Што думаюць у Магілёве пра Ўсходняе Партнэрства

Грамадзкі рэдактар Ганна Ільіна

Вынікам прамінулага днямі ў Магілёве форуму Асамблеі недзяржаўных арганізацый вобласьці сталася заява адносна ўдзелу краіны ва Ўсходнім Партнэрстве.

“Мы сьведчым, што рэальным унёскам у магчымы пасьпяховы вынік Праграмы з нашага боку будзе пастаянны і эфэктыўны грамадзкі кантроль за тым, як, наколькі і ўвогуле ці выконваюць наш урад і наша кіраўніцтва адпаведныя абавязкі, узятыя на сябе ўдзелам у гэтай праграме”, – значыцца ў заяве.

На пытаньне “Хто і якую ролю можа адыграць у разьвіцьці супрацоўніцтва краіны з эўрапейскімі суседзямі?” адказалі магілёўскія актывісты.


Генадзь Суднік, журналіст:


– Сапраўдны посьпех праграмы Ўсходняга Партнэрства залежыць, на маю думку, ад ступені ангажаванасьці ў яе пэўных сэктараў грамадзкай супольнасьці – найбольш, вядома, арганізаваных і зладжаных. Нават на рэгіянальным узроўні гэта важна і магло б даць плён.

Відавочна, што першымі ў справе спрыяньня праграме павінны праявіць сябе дэпутаты. Калі яны ўважліва і дакладна прачытаюць у Канстытуцыі ды іншых законах пра свае правы і абавязкі – зразумеюць, што насамрэч няма такіх дзяржаўных спраў і такіх дзяржаўных сытуацый, да якіх яны ня маюць прамога, непасрэднага дачыненьня і, адпаведна, за якія яны не нясуць сваёй адказнасьці.

Яшчэ адной рэальна арганізаванай і аўтарытэтнай грамадзкай групай я б назваў журналістаў. Абапірацца пры гэтым на дзяржаўных калегаў не выпадае, бо ў сілу практыкі і службы яны ніякай уласнай ініцыятывы не праявяць. А вось недзяржаўныя калегі абавязаны давесьці людзям усю інфармацыю пра Партнэрства, падаючы яе з такім ухілам, каб было бачна і зразумела любому – чаго хоча ад нас атрымаць Эўропа і што хоча даць наўзаем. Інфармацыя дапаможа людзям зразумець і падтрымаць праграму.

Свая ніша, безумоўна, знойдзецца для праваабаронцаў. Ім бы самім пры гэтым стаць цясьней міжсобку, а то, як падаецца, здрабніліся яны апошнім часам. Праваабаронцы – гэта флягманы ў кантактах з эўрапейскімі калегамі, самы выразны грамадзянскі голас праўды і сумленьня.

Праграма УП і мае на мэце дапамагчы краіне замацаваць набытае ў кірунку да цывілізаваных нарматываў жыцьця ва ўсім. Апірышчамі такога жыцьця і ёсьць сумленьне з праўдай…


Барыс Бухель, праваабаронца:


– Дзеля таго, каб Беларусь заняла пэўнае месца ў супрацоўніцтве зь іншымі краінамі, як у дадзеным выпадку з Эўропай, перш за ўсё я бачу неабходнай актывізацыю працы ўсіх суб’ектаў грамадзкасьці: палітыкаў, арганізацый сацыяльнага накірунку. Гэта павінна быць перш за ўсё менавіта сапраўдная актыўная дзейнасьць, хаця б у межах статутаў гэтых арганізацыяў. Бо апошнім часам уся дзейнасьць зьяўляецца збольшага намінальнай.

Павінна быць наладжаная праца з насельніцтвам, а для гэтага неабходна зусім няшмат – штодзённыя высілкі, якія дазволяць, я думаю, дасягаць практычных мэтаў. Папросту трэці сэктар, апазыцыйныя палітыкі павінны паказаць і даказаць, што яны ёсьць, каб адыгрываць пэўную ролю ў інтэграцыйным працэсе. Бо, як вядома, любая дэмакратычная сыстэма адбудаваная менавіта на існасьці і актыўнасьці недзяржаўных структураў.


