ГРУШЫ, ПЕРЦЫ, СЛАНЕЧНІКІ. Тыдзень з блогерам

balachon

“АБЛОГА. ТЫДЗЕНЬ З БЛОГЕРАМ” — летні праект сайту “Свабоды”, аўтарскі агляд самых цікавых публікацый, камэнтароў, дыскусій у беларускай блогасфэры ад вядомых блогераў. Пяць разоў на тыдзень. На гэтым тыдні цікавосткі ў фрэнд-стужцы, суполках Жывога Журналу і іншых плятформаў шукае і камэнтуе balachon --> http://balachon.livejournal.com/ .

Блогер сеяў агурок...


Цікава, што б было, каб у Францішка Скарыны, які пасьпеў адысьці ад сваіх ранейшых справаў і стаў служыць каралеўскім садоўнікам у Празе, зьявілася магчымасьць весьці блог? Стаў бы ён цешыць фрэндаў гісторыямі са сваёй насычанай біяграфіі ці распавядаў бы адно пра тое, як даглядае грушы? Зразумела, што дакладнага адказу тут быць ня можа ў прынцыпе, а вось урадлівай глебы для разгулу фантазіі — з коптурам.

Цяперашнія беларускія блогеры, здаецца, яшчэ не зусім адышлі ад зямных і віртуальных марнасьцяў. Але сёй-той паміж разваг пра эканамічны крызіс і праблемы праграмаваньня гатовы паўстаць сапраўдным садоўнікам. Хай сабе і не каралеўскім. Андрэй Рамашэўскі (b0rmann), які жыве ў Чэхіі, па-гаспадарску расказвае пра навіны з уласнага саду: “цалкам у мяне ў гэтым годзе вырасьлі тры абрыкосы. першы вісеў невысока, так я яго зьеў яшчэ перад басовішчам. а яшчэ два — вышэй. калі я сёньня вылез на іх паглядзець, так адразу зразумеў што троху спазьніўся. былі ўжо мяккія і занадта салодкія. хаця гніць яшчэ не пачалі — есьці можна. а ў садзе тым часам дасьпяваюць грушы, сьлівы, пэрсікі й грэцкія арэхі...”

А вось яго менскі калега fat1901 больш перавагі аддае вырошчваньню гародніны. Праўда, для гэтага яму не даводзіцца корпацца на ўласных сотках ці запрашаць гастарбайтэраў: “Можаце лічыць мяне дзіваком ці кім заўгодна, але мне падабаецца, калі на вакне расьце нешта карыснае, а ня проста банальныя кветкі (хоць і да кветак стаўлюся прыязна, калі не пераўтвараць хату ў аранЖЖарэю). Дык вось, зараз на маім падваконьні годна калосяцца пятрушка, перац і памідоры. Дарэчы, і выглядае яно досыць выкшталцоным кампазыцыйным ансамблем :)

Майму перцу ўжо больш за год. Колькі прадукту я зь яго зьняў за гэты пэрыяд, дакладна невядома, але ж нямала. Чырвоныя салодкія перчыкі ўдала дапаўнялі любую страву, якую я гатаваў. На вуліцы сьцюжа, а ў мяне чырванеюць перцы :) Быццам бы і настрой адразу не такі паганы робіцца”. Так і хочацца сказаць: беларускіх блогераў па пладах іх пазнаеце.

Сады сьвядомасьц


Але ня ўсім уладальнікам сеціўных дзёньнікаў шчасьціць шчыра радавацца сваёй садавіне і гародніне. Некаторых заносіць у сады і гароды сьвядомасных нягод. Менская аўтарка расейскамоўных раманаў-фэнтэзі Вольга Грамыка (volha) з іроніяй разважае пра асаблівасьці міжасабовай камунікацыі: “Зайшла неяк у кампаніі гутарка пра псыхалёгію. Маўляў, праблема неразуменьня паміж людзьмі розных псыхатыпаў палягае ў тым, што яны няслушна расшыфроўваюць падаваныя суразмоўнікамі сыгналы, аж да супрацьлеглага значэньня, як у коткі з сабакам: першая бурчыць, калі сярдуе, а другі, калі задаволены. І, нібыта, калі навучыцца клясыфікаваць людзей і камунікаваць з кожным тыпам на зразумелай яму “мове” (і самому слушна тлумачыць чужыя паводзіны), то будзе ўсім шчасьце.

І вось ужо тыдзень сяджу і думаю: як, ну як жа адрозьніць псыхатып, які цябе не разумее, ад проста несумленнай навалачы??? :)))”

Невядома, зь якімі псыхатыпамі сутыкнулася блогерка wroblewska, але была трохі ўзрушана ад несупадзеньня ўласнага “Я-вобразу” зь меркаваньнем староньніх людзей: “Сёньня ажно два (!) разы мяне назвалі “жэншчына”. На базары. Спачатку я падумала, што зусім пара на курорт — бо такая кікімара можа быць толькі “жэншчына”, а потым паглядзела на свае торбы і супакоілася — лэдзі і дамы напэўна з такімі ня ходзяць. Ня кажучы пра дзяўчат і “дзевушак”. Напэўна, шаноўная wroblewska ніколі не назірала, як прадавачак, касірак, столаначальніц у гадах пэўныя мужчынкі гукаюць акурат словам “дзевушка”.

