Адвакат Сапелка: “Рыхтуемся з Аўтуховічам да абароны”

Мікалай Аўтуховіч

Адвакат Павал Сапелка 3 жніўня сустрэўся зь Мікалаем Аўтуховічам у менскім сьледчым ізалятары, дзе прадпрымальніка з Ваўкавыску трымаюць з 8 лютага паводле абвінавачаньня ў падпале дома міліцыянта. З 16 красавіка па 16 ліпеня Мікалай Аўтуховіч трымаў галадоўку пратэсту. Як ён пачуваецца зараз?

“Лепш. Бачна, што ягоны стан паляпшаецца. Ня думаю, што ён набірае вагу гэтак хутка, як кажуць турэмныя дактары — я гэтага ня ўбачыў, але яму сапраўды лепей. Хутка ён пачне есьці нармальныя кашы, а ня толькі фруктовыя, як да гэтага часу. Настрой у яго таксама лепшы. Рыхтуемся зь ім да абароны на будучым працэсе”, — паведаміў “Свабодзе” адвакат Павал Сапелка.

Павал Сапелка
Нагадаю, на мінулым тыдні ў мэдычнай частцы “Валадаркі” заявілі, што Мікалай Аўтуховіч за 7 дзён нібыта набраў 3 кіляграмы і дактары не выключаюць, што яго перавядуць у агульную камэру.

Паводле зьвестак зь міліцыі, адносна Мікалая Аўтуховіча заведзеная справа паводле артыкула аб тэрарызьме, аднак невядома, ці выставілі яму гэтае абвінавачаньне. Адвакату Паўлу Сапелку сьледчыя забаранілі даваць зьвесткі адносна справы Мікалая Аўтуховіча.