Грыбы і ягады для многіх жыхароў беларускіх вёсак сталі адной з асноўных крыніцаў даходу. На сёньня кошт кіляграма сьвежых лісічак складае ад 4 да 5 тысяч рублёў. Гэта меней, чым летась. Міністэрства прыроды прагназуе, што ўраджай грыбоў чакаецца вялікі — на ўзроўні 35—38 тысяч тон. Пра тое, як людзі зарабляюць на грыбах і ягадах, зь якімі праблемамі пры гэтым сутыкаюцца – паведамляюць з рэгіёнаў карэспандэнты “Свабоды”.
Менск
“Белкаапсаюз” атрымлівае скаргі на працу сваіх нарыхтоўшчыкаў
Ня ўсюды вясковыя крамы нарыхтоўваюць ягады й грыбы: у некаторыя аддаленыя вёскі не даяжджаюць нарыхтоўшчыкі. Пра гэта паведамляюць слухачы Свабоды. У “Белкаапсаюзе” ведаюць пра такія нараканьні. Эканаміст ведамства Галіна Цімохіна кажа, што скаргі даходзяць і наўпрост:
“Вядома ж. Мы іх фіксуем у спэцыяльным журнале “Гарачай лініі”. Вырашаем такія пытаньні. Калі пытаюцца, куды здаць грыбы ці ягады, то паведамляем канкрэтна. Каб увогуле не прымалі, то такога няма”.
Са словаў суразмоўцы, у Беларусі цяпер нарыхтоўваюць грыбы і ягады больш як 8 тысяч крамаў і тры тысячы нарыхтоўшчыкаў.
Берасьцейшчына
Людзі ігнаруюць кантроль радыяцыйнай забруджанасьці ягад і грыбоў
Грыбы і ягады яны могуць у мяне праверыць. Дый сам я іду да іх. Але ж правяраць не жадаюць! Людзі стаміліся, разумееце?
“Грыбы і ягады яны могуць у мяне праверыць. Дый сам я іду да іх. Але ж правяраць не жадаюць! Людзі стаміліся, разумееце? Людзі ня могуць жыць доўга ў сытуацыі стрэсу. Кажуць жа, што на вайне нават да куляў прызвычайваюцца. Так адбываецца ў адносінах да радыяцыі”.
“Сёлета радыяцыі будзе больш”
Пытаюся ў радыёляга: ці вялікая сёлета небясьпека для зьбіральнікаў ягад і грыбоў?
“У нас такія цудоўныя грыбныя месцы, што ажно душа баліць… Грыбы ж такія карысныя людзям… Але ж назапашваецца радыяцыя! Мяркую, што сёлета яе будзе зашмат”.
Магілёўшчына
Заробак даяркі 400 тысяч рублёў, а ягадніка й грыбніка — 2 000 000
У бялыніцкіх лясах грыбы і ягады зьбіраюць сем’ямі. За месяц такой працы вяскоўцы зарабляюць да двух мільёнаў рублёў. Для параўнаньня: месячны заробак даяркі ў рэгіёне не перавышае чатырохсот тысяч.
Я таксама днямі сядзеў у грыбах, а жонка — у ягадах. А тады на шашу ішлі ці самі, ці дзеці і прадавалі там, бо здаваць скупшчыкам таньней
“За сэзон можна зарабіць два, тры мільёны. Я гэта кажу з асабістага досьведу. Я таксама днямі сядзеў у грыбах, а жонка — у ягадах. А тады на шашу ішлі ці самі, ці дзеці і прадавалі там, бо здаваць скупшчыкам таньней. А на шашы крыху болей”, — кажа жыхар вёскі Машчаніца Барыс.
“У нас фэрмы няма. Толькі на лес спадзяваньні”
Цяжэй прадаваць сабранае жыхарам аддаленых вёсак. Да ажыўленых аўтамабільных магістраляў далёка, таму яго даводзіцца здаваць скупшчыкам альбо ў пункты Бялыніцкага райпо.
“За дзень некаторыя па сорак, пяцьдзясят тысяч зарабляюць. Кожны дзень яны ў лес ня ходзяць. Калі ўзяць пятнаццаць дзён, дык атрымліваецца шэсьцьсот тысяч. На фэрме яны гэтага не заробяць. Гэта з аднаго боку, а з другога — дык як у нас, то і фэрмы няма. У асноўным перакупшчыкам яны здаюць. У райпо менш. Людзям калі на сто рублёў даражэй, ім ужо выгадна”, — кажа жыхарка бялыніцкай вёскі Эсьмоны Натальля.
