29 ліпеня ва ўрочышчы Курапаты адбылося штомесячнае памінаньне ахвяр сталінізму.
Каля 20 удзельнікаў мерапрыемства ўсклалі кветкі да памятных знакаў, запалілі лампады, пад бел-чырвона-белымі сьцягамі выканалі духоўны гімн "Магутны Божа".
Актывіст прадпрымальніцкага руху Аляксандр Макаеў назваў Курапаты "сымбалем нацыянальнай трагедыі беларусаў" і выказаў надзею, што ў будучыні беларуская грамадзкасьць усьвядоміць і асудзіць страшныя злачынствы сталінізму супраць уласнага народа і зробіць усё, каб не дапусьціць іх паўтарэньня.
"Вось чаму мы павінны і надалей пры любым надвор'і і ўладзе праводзіць гэтае памінаньне", — сказаў Макаеў.
Намесьнік старшыні мэмарыяльнай сэкцыі Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Уладзімер Раманоўскі нагадаў, што на прапанову ўладам аб'явіць 29 кастрычніка штогадовым Днём памяці ахвяр сталінскіх рэпрэсій у Беларусі быў атрыманы адказ дырэктара Інстытута гісторыі НАНБ, доктара гістарычных навук, прафэсара Аляксандра Кавалені. Ён мяркуе, што "ўшанаваньне памяці ахвяр сталінізму — усенародная справа, якая патрабуе шырокага абмеркаваньня і прыняцьця рашэньня на заканадаўчым узроўні". "Мы гатовы прадоўжыць дыялёг для вырашэньня ўзьнятай праблемы", — сказаў Раманоўскі.
Старшыня мэмарыяльнай сэкцыі Вячаслаў Сіўчык заклікаў удзельнікаў памінаньня ўзяць актыўны ўдзел у мерапрыемствах Года памяці ахвяр 1939 года, прысьвечанага 70-годдзю пакта Рыбентропа-Молатава, пачатку Другой сусьветнай вайны і савецка-германскай агрэсіі супраць Польшчы. Ён мяркуе, што мерапрыемствы трэба праводзіць з улікам ініцыятывы Эўрапарлямента аб'явіць 23 жніўня агульнаэўрапейскім Днём памяці ахвяр сталінізму і нацызму, "паколькі злачынствы гэтых таталітарных рэжымаў вельмі цесна зьвязаны". "Рэпрэсіі сталіністаў і нацыстаў у розны час у Беларусі зазнавалі адны і тыя ж людзі ў адных і тых жа месцах, бо таталітарныя рэжымы аднолькавыя па сваёй антыгуманнай прыродзе, хаця і адрозьніваюцца ідэалёгіяй", — сказаў Сіўчык.
За правядзеньнем памінаньня ў Курапатах назіралі восем прадстаўнікоў сілавых структур у форме і цывільным адзеньні.
Чарговае памінаньне ва ўрочышчы адбудзецца 29 жніўня ў 17.00.