Government — ён і ў Афрыцы “ўрад”

Працягваем нашу вандроўку па сайтах беларускага інтэрнэту. Надвор’е зьмянілася на халаднейшае, таму працаваць стала крыху лягчэй, ня так моцна вабіць уяўная прахалода лесу ці плясканьне халоднага ручая. Таму нашы чытачы могуць засяродзіцца на “працоўнай” і надзвычай сур’ёзнай тэматыцы, якую я хачу сёньня прапанаваць. А што можа быць больш сур’ёзнага за афіцыйныя дзяржаўныя сайты? Так, сёньня будзем клікаць па лінках, дзе, тэарэтычна, грамадзяне краіны могуць атрымаць адказ на патрэбныя пытаньні ці нават паскардзіцца на нейкі непарадак.

Пачнем з самага верху — ад сайту прэзыдэнта РБ, дзе ў шапцы напісана “Дзяржава для народа”. Гэты сайт пазыцыянуецца як галоўны партал краіны, таму ня дзіўна, што ён мае тры моўныя варыянты: беларускі, расейскі ды ангельскі. Ёсьць, праўда яшчэ адзін сайт, што прэтэндуе на ролю галоўнага парталу краіны — Belarus.by, дзе так і напісана: “Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь”. Вось толькі замест беларускамоўнага варыянту там вісіць абвестка “Просім прабачэння за часовую адсутнасць беларускай версіі інтэрнэт-сайта. Плануемая дата адкрыцця беларускай версіі сайта − 4 верасня 2009 года”. Так што да пачатку навучальнага году яны прэзыдэнцкаму сайту не канкурэнты.

Але і на president.gov.by ня ўсё гладка зь беларускай мовай. Камэнтуючы навінавыя сайты, я ўжо згадваў, што разнамоўны кантэнт на прэзыдэнцкім сайце трохі адрозьніваецца не на карысьць роднай мовы. Ладна ўжо пра высачайшае катаньне на Харлеі не напісалі. Гэткай бяды! У нас свае “мінскачы” ёсьць. Але ж адстае ад рэальнага часу і такі важны разьдзел, як “Афіцыйныя дакумэнты”. Так, на момант напісаньня гэтых радкоў самым сьвежым там быў “Указ № 355 ад 29 чэрвеня 2009 г.”, тады як на расейскамоўнай ды ангельскай вэрсіях ужо стаяў “Указ № 384 ад 16 ліпеня 2009 г.”, які мае дачыненьне да прэзыдэнцкай прэміі “За духоўнае адраджэньне” ды спэцыяльнай прэміі прэзыдэнта дзеячам культуры і мастацтва. Мо сярод іх няма тых, хто гаворыць па-беларуску?

Калі не лічыць згаданых хібаў, то прэзыдэнцкі сайт увогуле карысны для паспалітага люду. Апроч навінаў ды рознай інфармацыі пра ўказы і дэкрэты прэзыдэнта, тут ёсьць спасылкі на розныя дзяржаўныя ўстановы. Вось толькі ня ўсе спасылкі “жывыя”. Лінк http://www.kin.by/ для Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў вядзе на нейкі сумнеўны ангельскамоўны рэсурс, а большасьць установаў, дзе першым словам у назове стаіць “дэпартамэнт”, маюць адзіны ўнівэрсальны адрас http:/. Сярод іх апынуліся дэпартамэнты зьнешнеэканамічнай дзейнасьці, кінэматаграфіі, па грамадзянстве і міграцыі, кантролю якасьці адукацыі, транспартнага забесьпячэньня і, страшна сказаць, інфарматызацыі. Сюды нават патрапіў Дэпартамэнт фінансаў і тылу. Трэба думаць, што адказныя за тыл прапаршчыкі і так ведаюць, дзе знаходзяцца патрэбныя ім грошы і рэсурсы. А вось тое, што разам з дэпартамэнтамі па геалёгіі і па гідрамэтэаралёгіі “бяздомным” апынулася Нацыянальнае агенцтва па кантролі і інспэкцыях — вялікі непарадак.

Дзіўнай выглядае і сытуацыя з назвамі дзяржаўных сайтаў. Тут, як і ў выпадку з ужываньнем мовы, усё падпарадкавана галоўнаму прынцыпу найноўшага беларускага лібэралізму: “кто как хаціт, тот так і гаварыт”.
Ня менш дзіўнай выглядае і сытуацыя з назвамі дзяржаўных сайтаў. Тут, як і ў выпадку з ужываньнем мовы, усё падпарадкавана галоўнаму прынцыпу найноўшага беларускага лібэралізму: “кто как хаціт, тот так і гаварыт”. Толькі замест беларуска-расейскай тут пануе расейска-ангельская трасянка. Выключэньне складаюць нешматлікія выпадкі, калі пакладзеная ў назву сайта абрэвіятура ці слова аднолькава гучаць на ўсіх мовах. Скажам, як у сайту Міністэрства фінансаў http://www.minfin.gov.by/ ці Нацыянальнага банку РБ http://www.nbrb.by/. Адразу відаць — салідныя ўстановы, і народныя грошы ў надзейных руках.