Бялыніцкае райпо ня будзе павышаць ніжэйшыя сёлета кошты лясных дароў
На сёньняшні дзень калі браць журавіны, то леташні ўраджай яшчэ ляжыць у засеках. Яны не запатрабаваныя
“На чарніцы, напрыклад, летась апошняя закупная цана была пяць — пяць пяцьсот. Сёлета мы закупляем па тры шэсьцьсот. Падымаць цэны мы больш ня будзем. Рэкамэндаваныя цэны наагул тры пяцьсот. Гэтыя цэны дыктуе зьнешні рынак. На сёньняшні дзень калі браць журавіны, то леташні ўраджай яшчэ ляжыць у засеках. Яны не запатрабаваныя”.
Кошты ў скупшчыкаў вышэйшыя за дзяржаўныя на 200—500 рублёў. Скупленыя ягады яны здаюць на беларускія вінзаводы альбо, як і грыбы, вязуць у Расею — на смаленскія ці бранскія рынкі. Бізнэс гэты рызыкоўны. Летась шмат бізнэсоўцаў з-за крызісу панесьлі вялікія страты, бо расейцы прапаноўвалі кошты ніжэйшыя за беларускія.
На менскай шашы цяпер вяскоўцы прадаюць чарніцы ад чатырох да пяці тысяч за літровы шкляны слоік, чыстай ягаднай вагі там — да васьмісот грамаў. Гандляры адзначаюць, што кошты на ягады й грыбы зьбіваюць мясцовыя выпівохі, якія прадаюць свой тавар у два разы таньней.
Гарадзеншчына
Камэрсанты апярэджваюць дзяржаўны і каапэратыўны гандаль
Для людзей на Гарадзеншчыне нарыхтоўка грыбоў і ягад застаецца добрым заробкам.
Прыёмны пункт грыбоў на чыгуначным вакзале ў Горадні ўжо ў абед амаль запоўнены. Намесьнік дырэктара гарадзенскай фірмы АВС Максім Русанаў кажа мне, што сёлета год на грыбы, як ніколі.
У буднія дні ў сярэднім па тры-чатыры кіляграмы, часам бабулькі па кіляграму прынясуць і кажуць, што ўжо ўнукам на цукеркі зарабілі
Русанаў: “У буднія дні ў сярэднім па тры-чатыры кіляграмы, часам бабулькі па кіляграму прынясуць і кажуць, што ўжо ўнукам на цукеркі зарабілі. А вось на выхадныя езьдзяць зьбіраць сем’ямі, дык здаюць па 15 і болей кіляграмаў. Атрымліваецца нядрэнны заробак”.
Што тычыцца таго, колькі штодня грыбоў нарыхтоўвае фірма АВС, спадар Русанаў кажа, што гэта камэрцыйная таямніца. Праўда, дадае, што сетка прыёмкі грыбоў і ягад наладжана ва ўсім рэгіёне. Пра далейшы іх лёс кажа, што прадаюць за мяжу і ўжо за валюту.
У прыёмшчыцы грыбоў Вольгі Лукіной пытаюся — хто звычайна прыносіць здаваць грыбы, якія людзі?
Лукіна: “Вельмі розныя людзі: і дзядулі, і бабулі, і маладыя, і школьнікі на канікулах падпрацоўваюць. Вельмі розны кантынгент людзей”.
“Нарыхтоўваю грыбы, каб выжыць”
А вось што мне кажа жанчына, якая толькі здала грыбы і пералічвае за іх грошы.
цяпер я нарыхтоўваю ягады і грыбы, здаю іх, каб хоць неяк выжыць ...
У Шчучынскім раёне, які ў лідэрах па нарыхтоўцы садовых ягадаў і грыбоў, таваравед мясцовага райпо Альфрэд Габіс кажа, што сёлета ягадаў будзе болей, нягледзячы на тое, што кошты іх ніжэйшыя на 200—300 рублёў, чым летась.
А вось што тычыцца грыбоў, са слоў спадара Габіса, кошты ў іх за кіляграм — 2700 рублёў, а таму і людзі ідуць неахвотна.
Габіс: “Камэрсанты ў нас усё перахопліваюць. У іх кошты вышэйшыя. У нас сёлета — 2700 за кіляграм лісічак, а ў іх па 4—5 тысячаў. Так што ўсе імкнуцца здаць туды”.
Даведка “Свабоды”: Мінскі гарадзкі цэнтар гігіены і эпідэміялёгіі папярэджвае, што ў сілу сваіх біялягічных асаблівасьцяў грыбы добра назапашваюць цэзій-137. Утрыманьне яго ў грыбах заўжды вышэйшае, чым у глебе, на якой яны растуць. Аналіз вынікаў радыемэтрычных дасьледаваньняў сьведчыць, што штогоду ў Беларусі выкрываецца да 10% пробаў зь перавышэньнем утрыманьня радыенуклідаў цэзію. Спажываньне іх стварае рызыку ўнутранага апраменьваньня чалавека.