Cытуацыя ў Беларусі — сярод тэмаў, якія будуць абмяркоўвацца 27—28 ліпеня ў Брусэлі.
Як паведамляе прэсавая служба ЭЗ, дыскусію пра дачыненьні Беларусі і Эўразьвязу мяркуецца правесьці ў фармаце “тройкі” ў Рады Эўразьвязу.
Сярод тэмаў сустрэчы, у якой бяруць удзел 27 кіраўнікоў замежнапалітычных ведамстваў ЭЗ, таксама — рашэньне аб працягу мандату місіі назіральнікаў ЭЗ у Грузіі, выбары ў Малдове, палітычнае становішча ў Іране і тамтэйшая ядзерная праграма, уступ у Эўразьвяз Ісьляндыі.
Нагадаем, што апошнім часам Брусэль дэманструе курс збліжэньня з афіцыйным Менскам. Менавіта кіраўнікі замежнапалітычных ведамстваў Эўразьвязу летась у кастрычніку выступілі з прапановай прыпыніць візавыя санкцыі для беларускага кіраўніцтва ў сувязі “з паляпшэньнем сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі”.
У часе свайго нядаўняга візыту ў Менск эўракамісар Бэніта Фэрэра-Вальднэр заявіла, што Брусэль спадзяецца на новую эпоху ў дачыненьнях зь Беларусьсю. Аднак гэтая эпоха, паводле яе слоў, магчымая, калі Менск выканае пяць умоў ЭЗ па дэмакратызацыі краіны. Гэта, перадусім, — сумесная праца зь Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека (БДІПЧ) у справе зьмяненьня выбарчага заканадаўства Беларусі, каб наступныя выбары праходзілі паводле новага заканадаўства. Акрамя таго, гэта — свабода СМІ, свабода сходаў, рэгістрацыя недзяржаўных арганізацыяў, вызваленьне палітзьняволеных.
Шэраг эўрапейскіх міністраў замежных спраў краін ЭЗ (Польшчы, Літвы, Латвіі, Швэцыі і іншых) таксама выступалі за лібэралізацыю візавай палітыкі для беларускіх грамадзянаў. Аднак гэтая ініцыятыва не здабыла падтрымкі з боку іхніх калегаў са “старой Эўропы” — у прыватнасьці, Нямеччыны і Нідэрляндаў.
Беларусь будзе прадстаўляць Міністар замежных справаў Сяргей Мартынаў. Ён плянуе сустрэцца з кіраўніком МЗС Швэцыі Карлам Більдтам, Вярхоўным прадстаўніком у пытаньнях зьнейшняй палітыкі Хаўерам Салянам, Эўракамісарам ў пытаньнях падаткаабкладаньня і мытнага саюзу Ласла Ковачам, паведамляе прэс-служба беларускага МЗС.