Super Mario. Тыдзень з блогерам

“АБЛОГА. ТЫДЗЕНЬ З БЛОГЕРАМ” — летні праект сайту “Свабоды”, аўтарскі агляд самых цікавых публікацый, камэнтароў, дыскусій у беларускай блогасфэры ад вядомых блогераў. Пяць разоў на тыдзень.

На гэтым тыдні цікавосткі ў фрэнд-стужцы, суполках Жывога Журналу і іншых плятформаў шукае і камэнтуе
balachon.

Усе мы ў нешта гуляемся. Хтосьці ў клясыкі, а хтосьці ў футбол. Нехта ў арлянку, а нехта ў брэйн-рынг. Для кагосьці само жыцьцё — вялікая гульня. А для некага самай вялікай гульнёй у жыцьці быў і застаецца які-небудзь “Super Mario” на 8 біт. І калі чалавек вядзе інтэрнэт-дзёньнік, то пазбавіцца ад спакусы час ад часу згадваць пра свае любімыя гульні, забаўкі, захапленьні проста немагчыма. Момант гульнёвасьці, які прысутнічае ў блогавым допісе, зазвычай гарантуе вялікую чытацкую ўвагу і камэнтары. Нездарма чалавека называюць homo ludens — чалавек-гулец. А ўжо каб блогер, ды не гулец, дык гэта хутчэй нонсэнс.

Чым жа забаўляліся беларускія блогеры апошнія дваццаць чатыры (ці трохі болей) гадзіны?

Лічбы, час, любімыя заняткі


Lejf пад настрой гуляў зь лічбамі і магіяй часу: “У новым стагодзьдзі “сакральныя” лічбы губляюць свой стары сэнс і набываюць новы. Нельга больш сказаць “у чатырнаццатым”, “у сорак першым” ці “ў дзевяноста першым”, маючы на ўвазе войны, катастрофы і вялікія падзеі мінулага стагодзьдзя. Цяпер 17-ты год — гэта пакуль што проста год, калі мне будзе трыццаць. А ў некалі трагічным 37-м мне ўсяго толькі споўніцца 50.

Але ўсё адно я вельмі слаба ўсьведамляю тое, што жыву на пачатку стагодзьдзя, і мне дагэтуль мала верыцца, што гэты новы год будзе ўжо ажно 2010-м. Хаця я вельмі люблю час, як любяць марозіва і зялёны колер. Гэтак прымітыўненька. І часта думаю пра час, каб уявіць сябе глыбакадумным і прадэманстраваць самому сабе жалкае падабенства рэфлексіі“. Нават самыя нявінныя развагі пра час — гульня на скрут галавы. Але яна вабіла і сьвятога Аўгустына, і Марціна Гайдэгера.

Annahonda таксама бавіцца зь лічбамі і часам, марачы пра хуткую магчымасьць уволю нацешыцца любімымі заняткамі: “Пайшоў апошні тыдзень перад адпачынкам.

Зь нядзелі пачала лічыць дні да яго. Цяпер вось думаю, што можна пачаць адлік гадзінаў…

І — пуск! Буду сабе ўволю фатаграфаваць, пісаць рэцэнзіі, выпраўлю карэктарскія праўкі ў новай кнізе, пачну пісаць яшчэ адну кнігу — пра крытыку… І ўсё гэта днём ці раніцай, а не пасьля працы, прыхапкам!

Я так эмацыйна стамілася, што ў мяне нават няма сіл схадзіць у якую турагенцыю”.

Між тым цудоўная дзяўчына Chris пасьпела ўжо вярнуцца з Турэччыны, дзе ня толькі ўласна адпачывала, але і назапашвала матэрыялы для сваёй любімай цацкі — standalone-блога. Гэтым разам увазе чытачоў яна прапануе першую частку фотасправаздачы з падарожжа па турэцкіх палях.



Кіно і фрысьбі


Паглядзеўшы фільм пра трансформэраў, beekeeper_ зьвярнуўся да адной са сваіх улюбёных забавак — стварэньня мінімалістычнай gif-анімацыі:



Сваё захапленьне блогер іранічна камэнтуе, намякаючы на сямейныя легенды: “Гены слыннага беларускага аўтабота Максімуса Танка, мабыць, даюць пра сябе знаць”.

А блогерка myshyn зьмясьціла відэаролік зь лялечнай пастаноўкі казкі “Зайкава хата”, зробленай у хатніх умовах. Уладальнікі першай часткі дыску “Начная чытанка” без сумневу пазнаюць у голасе лялькавода-мужчыны аднаго з сучасных беларускіх празаікаў.

На чарговую рэалку сваіх фрэндоў склікае branislavawna, каб пагуляць у фрысьбі і пакідаць бумэранг. Дарэчы, гэткія рэалкі менскіх блогераў становяцца завядзёнкай. Апроч шпурляньня дыскаў, менчукі ня супраць, напрыклад, пастраляць з пнэўматычнага пісталета, як гэта было на мінулых выходных:



Відавочна, што хутка падобным блогерскім забавам будуць прысьвячацца вершы, апавяданьні і карціны алейнай фарбай.

Сшыткі і мыльныя жарсьці


У суполцы minsk1067 удзельнік idiotcol зьмясьціў падборку фотавыяваў вокладак вучнёўскіх сшыткаў, што выдаваліся ў Менску на пачатку ХХ ст.:



Цікава было б даведацца і пра зьмест усіх гэтых сшыткаў. Ці не захаваліся там на апошніх старонках якія-небудзь тагачасныя забаўкі, накшталт дзявочай варажбы?

31-гадовая бабруйчанка irena_dominique13, напэўна, зусім не варажыла і цяпер мусіць забаўляцца нечаканымі навінамі пра шлюбы малодшых крэўнікаў: “Не, мае маленькія мяне вырашылі замарыць… Надоечы кузіна ашчасьлівіла, цяпер вось надышла чарга самага малодшага кузэнчыка. Дваццаць гадоў усяго, а туды ж — жаніцца вырашыў. З 17-гадовай… Трымайце мяне, дзеўкі! Ён мяне на Вы і па імені ды па бацьку называе? Ха! Ён у мяне пры адным гуку майго імя заікацца будзе, жанацік!” Такая вось санта-барбара бабруйскага разьліву. Спадзяюся, што irena_dominique13 ня надта загуляецца ў мыльную опэру і ўсе ўрэшце будуць задаволеныя.

Байцы і прынцэсы


Фатографы таксама ня супраць пагуляць. Іншым разам іхнія гульні наўпрост зьвязаныя зь фіксацыяй эпізодаў прыдуманай рэчаіснасьці. Адзін з удзельнікаў колішняга “Дня блогера” eugenebuzuk зьмясьціў пастановачнае, але вельмі экспрэсіўнае фота, на якім вулічны баец гатовы рынуцца наперад, каб абараніць дзяўчыну.



Можа, гэта і ёсьць сучасны беларускі Super Mario са сваёй прынцэсай?