Чым займаюцца былыя палітвязьні? Наколькі лёгка чалавеку, які меў працу і пасаду, а потым трапіў за краты, пасьля выхаду адаптавацца на волі? Ці магчыма вярнуць свой бізнэс і партнэрскія сувязі?
СЛУХАЦЬ:
Андрэй Клімаў
Былы палітвязень Андрэй Клімаў пакуль нідзе не працуе. Ён паведаміў, што мае шэраг праблемаў са здароўем, бо тры тэрміны зьняволеньня не прайшлі бяссьледна. Палітык лічыць, што яму спатрэбяцца гады, каб паправіць сваё псыхічнае здароўе.
У 1998 годзе Андрэй Клімаў быў дэпутатам Вярхоўнага савету, пасьпяховым бізнэсмэнам, выдаваў сваю газэту . Калі яго ўзялі пад варту, гэта стала шокам ня толькі для яго, але й для сваякоў і знаёмых.
“Я ж тады думаў, што барацьба ішла за дэмакратыю, але — не, за іншыя каштоўнасьці. Мае намаганьні былі адны, але яны не дасягалі сваёй мэты. Напрыклад, пешаход ступае на дарогу, бачыць машыну, якая не тармозіць, і адыходзіць пачакаць, пакуль праедзе. Бо нармальны чалавек сабой не рызыкуе. Я апынуўся ў такой сытуацыі.
Цяпер я бачу, што можна было б дзейнічаць інакш, тым больш цяпер адкрываюцца такія магчымасьці. Але я пасьля сваёй апошняй адседкі за паўтара года па здароўі і псыхалягічным стане яшчэ не аднавіўся. Я нават нейкі час быў у паніцы — наколькі гэта ўсё можа зацягнуцца. Яшчэ не адзін год мне спатрэбіцца, каб аднавіцца як асобе, як тады, у 90-я гады, каб будаваць, ствараць”.
Андрэй Клімаў ад 1998 да 2002 году быў у турме паводле некалькіх абвінавачаньняў. У яго канфіскавалі ўсю маёмасьць і бізнэс. Праз тры гады ён зноў трапіў у сьледчы ізалятар, пасьля таго як арганізаваў вулічную дэманстрацыю 25 сакавіка пад лёзунгамі адстаўкі Аляксандра Лукашэнкі. Суд пакараў яго абмежаваньнем волі. Пакараньне палітык адбываў у вёсцы Баршчоўцы на Гомельшчыне.
3 красавіка 2007 году Андрэй Клімаў зноў на 10 месяцаў апынуўся за кратамі. Выйшаў на волю ён згодна з указам кіраўніка дзяржавы.
Сяргей Скрабец
Дэпутат Сяргей Скрабец таксама меў свой бізнэс і быў чалавекам высокага дастатку. У Палаце прадстаўнікоў ён увайшоў у дэпутацкую групу “Рэспубліка”. Палітыка абвінавацілі ў эканамічных злачынствах і пасадзілі за краты.
“Мне зрабілі добрую прышчэпку ад бізнэсу ў тых умовах, у якіх мы жывем, ва ўмовах дыктатуры, калі няма вольнага рынку, свабод… Я ўзначальваў прадстаўніцтва расейскага канцэрну “Бабаевский” , які інвэставаў у “Камунарку” і г.д…
Я маю дзьве вышэйшыя адукацыі, але на працу ўладкавацца не магу. Працаваў у лазьні, дворнікам, таксістам. Дарэчы, небясьпечная праца. Аднойчы селі двое п’яных ззаду і ледзь не забілі за грошы.
Робяць усё, каб выжыць з краіны, але пры гэтым за мяжу не выпускаюць”.
Што ж тычыцца былых сяброўскіх сувязяў, то былы палітвязень кажа, што сяброў амаль не засталося. Калі раней увесь час тэлефанавалі, то цяпер тэлефон пераважна маўчыць.
“Ніхто не захацеў са мной размаўляць. Нават, калі чулі маё прозьвішча, кідалі слухаўку. Гэта вялікі страх. Вось сябры, зь якімі я пазнаёміўся ў парлямэнце, Парфяновіч і Фралоў — гэта сапраўдныя сябры. Ну, яшчэ Валодзя Навасяд. Тых, зь якімі я працаваў у бізнэсе, не засталося. Гэта грошы, гэта вялікая адказнасьць. Гэта ж людзі, якія займаюць пасады і ў прамысловасьці, і ў Саўміне”.
Артур Фінькевіч
Іншая сытуацыя ў моладзевых актывістаў. Лідэр руху “Маладая Беларусь” Артур Фінькевіч кажа, што кола прыяцеляў ня звузілася пасьля выхаду на волю, але большасьць сяброў дзяцінства ён страціў.
“Замест тых людзей, зь якімі я вучыўся і працаваў, прыйшлі новыя маладыя людзі, якія ўваходзяць у розныя моладзевыя арганізацыі. З маімі сябрамі дзяцінства я цяпер не кантактую, за выключэньнем пары чалавек. Баяцца кантактаваць зь людзьмі, якія навідавоку і займаюць актыўную грамадзянскую пазыцыю. Яны папросту баяцца быць заўважанымі ў кантактах”.
Артур Фінькевіч — адзін з самых маладых апазыцыянэраў, які трапіў за краты падчас прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі за палітычныя графіці. Знаходзячыся ў турме, ён атрымліваў шмат паштовак і словаў падтрымкі. Хлопец кажа, што лёгка адаптаваўся, калі выйшаў на волю. Лічыць, што гэта — дзякуючы сваёй маладосьці.