Ці выканае Лукашэнка свае абяцаньні Маскве?

Маскоўская газэта “КоммерсантЪ” са спасылкай на крыніцу ў Крамлі паведаміла, нібыта Аляксандар Лукашэнка паабяцаў падпісаць пагадненьне аб фармаваньні Калектыўных сілаў апэратыўнага рэагаваньня (КСАР) і прыняць старшынства Беларусі ў АДКБ. Гэтую інфармацыю камэнтуюць расейскія экспэрты: галоўны рэдактар часопіса “Россия в глобальном мире” Фёдар Лук’янаў і палітоляг Леанід Радзіхоўскі.

Навошта патрэбны КСАР?

Карбалевіч: “Наколькі важна для Расеі стварэньне КСАР?”

Фёдар Лук’янаў:
“Стварэньне КСАР — гэта неабходны крок дзеля падтрыманьня бясьпекі ў Цэнтральнай Азіі. АДКБ шмат хто на Захадзе чамусьці разглядае выключна як спробу Расеі стварыць альтэрнатыву НАТО. Часткова, магчыма такая матывацыя і мае месца, але праблема больш шырокая.

Праблема ў тым, што хуткім часам ЗША і НАТО пакінуць Аўганістан. У нейкай форме талібы вернуцца да ўлады і зноў будуць пагражаць краінам Цэнтральнай Азіі. І стварэньне КСАР — гэта спроба падрыхтавацца да постамэрыканскага этапу разьвіцьця гэтага рэгіёна”.

Карбалевіч: “Навошта патрэбна Расеі далучэньне да гэтага пагадненьня Беларусі?”

Лук’янаў: “Расеі гэта было б карысна з улікам таго, што Беларусь валодае дастаткова эфэктыўным войскам. Чым больш саюзьнікаў, тым лепш. Але з гледзішча інтарэсаў кіраўніцтва Беларусі пытаньні бясьпекі Цэнтральнай Азіі яго закранаюць мала”.

Карбалевіч: “Вы лічыце, што толькі гэтым тлумачыцца, што Лукашэнка ўпарціцца, ня хоча падпісваць гэтае пагадненьне? Складаецца ўражаньне, што беларуска-расейскія супярэчнасьці абвастраюцца, пераносяцца ў ваенна-палітычную сфэру, чаго раней не было. Чаму Лукашэнка паводзіць сябе ў адносінах з Масквой усё больш упэўнена?”

Беларусь і АДКБ

Лук’янаў: “Справа ня толькі ў гэтым. Мадэль так званай “саюзнай дзяржавы”, якая існавала цягам больш як 10 гадоў, сябе вычарпала. Усё, што бакі маглі для сябе здабыць у эканамічным ці палітычным пляне, яны здабылі. Далейшага збліжэньня ня будзе, патрэбна новая форма двухбаковых дачыненьняў.

Цяпер Лукашэнка заняты складаным манэўраваньнем. Паколькі, акрамя аб’ектыўных чыньнікаў, ёсьць яшчэ чыньнік суб’ектыўны. Для яго галоўны прыярытэт усёй палітычнай дзейнасьці — захаваньне асабістай улады. А любое збліжэньне ці з Расеяй, ці з ЭЗ ставіць пад пагрозу гэты прыярытэт.

Таму я думаю, што дачыненьні Расеі і Беларусі ва ўсіх сфэрах, у тым ліку і ў ваенна-палітычнай, будуць пераглядацца. Але АДКБ да пытаньня беларуска-расейскіх адносінаў мае ўскоснае дачыненьне. Бо гэтая арганізацыя пачынае расслойвацца па інтарэсах. Раней АДКБ грунтавалася на прынцыпе: хто хоча сябраваць з Расеяй. Гэта нікога ні да чога не абавязвала, мела сымбалічнае значэньне. А як толькі АДКБ сталі спрабаваць ператварыць у рэальна дзейную арганізацыю, то адразу ўзьніклі праблемы. Бо сябры АДКБ ня хочуць браць на сябе рызыкі”.

Карбалевіч: “Ці ёсьць у Крамля рычагі ціску на Менск? Што будзе ўжываць Масква: бізун ці пернік?”

Лук’янаў: “І тое, і другое. Гэта ж традыцыйныя інструмэнты замежнай палітыкі, прычым ня толькі Расеі”.

Радзіхоўскі: “КСАР маюць сымбалічнае значэньне”

Карбалевіч: “Наколькі важнае для Расеі стварэньне КСАР і далучэньне да гэтага пагадненьня Беларусі?”

Леанід Радзіхоўскі:
“Для Расеі важны ня столькі ўдзел Беларусі, колькі тое, каб КСАР нарэшце былі створаныя. Але праблема ў тым, што пазыцыя і ўплыў Расеі ў СНД аслабляюцца з аб’ектыўных і суб’ектыўных прычын.

КСАР практычнага значэньня ня маюць. Яны маленькія. Прымусіць іх дзесьці ваяваць амаль немагчыма, бо для гэтага трэба згода ўсіх сябраў АДКБ. Гэта такая сапсаваная копія НАТО.

КСАР маюць сымбалічнае значэньне, бо дэманструюць уплыў Расеі. Гэта мае калясальнае значэньне для самасьвядомасьці насельніцтва і эліты Расеі. А краіны АДКБ ня хочуць ісьці на гэта, дэманструюць незалежнасьць ад Масквы”.

Карбалевіч: “Чаму Лукашэнка ня хоча падпісваць гэтае пагадненьне аб КСАР?”

Радзіхоўскі:
“Калі Лукашэнка хоча рухацца ў бок Эўропы, то для яго важна не рабіць крокаў, якія будуць раздражняць эўрапейскіх партнэраў. Напрыклад, не прызнаваць незалежнасьць Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі, не ўключацца ў КСАР. А гэта раздражняе Маскву.

Але праблема палягае ў тым, што Расея нічога ня можа зрабіць ні зь Беларусьсю, ні зь іншымі краінамі СНД. Для Расеі гэта псыхалягічна амаль немагчымая сытуацыя. Вялікая, магутная ў эканамічным і ваенным сэнсе ў параўнаньні зь іншымі краінамі СНД Расея нічога ня можа зрабіць з маленькімі суседзямі”.

Карбалевіч: “А чаму Расея нічога ня можа зрабіць? Няма грошай, каб купіць? Ці няма сілы, каб націснуць?”

Радзіхоўскі: “Сілавая палітыка ў ХХІ стагодзьдзі не працуе. “Посьпехі” Расеі ў барацьбе з Грузіяй паказваюць, чаго каштуе сілавая палітыка. І столькі грошай няма ў Масквы, каб усіх купляць. Дый купляць толькі дзеля прэстыжу. Бо з гледзішча эканамічных інтарэсаў Расеі там нічога ня трэба”.