Аляксандар Лукашэнка возьме ўдзел у нефармальнай сустрэчы кіраўнікоў краін-сябраў АДКБ у Кіргізіі. Ці падпіша ён дакумэнты па стварэньні калектыўных сіл апэратыўнага рэагаваньня?
СЛУХАЦЬ:
Напярэдадні візыту памочнікі прэзыдэнтаў Расеі і Беларусі абмяняліся заявамі. З расейскага боку Сяргей Прыходзька заявіў, што “калі Лукашэнка туды паедзе, то павінен падпісаць дакумэнты” па стварэньні калектыўных сілаў апэратыўнага рэагаваньня. Таксама ён адзначыў, што афіцыйны Менск не прасіў Дзьмітрыя Мядзьведзева пра асобную двухбаковую сустрэчу.
На гэта памочнік прэзыдэнта Беларусі Валянцін Рыбакоў заявіў, што “Беларусь, як сувэрэнная незалежная дзяржава, сама будзе вызначаць, якія менавіта дакумэнты АДКБ і ў якія тэрміны падпісваць”. Таксама спадар Рыбакоў задаволены, што “расейскі бок нарэшце перастаў выкарыстоўваць паслугі “ананімных” крыніцаў у адміністрацыі прэзыдэнта Расеі”.
Камэнтуючы заяву С.Прыходзькі, кіраўнік праўладнага аналітычнага цэнтру “Экоом” Сяргей Мусіенка сказаў, што, нарэшце, крамлёўскі ананім сумленна сябе назваў:
“Мы не павінны спускаць падобныя рэчы. А інакш у некага, а цяпер мы гэтае прозьвішча ведаем, узьнікне адчуваньне ўсёдазволенасьці і жаданьне ўказваць нам, як жыць, якое малако піць, у якія саюзы ўступаць, куды сваіх вайскоўцаў пасылаць. І падобныя заявы зьяўляюцца перад любымі сустрэчамі нашых прэзыдэнтаў. Гэта як праява нейкага хваравітага пакрыўджанага самалюбства праяўляецца — нейкія інтрыгі, чуткі распускаюцца напярэдадні візытаў. Спадзяюся, пасьля саміту гэтаму будзе пакладзены канец”.
Расейскія дэпутаты раяць кіраўніку Беларусі лепш усё ж падпісаць дамовы. Намесьнік старшыні камітэту расейскай Дзярждумы па міжнародных справах (фракцыя “Адзіная Расея”) Андрэй Клімаў заяўляе, што ён мусіць гэта зрабіць дзеля сваіх “доўгатэрміновых інтарэсаў”:
“Зыходзячы зь лёгікі нашых дачыненьняў, ён павінен падпісаць. І сытуацыі, якія былі ў выніку малочнага эпізоду, мелі больш эмацыйны характар. Бо, калі разабрацца, нічога антыбеларускага не было зроблена. Я спадзяюся, цяпер мы разабраліся і можна рухацца далей. І гэтая арганізацыя не стваралася дзеля Лукашэнкі. І ў яго доўгатэрміновым інтарэсе быць у гэтай арганізацыі, і, я думаю, ён гэта разумее”.
Паводле дэпутата Канстанціна Затуліна, адмова А.Лукашэнкі падпісаць дакумэнты ня будзе спрыяць разьвіцьцю беларуска-расейскіх стасункаў:
“Такая пазыцыя прэзыдэнта Беларусі ідзе ўразрэз зь яго ўласнымі сьцьвярджэньнямі пра жаданьне разьвіваць інтэграцыю і ўрэшце рухацца па шляху стварэньня саюзнай дзяржавы. Я спадзяюся, што кіраўнік Беларусі ўзважвае ўсе гэтыя абставіны. Далейшыя канфлікты ня выгадныя ні Расеі, ні Беларусі. А разьвіваць свае стасункі з Захадам не абавязкова шляхам канфліктаў з Расеяй. А то рана ці позна можа стацца так, што Захаду з Расеяй наконт Беларусі будзе лягчэй дамовіцца, чым Расеі і Беларусі ва ўласных справах. Вось гэтая сытуацыя зусім будзе нявыгаднай для Беларусі і асабіста для Лукашэнкі”.
Камэнтуючы сытуацыю, беларускі палітоляг Андрэй Фёдараў сказаў, што калі Аляксандар Лукашэнка не падпіша дамову, то Беларусь ня будзе ўдзельнічаць у калектыўных сілах. Але гэта ніяк не паўплывае на лёс АДКБ.
“Я думаю, яны ўсё роўна будуць створаныя. Гэтыя хлопцы з законнасьцю заўсёды даволі вольна абыходзіліся. Яны гэта лёгка абыдуць. Калі ён нават і падпіша, я ўпэўнены, што ня будуць нашы хлопцы там ваяваць. Можа, у гэтых сілах яны неяк удзельнічаць будуць, але ў “гарачыя кропкі” на тэрыторыі СНД амаль неверагодна, што іх накіруюць. АДКБ была створана Масквой адмыслова, каб захаваць уплыў ці аднавіць уплыў на постсавецкай прасторы. І нічога сур’ёзнага з гэтага не атрымаецца”.
Аляксей Кароль называе парады з Масквы ціскам, бо Расеі вельмі патрэбна, каб Лукашэнка падпісаў дамовы.
“Інакш відавочна перад усім сьветам аслабляецца яе імідж як вялікай краіны, якая будзе і хоча ўплываць на прасторы былога Савецкага Саюзу. Адсюль гэты ціск. Дзеяньні, хутчэй за ўсё, будуць эканамічнага характару, працяг тых жа войнаў. Я думаю, пазыцыя А.Лукашэнкі будзе вызначацца той самай лініяй — торгу, лявіраваньня, мітусьні паміж Захадам і Ўсходам. Яму патрэбныя пэўныя прэфэрэнцыі з боку Расеі і з боку Захаду. Хутчэй за ўсё, ён нешта падпіша, а нешта не падпіша, каб пакінуць сабе калідор для манэўра”.
С.Прыходзька заявіў таксама пра гатоўнасьць Расеі ўрэшце перадаць Беларусі старшынёўства ў АДКБ. Расея была вымушаная ўзяць на сябе функцыі старшыні ў чэрвені, калі Аляксандар Лукашэнка адмовіўся ехаць на маскоўскі саміт АДКБ з-за малочнай вайны. У выніку Беларусь не падпісала дамову аб стварэньні калектыўных сілаў апэратыўнага рэагаваньня і заявіла, што падпісаныя безь яе ўдзелу дакумэнты — нелегітымныя.