Хроніка крызісу: 26 ліпеня — 1 жніўня

Ад 2 жніўня беларускае малако без адпаведных сэртыфікатаў якасьці лічыцца ў Расеі па-за законам. Кіраўнік “Роспотребнадзора” Генадзь Анішчанка неаднаразова абвінавачваў Беларусь у зрыве пагадненьняў. У адпаведнасьці з падпісанымі 17 чэрвеня дакумэнтамі, да 1 ліпеня малакаперапрацоўчыя прадпрыемствы мусілі атрымаць дазволы ў адпаведнасьці з новым тэхнічным рэглямэнтам Расейскай Фэдэрацыі. Пасьля на просьбу Менска тэрмін быў падоўжаны да 1 жніўня ўключна. Аднак укласьціся і ў гэтыя рамкі не атрымліваецца. Ці варта чакаць новых непаразуменьняў на малочным фронце?

Іван Бамбіза
Віцэ-прэм’ер Беларусі Іван Бамбіза скрытыкаваў кіраўнікоў прадпрыемстваў, якія не сьпяшаюцца атрымаць сэртыфікаты дзеля экспарту прадукцыі ў Расею. Такая пазыцыя можа прывесьці да паўтарэньня чэрвеньскага этапу беларуска-расейскай малочнай вайны, калі за неадпаведнасьць тэхрэглямэнту беларуская малочная прадукцыя ў Расеі была забароненая амаль цалкам. Гэта пацьвердзіла і прадстаўніца “Роспотребнадзора” Любоў Варапаева:

“Так, пастаўкі будуць спыненыя. Было паўгода для вырашэньня гэтага пытаньня. Увогуле ўсе нюансы справы ў кампэтэнцыі спэцыялістаў, якія гэтымі праблемамі займаюцца. Я ж магу казаць толькі пра тую пастанову, якая была ўхваленая яшчэ летась. І на сёньняшні дзень яна дзейнічае, застаецца ў сіле як для замежных вытворцаў, так і для расейскіх”.

Па Меншчыне не атрымана ніводнага дазволу.
Асобныя рэгіёны фактычна завалілі справу з атрыманьнем сэртыфікатаў у расейскіх лябараторыях. Па Меншчыне не атрымана ніводнага дазволу, па Гомельскай вобласьці — толькі 53 са 184 ўзораў, якія прадпрыемствы меліся пастаўляць у Расею. Па Берасьцейшчыне сытуацыя аналягічная — 57 са 167 заяўленых найменьняў. Лепшыя справы на Віцебшчыне — 191 сэртыфікаваны ўзор са 196.

У чэрвені за неадпаведнасьць расейскім стандартам якасьці, прынятым на ўзроўні закону пры канцы мінулага году, да ўвозу ў Расею было забаронена блізу 1,5 тысячы найменьняў малочнай прадукцыі. На такія захады кіраўніцтва Беларусі адрэагавала надзвычай балюча — ад малочнага экспарту, які больш чым на 90% завязаны на рынак Расеі, штогод беларускі бюджэт багацеў на 1 мільярд даляраў. Праўда, міністар сельскай гаспадаркі і харчаваньня Беларусі Сямён Шапіра лічыць: нават калі беларускі бок і не пасьпее ў тэрмін аформіць усе пададзеныя заяўкі, вялікай праблемы ня будзе. Пасьля чэрвеньскага канфлікту ў Расею пастаўлялася блізу 600 відаў беларускай малочнай прадукцыі, і калі ўрэшце застанецца паўтысячы, то гэтага будзе дастаткова. Па словах міністра, атрыманьне сэрфтыфікатаў — працэс “пэрманэнтны”.



28 ліпеня прэм’ер-міністар Беларусі Сяргей Сідорскі заслухаў справаздачы ўрадавых чыноўнікаў пра тое, як нацыянальная эканоміка працавала сёлета ў І паўгодзьдзі. Было агучана: вытворчасьць прамысловай прадукцыі за першыя 6 месяцаў 2009 году зьнізілася, склаўшы да аналягічнага пэрыяду мінулага году 96%.

Аднак прагнозы на пэрспэктыву гучэлі пераважна аптымістычныя. Першы віцэ-прэм’ер Уладзімер Сямашка запэўніў: па выніках году паказьнікі будуць гэткія ж, як і леташнія. Як лічыць Сямашка, у ІІ паўгодзьдзі чакаецца зьніжэньне затаваранасьці — ад цяперашніх 95% сярэднямесячнага аб’ёму вытворчасьці да 75%. Праўда, запасы мяркуецца зьмяншаць праз скарачэньне вытворчасьці нехадавой прадукцыі.