Але ў большасьці астатніх выпадкаў пануе фантазія тых, хто даваў назвы сайтам. Як паказвае мой уласны досьвед, хроснымі бацькамі сайтаў, як правіла, выступаюць сеткавыя адміністратары ці вэбмайстры ўстановаў. Людзі, у большасьці сваёй далёкія ня тое што ад беларускай лацінкі, а і ўвогуле ад беларускай мовы. Пры гэтым лёгікі ва ўжываньні розных моваў таксама няма. Можна яшчэ зразумець, што Беларуская чыгунка назвала свой сайт ангельскай абрэвіятурай rw.by, бо што беларускай лацінкай, што ангельскай коратка і зразумела назваць не атрымалася. Але, з другога боку, ня кожны зразумее, што за літарамі RW стаіць ангельскае слова railway, а не рэакцыя Васэрмана. Усё ж такі railway — гэта адно слова, а для абрэвіятуры звычайна трэба словазлучэньне.

А вось ангельская назва Савету міністраў government.by выглядае досыць дальнабачнай. Што, калі заўтра да ўлады прыйдуць нацыяналісты ды пераймянуюць “савет” у “раду”, а “міністраў” у нешта больш гістарычна-беларускае? А так, government — ён і ў Афрыцы “ўрад”.

З судамі затое сытуацыя незразумелая. Канстытуцыйны суд мае сайт з назовам kc, Вярхоўны суд — supcourt, а Вышэйшы гаспадарчы суд — проста court. Хоць і на правільнай ангельскай мове, але каб хацеў набраць назву сайту чыста зыходзячы з назвы, то ніколі не здагадаўся б. Бо няма ніякай сыстэмы ані ў саміх назвах, ані ў іхнай мове.

Скажам, Дзяржаўны мытны камітэт gtk.gov.by і Дзяржаўны пагранічны камітэт gpk.gov.by маюць назвы сайтаў, вытворныя ад расейскіх словаў, тады як у Міністэрства замежных спраў mfa.gov.by ды ў Міністэрства абароны mod.mil.by ужываюцца ангельскія абрэвіятуры. У той жа час шмат дзяржаўных сайтаў мае за назвы проста расейскія словы ці іх скарочаныя варыянты: nalog (Міністэрства па падатках і зборах), mintorg (Міністэрства гандлю), mininform (Міністэрства інфармацыі).

Пры ўсёй загадкавасьці мэханізму называньня сайтаў (калі ня браць пад увагу вэрсію з сысадмінамі ды вэбмайстрамі), пры вялікім намаганьні ды зь нейкай там пятай-дзясятай спробы адрас сайту ў вышэйпералічаных выпадках яшчэ можна адшукаць. А вось знайсьці сайт такой жыцьцёва важнай установы, як Міністэрства па надзвычайных сытуацыях rescue01.gov.by бязь веданьня дакладнага адрасу ня здолее нават вэтэран конкурсаў “Што? Дзе? Калі?” і Jeopardy, разам узятых. Як здагадацца, што да нумару 01 (дарэчы, зьмененага ўжо ў рэальным жыцьці на 101) трэба яшчэ дадаць ангельскае слова rescue?

Зрэшты, да ўсеагульнай інтэрнэтызацыі ўсяго насельніцтва яшчэ далёка, таму большасьць дзяржаўных устаноў робіць стаўку на “папяровы” рэсурс. Ці ня з гэтай прычыны большасьць дзяржаўных сайтаў пакуль што не вызначаецца вялікай інфарматыўнасьцю і наяўнасьцю зваротнай сувязі з насельніцтвам. Хоць шмат дзе ёсьць формы адпраўляць паведамленьні. Але каб атрымаць адказ, усё адно трэба пісаць паперу і адсылаць яе “зямной поштай”. Адзінае вядомае мне выключэньне — гэта сайт Міністэрства ўнутраных спраў, дзе ў адказ на свой электронны зварот я калісьці атрымаў поштай афіцыйны папяровы адказ.

Што да беларускай мовы непасрэдна на старонках саміх сайтаў высокіх дзяржаўных інстанцый, то становішча тут прыкладна тое ж, што і ў назвах сайтаў — яе амаль няма.