Тацяна Буланава, моладзевы лідэр:


– Многія лічаць, што сёньняшняя сытуацыя можа паспрыяць легалізацыі дзейнасьці незалежных структураў, палітычных партыяў, арганізацыяў – трэба скарыстацца гэтым напоўніцу, не забываючы, безумоўна, што дзяржава можа чыніць пэўныя перашкоды.

Сябры недзяржаўных арганізацыяў і партыяў павінны адыграць у гэты час велізарную ролю – даносіць да беларусаў інфармацыю пра існаваньне праграмы Партнэрства, сэнс і практычнае ужываньне эўрапейскіх каштоўнасьцяў.

Большасьць беларускіх апазыцыйных палітыкаў здаўна змагаецца за ўкараненьне дэмакратыі ў Беларусі. Сёньня для іх зьяўляецца сапраўдны шанец для кантакту з насельніцтвам на гэтую тэму. Калі яны сапраўды жадаюць дасягнуць прапагандаваных мэтаў, сёньня будуць заваёўваць беларусаў, прарываць інфармацыйныя блякады, прасоўваць эўрапейскія каштоўнасьці.

Безумоўна, цяпер ёсьць найвялікшай роляй, якую павінны адыграць і беларускія палітыкі, і грамадзкія арганізацыі, – ня даць беларускім уладам зрабіць ні кроку назад на шляху да Эўропы…


Ігар Каваленка, грамадзкі актывіст, донар:


– У супрацоўніцтве на любым узроўні Беларусі і Эўразьвязу прадстаўнікі беларускіх партыяў, грамадзкіх аб’яднаньняў павінны адыграць не апошнюю ролю. Усходняе Партнэрства прадугледжвае адбудову грамадзянскай супольнасьці на плятформе дэмакратыі. А цаглінкамі гэткай супольнасьці і зьяўляюцца нашыя недзяржаўныя арганізацыі, без удзелу ў працэсе інтэграцыі якіх улада скарыстае сытуацыю ў сваіх мэркантыльных інтарэсах.

Проста кожная існуючая структура павінна актывізавацца, дзейнічаць практычна і штодзень, павінна быць сур’ёзнай сілай, зь якой тая ж улада павінна будзе лічыцца. Дарэчы, увесь недзяржаўны сэктар, апазыцыйныя партыі мусяць працаваць з уладай, падказваючы ёй у пэўных момантах некаторыя рэчы, аднак і кантралюючы яе.

Уся праблема сёньня ў тым, што ня многія арганізацыі ёсьць уплывовыя, сур’ёзныя сілы. Ні ўлада, ні народ ня зь імі.

Замест высновы.

Я вярталася дамоў зацемна. Адчыніўшы дзьверы пад’езду, каторы раз пабачыла страшную цемру памерам у два паверхі. Пачула голас суседкі – яна, як і я, падымалася, асьвятляючы прыступкі мабільнікам. Распачалі гаворку на тэму палітыкі. Адказ быў імгненны і адназначны:

"Усходняе Партнэрства? Эўрапейская Беларусь? Мне ўсё роўна, бо сумняваюся, што заўтра эўрапейскія каштоўнасьці натхняць нашу ўладу ці апазыцыю прыйсьці і ўкруціць гэтыя няшчасныя дзьве лямпачкі коштам дзьве тысячы рублёў…"

Грамадзкі рэдактар гэтага тыдня – магіляўчанка Ганна Ільіна. Яна выдавец няшматнакладнай газэты “Магілёўскі час”, мае вопыт працы на радыё, тэлебачаньні, навучаецца ў віленскім Эўрапейскім гуманітарным унівэрсытэце.