Адказнасьць за падзеньне аб’ёмаў вытворчасьці больш як на 20% ускладзеная на Міністэрства прамысловасьці. Трактарабудаўнікі за 6 месяцаў прадалі ў Расею 6 тысяч трактароў, хоць за такі ж пэрыяд летась — удвая больш. Значна горшыя справы ў аўтазаводцаў: за паўгода ў Расею прададзена блізу васьмі сотняў машынаў, што ледзьве ня ў 10 разоў меней за леташнія паказьнікі. Чыноўнікі казалі пра неабходнасьць дывэрсыфікацыі паставак. У якасьці ўзору называлася Вэнэсуэла, дзе вядзецца стварэньне зборачных вытворчасьцяў трактароў і грузавікоў. Колішні памочнік генэральнага дырэктара МАЗу Валянцін Лопан кажа: тэарэтычна такія пэрспэктывы магчымыя, аднак рэалізацыя праектаў патрабуе шматмільярдных укладаньняў. А ва ўмовах крызісу на такія выдаткі пайсьці няпроста:

Валянцін Лопан
“Калі ў Вэнэсуэле ёсьць рынак збыту, ёсьць грошы (гэта нафтавая краіна, а нафта, дзякуй Богу, пайшла ўверх), то гэта, безумоўна, трэба скарыстаць. Былі размовы, каб у выпадку з аўтамабільным заводам ня проста зборка была з нашых машынакамплектаў, але самім і маторы рабіць. На маю думку, яны не зусім добра ўяўляюць, што гэта такое — поўны цыкл вытворчасьці ад рухавіка да аўтамабіля. Гэта калясальныя інвэстыцыі, мільярды даляраў. І ўсё ж калі ёсьць рэвалюцыйнае жаданьне — стварыць у сябе цэлую галіну прамысловасьці — то трэба дапамагаць ім гэта рабіць”.

Старшыня Нацыянальнага статыстычнага камітэту Ўладзімер Зіноўскі паведаміў: адмоўнае сальда зьнешняга гандлю за паўгодзьдзе склала амаль 4 мільярды даляраў, што ў 1,8 раза больш за адпаведную лічбу першага паўгодзьдзя 2008-га. Адна з прычынаў — скарачэньне экспарту на 47%.



Наступствы эканамічнага крызісу ўзмацняюць анамаліі сёлетняга надвор’я. Навукоўцы Нацыянальнай Акадэміі навук кажуць, што збожжа намалоцяць істотна меншы, чым летась — шмат дзе камбайны дагэтуль ня могуць выехаць на жніво: дарогі гразкія, а збажыну прыбіла дажджом.


З рэгіёнаў паведамляюць, што наўрад ці ўдасца выратаваць сапсаваную дажджамі бульбу. Жыхарка Клецкага раёна Анастасія Краўчанка скардзіцца, што ня можа самастойна абараніць надзел ад залевы:

“Усё стаіць у вадзе, хоць на лодцы выяжджай. Суседка раней у ботах магла вылезьці на двор, цяпер — не. Будзе зьвяртацца ў Клецкую інспэкцыю Міністэрства па надзвычайных сытуацыях, каб выпампоўвалі ваду. У папярэднюю залеву выратавальнікі два дні ваду адпампоўвалі. А цяпер ня ведаю ці дапамогуць”.

Затоплены панадворак у Магілёве
Па дадзеных Клецкай інспэкцыі МНС, на тэрыторыі раёна ад дажджоў моцна пацярпелі больш як 800 падворкаў. У гаспадарках пад вадой 110 гектараў бульбы і 900 — збажыны. Гаворыць кіраўнік аднаго з сельгаскаапэратываў:

“Капаць бульбу не мае сэнсу. Наймі людзей на працу — яны паграбуцца, а зьядуць і вып’юць на шмат больш. У такім разе бульба не апраўдае сябе. Я вось таксама думаю, як дапамагчы нашым працаўнікам, участкі бульбы якіх вынесены на палі гаспадаркі. Ім жа цяпер трэба вярнуць грошы за пасадку і хімічную апрацоўку. Мы ж не разьлічвалі на такое ліхалецьце…”.

Гіне сёлета ўраджай і на Палесьсі. Паводле назіраньняў эколяга Аляксея Дуброўскага, у зоне мэліярацыі не спраўляюцца зь залевай помпавыя станцыі:

Аляксей Дуброўскі
“На Піншчыне каля 70 помпавых станцыяў на поўную магутнасьць працуюць. Аднак на некаторыя палі немагчыма тэхніцы ўлезьці. Усюды, дзе нізкія гароды, яны цалкам залітыя вадой. Бульба там ужо прапала. Бо калі бульба знаходзіцца тыдзень пад вадой, то яна прападае”.

