Травэл-лог. Тыдзень з блогерам.

antanian

“АБЛОГА. ТЫДЗЕНЬ З БЛОГЕРАМ” — летні праект сайту “Свабоды”, аўтарскі агляд самых цікавых публікацый, камэнтароў, дыскусій у беларускай блогасфэры ад вядомых блогераў. Пяць разоў на тыдзень. На гэтым тыдні цікавосткі ў фрэнд-стужцы, суполках Жывога Журналу і іншых плятформаў шукае і камэнтуе antanian --> http://antanian.draniki.com/ .
На самой справе рабіць агляды блогаў у жніўні не нашмат цікавей, чым працаваць у гэтым месяцы на навінах. У апошні месяц лета са стужак інфармацыйных агенцтваў сыплецца розная непатрэбшчына — напрыклад, пра тое, як нейкая прыбіральшчыца нейкага музэя, да прыкладу, выкінула ў сьмецьце нейкі вельмі актуальны і сучасны твор мастацтва. Не разабраўшыся, само сабою. Што той прыбіральшчыцы да трэндаў contemporary art? Няма ёй да іх справы.

З блогерамі прыблізна тое самае. Як не адбываецца нейкіх прыродных катаклізмаў, то пішуць пра тое, што бачаць. А што чалавек бачыць у жніўні? У самы санцапёк? Вандроўкі, мора, ну, ці хатнія нарыхтоўкі, у скрайнім выпадку. Што мы маем у якасьці прадукту ад сярэднестатычнага блогера? Пошлы травэл-лог зь невыразнымі фотаздымкамі (асаблівасьць пэйзажнай фатаграфіі палягае ў тым, што летам здымаць выразныя краявіды сярод белага дня надзвычай складана), зь пераблытанай і скажонай фактурай. Давайце глядзець праўдзе ў вочы — ня кожны чалавек, які навучыўся лупіць па клявіятуры, мае хоць каліва таленту Ўладзімера Арлова.

Дык я пра што. Можа, усё ж лепш пра нарыхтоўкі на зіму?

Пару месяцаў таму на адной віленскай барахолцы бачыў беларускае выданьне “Літоўскай гаспадыні”. Кніжка была зашмальцаваная. Прадавачка прасіла за яе нешта несусьветнае — пад тры эўра. Тон, якім была агучана сума, не даваў падставаў спадзявацца на плённасьць дыскусіі. І я пайшоў далей.

І правільна зрабіў. Бо ў суполцы kuchnia_by зьявіліся спасылкі на лічбавую копію гэтай кнігі. Што праўда, на польскай мове. А таксама культавай кніжкі Завадзкай “Kucharka Litewska”. Аднак выданьні, якія польскімі бібліятэкарамі былі абраныя для дыгіталізацыі, позьнія і непрыжыцьцёвыя, і яны моцна адрозьніваюцца ад першых выпускаў. І невядома, дарэчы, з чыёй ініцыятывы тыя праўкі рабіліся. Зрэшты, гэта ўжо нюансы. Для мяне як для чалавека, які памятае дзень, калі пабачыў на вуліцы дзядзьку з электронным гадзіньнікам, магчымасьць пагартаць рэдкую кнігу, не выходзячы з хаты, застаецца дзівам.

Працягваем кулінарна-гастранамічную тэму. У блогу ajvar_m напаткаў пераказ размовы зь нейкім Альгірдасам, віленскім рэстаранным кансультантам, чые паслугі вырашыла на сваю галаву скарыстаць кавярня “Бульбяная”.

Размова як размова. Нічога асаблівага, нічога, чаго ня ведаюць жыхары і госьці беларускай сталіцы. Ну мала пунктаў грамадзкага харчаваньня ў Менску, ну афіцыянты хамаватыя. Мяне ж заінтрыгавалі дэталі біяграфіі рэстаратара. Напрыклад, “у 20 гадоў ён ужо ў штаце самай моднай віленскай рэстарацыі сярэдзіны 90-х “Блізьняты О’Брайен”. Пачаў варушыць у сваёй памяці назвы віленскіх рэстарацыяў, але такой не прыгадаў. Пачаў званіць інфарматарам. Сумеснымі намаганьнямі прыгадалі пра існаваньне на Нямецкай вуліцы дарагога, пафаснага паба Twins O’Brien зь вельмі нясмачнай кухняй. Той паб праіснаваў нядоўга, ні дня ня быў самым модным у горадзе і памёр натуральнай сьмерцю даўным-даўно. Адзінай сьветлай плямай на рэпутацыі гэтай установы было тое, што там падавалі разьліўны гінэс. Але ж якасьць самага вядомага ірляндзкага портэру мала залежыць ад кваліфікацыі гастранамічнага кансультанта. Праўда? W Wilnie ulicą Niemiecką nie chodź, chrześcijańskie dziecko. Іншыя месцы працы гастранамічнага гуру — не прыводзяцца. І мяне гэта не зьдзіўляе.

Ну, а што тычыцца літоўскай нацыянальнай кухні ў віленскіх рэстарацыях, — то, можа, яна і прыводзіць у захапленьне беларускіх турыстаў, але я перакананы, што для таго каб паспытаць традыцыйныя літоўскія стравы ў нармальным выкананьні — трэба не паленавацца і даехаць хоць бы да першай-лепшай ковенскай сталоўкі. Бо Коўна — гэта Коўна.

У сваім блогу barilotti прыводзіць пераклад з зацемкі асыстэнта рэдактара Baltimore Sun пра тое, як выкрываць плягіятараў. Парады слушныя і банальныя: сачыце за слоўнікам і стылем аўтараў, будзьце скептычнымі, не давярайце беспадстаўна журналістам. Нармальныя такія парады, кшталту — мыйце рукі перад тым як сесьці за стол.

Ня маю цёплых пачуцьцяў да плягіятараў, але ёсьць у мяне наступнае назіраньне. На працягу апошніх гадоў так пятнаццаці сама менш, прэстыж прафэсіі журналіста кожны дзень падае ўніз. Разам зь ім, натуральна, падае і аплата. У выніку самыя пэрспэктыўныя аўтары знаходзяць сабе іншыя, больш плённыя заняткі. А рэдактарам уплывовых калісьці выданьняў даводзіцца працаваць з тымі, хто зь нейкіх прычын ня здолеў знайсьці сабе ў жыцьці больш асэнсаванай дзейнасьці. То рэдактарам нічога не застаецца, як старанна адлоўліваць дробных жулікаў. Зычу плёну.

Пару гадоў таму была вельмі актуальнай тэма “народнай журналістыкі”. Маўляў, зьнікнуць традыцыйныя сродкі масавай інфармацыі і застануцца адны блогі і блогеры, якія забясплатна будуць забясьпечваць зьместам чытача. Час ляціць, час імчыць, не стрымаць… Дык вось, пра народную журналістыку. У мінулую суботу адбылася даволі важная для мяне падзея. Магілёўскі “Днепр”, каманда, за якую я хварэю ад 1981 году, перамог лідэра чэмпіянату Беларусі — барысаўскі “БАТЭ”. На стадыёне прысутнічала каля пяці тысяч гледачоў. У прыватных блогах знайшоў хіба адну няўцямную ўзгадку пра гэты матч. Вось вам і гульня мільёнаў. Вось вам і народная журналістыка ў дзеяньні. Як сказаў мой любімы паэт: “Росквіт вызначыць заняпад. Застаецца нязьменным квадрат”.