэльнасьць вытворчасьці за чэрвень склала ўсяго 2 працэнты. Большая частка працаўнікоў заводу не атрымлівалі прэміі. Заахвочвалі толькі пракатчыкаў, якія выпускалі арматуру”.
Валер Рыбчанка, які ў свой час працаваў на БМЗ намесьнікам начальніка цэху, апавёў пра трохмесячныя залежы корду на прадпрыемстве. Цяпер тут тэрмінова імкнуцца іх разгрэбці:
“Былі трохмесячныя запасы корду. Прыкладна 18 тысяч тон былі залежы корду. Каля 6 тысяч тон прадалі — сьпіхнулі кудысьці ў Расею. Кажуць, зьявіліся заказы з Расеі. І зараз трэці ўчастак кордавай вытворчасьці пакрысе зноў запрацаваў”.
Але ня толькі прамысловыя прадпрыемствы спрычыніліся на Гомельшчыне да складзкіх залежаў. Забарона на экспарт малочнай і мясной прадукцыі ў Расею значна павялічыла колькасьць нерэалізаванай прадукцыі перапрацоўчай галіны. Паводле зьвестак камітэту эканомікі аблвыканкаму, калі 80 адсоткаў залежаў — гэта менавіта прадукцыя мяса-малочных прадпрыемстваў, уключна з кансэрвамі.
На Гомельскім мясакамбінаце, якому забаранілі прадаваць прадукцыю ў Расею з прычыны наяўнасьці антыбіётыкаў, на тэму пазбаўленьня ад залежаў публічна гаварыць ніхто не жадае.
Меншчына
БАТЭ дапамагае сваім працаўнікам ратавацца ад голаду
Барысаўскі завод аўтатрактарнага абсталяваньня (БАТЭ) стварыў сёлета на складах трохмесячны запас гатовай прадукцыі. Але стартэры і генэратары не выкупляюць расейскія аўтазаводы. У выніку на беларускім прадпрыемстве скарацілі працоўны тыдзень. Цяпер жа адміністрацыя прадпрыемства мусіць ратаваць сваіх працаўнікоў ад голаду. Пра гэта сёньня “Свабодзе” паведаміла намесьнік генэральнага дырэктара па ідэалягічнай працы Ларыса Джалілава:
“Кожны наш працаўнік можа прыйсьці ў сталоўку і зьесьці гарачы абед. За гэта ня трэба плаціць наяўнымі грашыма, а дастаткова запісацца на ведамасьць у лік будучага заробку. Такім чынам адбываецца своеасаблівае крэдытаваньне на паўтара месяца наперад”.
Адміністрацыя робіць захады, каб не дапусьціць сацыяльнага бунту
БАТЭ — найбуйнейшае прадпрыемства ў Барысаве, тут цяпер больш як чатыры тысячы працаўнікоў. Ідэоляг прадпрыемства кажа і пра іншыя захады адміністрацыі, каб не дапусьціць у крызіс сацыяльнага бунту.
“Не прадаём, а выдаём на ведамасьць у буфэтах. У тым ліку — масла, сыр, малако, тварог, сьмятана. І яшчэ — птушку, рыбу, мяса…. Усе тыя прадукты, што вырабляюцца ў Барысаве, мы выдаём сваім працаўнікам у крэдыт”.
Пытаюся ў суразмоўцы, ці шмат працаўнікоў БАТЭ незадаволеныя жыцьцём у крэдыт? Ларыса Джалілава ўдакладняе:
“Шмат незадаволеных. Бо калі сямейны бюджэт зьмяншаецца (а ў нас зьменшылася і колькасьць працоўных дзён), то ў такіх умовах людзей можна зразумець. У крамах жа цяпер усё толькі даражэе”.
Гарадзеншчына
Гандляваць дапамагаюць чыноўнікі, але пакуль нічога не атрымліваецца
Склады некаторых прадпрыемстваў на Гарадзеншчыне запоўненыя, але з розных прычынаў ня кожнае можа зьнізіць кошты на сваю прадукцыю.
На Гарадзенскім вытворчым гарбарным аб’яднаньні, са слоў супрацоўніка аддзела маркетынгу спадара Андрэя, залежваецца прадукцыя прыкладна за два месяцы працы прадпрыемства.
Са збытам складанасьці, асабліва ў Расею, але прадпрыемства працягвае працаваць. Спадар Андрэй кажа, што іх прадукцыя спэцыфічная, скура ў асноўным прыдатная для працоўнага абутку.
Нядаўна Гарадзенскі гарвыканкам даў даручэньне намесьніку старшыні Аляксандру Сіўцову дапамагчы службе маркетынгу аб’яднаньня ў пошуку новых рынкаў збыту.
Немагчыма завезьці нашу скуру за 3 тысячы кілямэтраў, патраціўшыся на транспарт, і прадаць яе таньней, чым расейскія вытворцы.
“У Расеі мы таксама ўсе абутковыя прадпрыемствы ведаем. І немагчыма завезьці нашу скуру за 3 тысячы кілямэтраў, патраціўшыся на транспарт, і прадаць яе таньней, чым расейскія вытворцы. А ў Расеі каля 300 такіх заводаў, як наш”.
Лідзкі завод “Інструмэнтальшчык”, на якім займаюцца мэталаапрацоўкай, вырабляюць мэталаформы, штампы, праводзяць фрэзэрныя і такарныя працы, ад сёньняшняга дня сутыкнуўся з новай праблемай.
Дадаюцца праблемы, якіх нядаўна яшчэ не было
Загадчык аддзелу маркетынгу спадар Уладзімер кажа, што тут цэлы дзень вывучаюць скандальную пастанову № 991, бо закупляюць мэтал ад розных менскіх ды іншых пастаўшчыкоў.
Ён распавядае, што прадпрыемства пакуль працуе поўны тыдзень, але праблем сёлета — як ніколі, даводзіцца зьніжаць кошты на сваю прадукцыю:
“Ёсьць праблемы даволі значныя, якіх у мінулым годзе не было. Буйныя беларускія заказчыкі адмовіліся ад прадукцыі: з Салігорску, Шчучына. А таксама зьнізіўся экспарт і гандлёвы абарот”.
Спадар Уладзімер кажа, што зараз у іх шмат сэзонных заказаў, але ўзімку давядзецца значна складаней з-за недахопу сродкаў, бо зараз банкі не выдаюць доўгатэрміновых крэдытаў.
Гомельшчына
На складах прадпрыемстваў зьявіліся дзяржкантралёры