Тым часам rubleuskaja была ў Нацыянальнай бібліятэцы на адкрыцьці выставы “Мастацтва аўтсайдэраў”. Выстава адметная тым, што прэзэнтуе работы “жыхароў” псыханэўралягічнага дыспансэра. Блуканьне ў гэткага кшталту сьвядомасных садах пакідае моцнае ўражаньне: “Хведар Ястраб, адзін з арганізатараў выставы, доўга распавядаў, якая яна жыцьцесьцьвярджальная, якія яркія фарбы на карцінах, і вось бы нашым прафэсійным мастакам… М-да… Ужо пасьля прагляду першага дзясятку карцінаў нам фізычна зрабілася кепска. Усе выбрыкі постмадэрністаў перад гэтым проста бутафорыя, ненатуральная, як дарослы ў ролі дзіцяці. Та-ак, фарбы яркія… Як на карцінах Ван Гога. Дарэчы, некаторыя палотны дужа да ягонай манеры падобныя. Але жоўтая фарба, панове, там ня сонечны прамень, а колер страшэннага болю і жаху. Некаторыя карціны сапраўды выбітныя. Аўтары калісьці былі прафэсійнымі мастакамі, архітэктарамі… Некаторыя — нібыта тыповая інсіта. Але… Ня мае значэньня, што малявалі аўтары — ружы, яблыкі, дрэвы. Ван Гог вунь бульбу маляваў… Атрымліваюцца ілюстрацыі да Стывена Кінга, Ціма Бартана, Эдгара По, толькі гэта ж — не ілюстрацыі, а нечая рэальнасьць, замалёўкі з натуры. Ніколі не забудуся “Букет нумар два”. Сінія ружы, якія дакладна нагадваюць вырваныя вочы, наколатыя на пруты”.

Пасьля аднаго толькі ўяўленьня гэтых карцін пытаньне пра тлумачэньне сноў, якое задае dzieuchonka, выглядае чыстым анэкдотам: “Да чаго сьніцца, што я патрапіла ў калёнію строгага рэжыму на 2 гады? З выкладчыкам геабатанікі на пару? А шчэ там хлапец быў такі сымпатычны, што мне нат прачынацца не хацелася...”

Не згубіцца ў дзядоўніку будняў


А вось kublадкрыў для сябе і прадэманстраваў фрэндам сюррэалістычныя беларускія краявіды, што ўзьніклі дзякуючы шматгадовым стараньням садоўнікаў прамысловае рэвалюцыі — шматлікія ваўкавыскія крэйдавыя кар’еры, што расьцягнуліся на трыццаць кілямэтраў.



Kubl і зачараваны, і зьбіты з панталыку ўбачаным: “Роўны круг блакітна-бірузовай вады, да якога сходзяцца белыя, трохі аброслыя горы з выдзеўбанымі крэйдавымі прыступкамі. Унізе цалкам чырвоны ад гліны паўвостраў, бліжэй да вады пераходзячы ў белы колер. Уся суша пакрытая крэмнямі даволі вялікіх памераў, якія таксама чырвоныя і выглядаюць, як мэтэарыты на Марсе. Менавіта на гэтым паўвостраве я пераначаваў і раніцай выкупаўся. Ваду такой чысьціні я бачыў, бадай, толькі ў Сьвіцязі. Цікава, што пад вадою гэтага кар'ера знаходзіцца будаўнічы кран, у добрае надвор'е яго нават відаць”.

Трохі перцу ў жыцьцё v1rt дадала неабходнасьць службы ў рэзэрве, пра якую ён зьбіраецца пісаць у блогу ўсе наступныя сорак дзён. Першыя ўражаньні ў яго станоўчыя: “Выдатна! Я захаваў тэлефон і нават змог яго трохі зарадзіць. Учора разьмясьціліся ў казарме толькі ў 23 гадзіны, я, дарэчы, у 1-й роце ў 5-м узводзе, нас пакуль толькі пяцёра, сёньня чакаем папаўненьня з маладых =). Наагул пакуль, па сутнасьці, не было яшчэ ніводнага нэгатыўнага моманту: сьняданак выявіўся зусім уежным, дазволілі насіць шкарпэткі замест анучак, форму і абутак выдалі па памеры, іншыя пацаны ўсе здаюцца адэкватнымі. Хіба што ложкі лайно поўнае, спачатку заснуць ня мог, пакуль не запоўз вышэй. Наконт лазьні Яна мела рацыю толькі часткова, дзякуй богу, вада была гарачая =) Пасьпелі ўжо мінімальна памаршаваць на пляцы, таварыш старшына абяцаў за тыдзень зрабіць з нас згуртаваны калектыў”.

Цікава будзе прасачыць за эвалюцыяй настрою. Па сабе ведаю, што першыя дні службы салдатам-пераросткам здаюцца вельмі вясёлымі. Але неўзабаве пачынаюцца шэрыя будні, дзе трэ будзе вучыцца здабываць хоць якое каліўца пазытыву. Зрэшты, служба ў рэзэрве мусіць адрозьнівацца ад службы тэрміновай. Адным словам, привет из мест, где нет невест, як пісалі мае вайсковыя саслужыўцы.

Тое самае каліўца пазытыву сёньня можна знайсьці ў фотаблогу tjana:



Можа, гэтая дзяўчынка калі-небудзь таксама будзе весьці інтэрнэт-дзёньнік і рабіць сонечныя допісы пра сады і гарады, пра гароды і народы. А можа, так і застанецца фотамадэлькай.