Прадпрымальнікі заяўляюць пра перадзел рынку

Пастанова беларускага ўраду, якая забараняе пасярэдніцтва пры продажы айчынных і імпартных тавараў, выклікала вялікі розгалас у рэгіёнах Беларусі. Шмат хто з прадпрымальнікаў заяўляе, што ў краіне адбываецца чарговы перадзел рынку. Гэта дадасьць беспрацоўя і зьнізіць узровень абслугоўваньня пакупнікоў.

СЛУХАЦЬ:


Меншчына


Адмовіліся ад пасярэднікаў — страцілі збыт


У Салігорску прадпрымальнікі заяўляюць, што чыноўнікі зноў груба ўмешваюцца ў гаспадарчую дзейнасьць. Перадусім суразмоўцы “Свабоды” нагадваюць пра праблемы на “Беларуськаліі”. Тут сёньня вельмі цяжкая сытуацыя. А праблемы пачыналіся пасьля таго, як Аляксандар Лукашэнка паставіў задачу адмовіцца ад пасярэднікаў пры рэалізацыі прадукцыі “Беларуськалію” на экспарт. Гаворыць прадпрымальнік Аляксандар Цацура:

“Лукашэнка ж выступаў, казаў, што ён добра ўсё зрабіў. Цяжка цяпер пагадзіцца з тым, што пасярэднікаў не засталося. З-за таго, што ўгнаеньні не прадаюцца, вытворчасьць „Беларуськалію“ пэрыядычна спыняецца, шахцёраў пераводзяць на 2/3 часткі ад заробку. Людзі сыходзяць у адпачынкі, каб хоць неяк зьберагчы свае грошы”.

Паводле зьвестак адміністрацыі вытворчага аб’яднаньня “Беларуськалій”, сёлета плянавалася здабыць 8,5 мільёна тон калійнай солі. Але ад пачатку году прадпрыемства прадало замежным партнэрам найменшую за ўсе апошнія гады колькасьць угнаеньняў — каля 160 тысяч.

Заявы і меркаваньні з рэгіёнаў прымалі і вывучалі сёньня ў аргкамітэце па рэгістрацыі ў Беларусі грамадзкай кампаніі “За свабоднае разьвіцьцё прадпрымальніцтва”. Кіраўнік гэтай ініцыятывы Віктар Гарбачоў заявіў “Свабодзе”:

Чыноўнікі ствараюць прыдворныя структуры пры цяперашняй уладзе.
“Чыноўнікі намагаюцца захаваць свой бюджэт за кошт утварэньня так званых прыдворных структураў пры цяперашнім кіраўніцтве Беларусі. Для гэтага ўсё бярэцца пад жорсткі кантроль. Так ужо адбылося з гарэлкай, півам, тытунём, лекамі і імпартнай бытавой апаратурай. Запэўніваю, што нічога добрага гэта не абяцае”.

Горадня


Пастанова № 991 выкліча рост беспрацоўя


На Гарадзеншчыне прадпрымальнікі і іншыя зацікаўленыя асобы лічаць, што пастанова беларускага ўраду выкліча пагаршэньне сэрвіснага абслугоўваньня насельніцтва.

Прадпрыемства “Гроднагандалькамплект” вядзе аптовы гандаль посудам, мэбляй, бытавой хіміяй і іншымі таварамі. Супрацоўніца, спадарыня Тацьцяна, ня верыць, што пастанова № 991 будзе дзейнічаць, упэўнена, што яе павінны адмяніць.

Спадарыня кажа, што вельмі шмат рэчаў, патрэбных людзям, у Беларусі наагул не вырабляюць, і калі яны перастануць пастаўляць на рынак неабходную прадукцыю з-за мяжы, сытуацыя, зь яе слоў, будзе непрадказальнай.

Сучаснае прадпрыемства абслугоўваньня нельга ўкамплектаваць толькі беларускімі вырабамі.
Як прыклад яна распавядае, чаго ім каштуе камплектаваньне сучаснай рэстарацыі:

“Такія рэчы, да прыкладу, як алюмініевы посуд — каструлі, катлы — у Беларусі не вырабляюцца. І шмат іншых рэчаў: розныя замежныя ўпрыгожаньні на келіхі і г.д.”

Яшчэ спадарыня кажа, што ў Беларусь імкнуцца завабіць замежных турыстаў, але што яны, зь яе слоў, пабачаць у нашых гатэлях і ў рэстарацыях? Спадарыня кажа, што ўжо неаднойчы зьвярталіся да беларускіх вытворцаў, каб тыя выпускалі запатрабаваны тавар, але з гэтага нічога не атрымліваецца.

“Усе шукаюць вешакі для папяровых ручнікоў. Мы тэлефанавалі на адно беларускае прадпрыемства, на другое… На „Белпласьце“ нам адказалі, што дзеля гэтага ім неабходна два гады на падрыхтоўку дакумэнтацыі, а на „Тэрмапласьце“ адказалі, што таксама трэба шмат папераў. І як тады гандляваць і пастаўляць? Ручнікі на вяроўку вешаць?”

Актывіст прафсаюзу гарадзенскіх прадпрымальнікаў, спадар Валянцін, упэўнены, што беларускі ўрад занадта зарэгуляваўся, але, на яго думку, такім чынам валюту ў краіну яны не прыцягнуць.

“Калі выконваць гэтую пастанову, у нас колькасьць працоўных месцаў зьменшыцца ў дзясяткі разоў. Таму што ў нас купляецца шмат камплектуючых, уся вытворчасьць на камплектуючых, асабліва вытворчасьць абутку. Тут сшываюць, склейваюць і далей пускаюць. І так жа практычна ва ўсім”.

Пракамэнтаваць указ № 991 я папрасіў таксама кіраўніцу дзяржаўнай аптовай базы “Белбакалея” спадарыню Алену. Яе ацэнка:

“Я лічу, што для нас гэта нармальная пастанова, нам яна нічога не забараняе, наадварот — дапамагае, як дзяржаўнай арганізацыі”.

Пра зацікаўленасьць чыноўнікаў у перадзеле рынку цьвердзіць намесьнік старшыні рэспубліканскага грамадзкага аб’яднаньня прадпрымальнікаў “Пэрспэктыва” Віктар Чайкоўскі:

“На сёньня рынкавыя мэханізмы ў Беларусі ня дзейнічаюць. Уся гэтая сфэра рэгулюецца ўказамі, дэкрэтамі і пастановамі. І напрамак гэтага рэгуляваньня — да таго, каб не перашкаджаць чыноўнікам з вышэйшых эшалёнаў улады, а таксама іх дзецям, кумам, сваякам весьці свой бізнэс”.

Пастанова № 991 “Аб некаторых пытаньнях набыцьця тавараў на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь” патрабуе, каб усе юрыдычныя асобы ад 3 жніўня набывалі тавары толькі ў самога вытворцы ці празь яго афіцыйных гандлёвых прадстаўнікоў. Сьпісы апошніх зацьвярджаюцца адпаведнымі дзяржаўнымі структурамі па ўзгадненьні зь віцэ-прэм’ерамі, якія курыруюць сфэру эканомікі.