Паводле падлікаў фэрмэра з Дрыбіншчыны Аляксандра, ён страціў ужо да траціны свайго ўраджаю:

“Выдаткі, якія былі ўкладзеныя, не акупяцца. Бульба там, дзе нізкія месцы, — страты да 50%, а можа й болей. Стаіць вада. Немагчыма выкарыстаць тэхналёгіі вырошчваньня. Па полі нельга праехаць. Бяда — вось гэтае надвор’е. Бяда. Калі далей так будзе, то страты будуць вялікімі”.

У дзяржаўных сельгаспрадпрыемствах таксама прагназуюць вялікія страты. Ураджай зерневых сёлета не саступае леташняму, але як яго зжаць? Наракае аграном адной з глускіх гаспадарак:

Ураджаю бульбы, напэўна, сёлета ня будзе. Калі зерневыя вырасьці пасьпелі, то бульба — вада стаіць у барознах.
“Дажджы ідуць. Камбайнам на поле ня ўлезьці. Палёгліца вялікая. Такое паляганьне — яно ж такое, як катком укатанае, — канечне, можа прарасьці ў коласе. Бульба ўся ў вадзе стаіць. Ураджаю бульбы, напэўна, сёлета ня будзе. Калі зерневыя вырасьці пасьпелі, то бульба — вада стаіць у барознах”.

Нацыянальная Акадэмія навук рыхтуе аналітычную запіску аб стане ўраджаю ў Беларусі. Адзін з распрацоўшчыкаў гэтага дакумэнта паведаміў:

“Я асабіста даваў прагноз, што ў Беларусі сёлета будзе намалочана 7 мільёнаў 388 тысяч тон збожжа ў дапрацаваным выглядзе. Але сёньня баюся нават за гэтую лічбу, нягледзячы на тое, што міністар Шапіра патрабуе: „10 мільёнаў тон збожжа мусіць быць!“. Мы такога ўраджаю не возьмем. Я сёньня заяўляю, што такога, як ў мінулым годзе, валу збожжа ня будзе”.

Берасьцейскае абласное ўпраўленьне Міністэрства надзвычайных сытуацыяў абвясьціла, што стыхія ў ліпені пашкодзіла ў рэгіёне больш за 200 жылых дамоў. Іх дахі сарваў вецер, дажджавая вада заліла памяшканьні.

На Магілёўшчыне, як сьведчаць папярэднія падлікі, страты ад залевы складуць не адну сотню мільёнаў рублёў. У вёсцы Быстрык, што за 10 кілямэтраў ад абласнога цэнтру, сяляне ня ведаюць супакою:

“Вада ў нас пад падлогаю стаіць яшчэ. Трэба МНС выклікаць. Павыносілі ўсё сушыць во. Цяпер вада троху зьбегла з гародаў, аднак усё адно страты. Гэта ўжо нас трэці раз так”.

Страхавікі — як трунары: пахаваюць і забудуць крыж паставіць.
29 ліпеня — апошні дзень, калі пацярпелыя ад залеваў маглі паведаміць страхавым кампаніям пра нанесеную ім шкоду. Фэрмэр з Капыльшчыны Анатоль Круглякоў вырошчвае элітныя гатункі бульбы, але кажа, што па дапамогу да страхавіка ня пойдзе:

“Страхавікі — як трунары: пахаваюць і забудуць крыж паставіць. Калі зь імі займацца, то сабе даражэй. Бо калі будзе страхаваць, там вельмі вялікія папярэднія грашовыя складкі. Урэшце, калі нейкая частка ўраджаю загіне, то ня варта вадзіцца зь імі”.

У навукова-практычным цэнтры Нацыянальнай Акадэміі навук па земляробстве пацьвердзілі рэальныя лічбы стратаў ураджаю ад стыхіі. Удакладняе супрацоўнік цэнтру Канстанцін Шашко:

“Мы ўжо сёньня фіксуем вялікія страты на пасевах трыціка́ле. Нават на не палеглых участках адбылося зьніжэньне масы адной тысячы зерня ад 6 да 8 грамаў, а на палеглых — амаль на 40%. У такім стане абмалочана толькі 5%. Якія страты будуць далей, можна толькі здагадвацца”.

Між тым, паводле афіцыйных дадзеных, гаспадаркі Беларусі ўжо намалацілі першы мільён тон збожжа. Міністар сельскай гаспадаркі і харчаваньня Сямён Шапіра настойвае на неабходнасьці перакрочыць 10-мільённы рубеж, тады як спэцыялісты НАН сумняюцца у здольнасьці атрымаць у цяперашніх экстрэмальных умовах нават 7 мільёнаў тон збожжа.