Не судзі палітычных...

Людміла Брожава-Поледнава, фота Lidove Noviny

Людміла Брожава- Поледнава – самая старая жанчына, якая сядзіць у чэскай турме. Ёй 87 гадоў, яна амаль сьляпая. Наперадзе амаль увесь шасьцігадовы тэрмін. Днямі суд чарговы раз вырашыў, што няма падстаў выпускаць жанчыну на волю. За што такая суровая адплата?

Суды ўсіх інстанцый, куды абскарджвала прысуд Брожава, пакідалі яго ў сіле. Уключаючы і Канстытуцыйны суд. Просьбу аб памілаваньні адхіліў і прэзыдэнт Вацлаў Клаўс. Назіральнікі працэсу зьвяртаюць увагу: дараваць і мілаваць не было падставаў, бо Брожава ні ў чым не раскаялася. “Я слухала старэйшых таварышаў, цьвердзіць яна, і старалася зрабіць усё, каб “дапамагчы рэспубліцы”.


Гэта зьняволеная адказвае за свае ўчынкі паўвекавой даўніны, калі яна была інструмэнтам камуністычнага рэжыму. Брожава аказалася адной з апошніх удзельніц так званага “юрыдычнага забойства” канца саракавых гадоў. Тады ў Чэхаславаччыне праходзіў самы гучны працэс, інсцэніраваны паводле ўзору савецкіх “чыстак” 30-х гадоў. Брожава-Поледнава, якая мела за плячыма выступы ў Тэатры маладых піянэраў і нешта накшталт юрыдычнага рабфаку, стала пракурорам.


Мілада Горакава
На галоўную ролю у групе абвінавачаных таксама была абраная жанчына. Мілада Горакава была вядомай дзяячкай жаночага руху, прыхільніцай сацыялістычных ідэй. Некаторы час яна нават уваходзіла ў Раду сяброў СССР, але пасьля візыту ў Савецкі Саюз і ўмяшаньня савецкіх камуністаў у справы пасьляваеннай Чэхаславаччыны Горакава стала арыентавацца на заходнія дэмакратыі. Яна была абвінавачаная ў тым, што рыхтавала вяртаньне краіны да капіталізму, супрацоўнічала з заходнімі цэнтрамі і перадавала інфармацыю «варожым агентам».

Горакава стала адзінай ва ўсходнім блёку жанчынай (акрамя СССР), асуджанай на сьмерць па палітычных матывах. Летам 1950 году яе павесілі ў праскай турме.

Усяго на сьмерць у працэсе Горакавай было асуджана чатыры чалавекі, многія атрымалі вялікія тэрміны. Месца пахаваньня Горакавай невядома, але яна цалкам рэабілітаваная, адна з вуліц Прагі носіць яе імя.



Судовы працэс. 1950 год. На пытаньні судзьдзяў адказвае Горакава.

Чэскае грамадзтва неадназначна ўспрымае позьні акт справядлівасьці ў адносінах жанчыны-пракурора, якая паслала Горакаву на сьмерць. Кіпіць дыскусія пра тое, ці трэба адпусьціць старую дадому, ці трэба ўстанавіць вышэйшую ўзроставую мяжу адказнасьці і ў якой форме сучасная дэмакратыя можа судзіць злачынствы таталітарызму.