Чаму суд над Сьнегіром хочуць зрабіць закрытым?

Міхаіл Сьнягір

Болей за месяц у Вярхоўным судзе Беларусі вывучаюць справу экс-пракурора Менскай вобласьці Міхаіла Сьнегіра. Калі пачнецца працэс і ці будзе ён адкрытым, як патрабуе грамадзкасьць адносна гучных карупцыйных спраў?
Паводле старшыні Вярхоўнага суду Валянціна Сукалы, справа Міхаіла Сьнегіра складае 38 тамоў і таму патрабуе шмат часу на вывучэньне. У прэсавай службе суду ня кажуць, калі можа пачацца працэс над былым пракурорам Менскай вобласьці. Прэс-сакратарка Злата Гурыновіч:

“Пакуль судзьдзя вывучае справу. Як вывучыць, прыме пастанову, калі будзе пачынаць разгляд. Паводле закону, справу можна вывучаць цягам 2 месяцаў. Хто судзьдзя? Гэтыя зьвесткі даць не магу”.

Міхаіл Сьнягір абвінавачваецца ў службовым злоўжываньні, атрыманьні хабару і захоўваньні боепрыпасаў. Найбольшае пакараньне, якое яму пагражае, — 15 гадоў зьняволеньня і канфіскацыя маёмасьці. Дарэчы, на катэдж на беразе Цнянскага вадасховішча, які Сьнягір нібыта незаконна пабудаваў, ужо накладзены арышт. Будынак перададзены на часовае захаваньне ў адміністрацыю Менскага раёну. Вядома, што ў справе Сьнегіра фігуруе былы дырэктар вядомай фірмы “Забудова” Міхаіл Кудэлка, які, паводле сьледзтва, нібыта даваў хабар Сьнегіру будаўнічымі матэрыяламі. Эпізод адносна злоўжываньняў тычыцца гарадзкой кватэры Сьнегіра ў доме па вуліцы Грыбаедава, 2 ў Менску. Менавіта гэтая кватэра рынкавым коштам у сотні тысяч даляраў прыцягнула ўвагу Аляксандра Лукашэнкі на антыкарупцыйнай нарадзе ў лістападзе мінулага году. Тады Аляксандар Лукашэнка загадаў разабрацца, адкуль у пракурора такія грошы на элітную кватэру.

Што да боепрыпасаў, то, паводле зьвестак, гаворка ідзе пра звычайныя паляўнічыя патроны, знойдзеныя ў кватэры экс-пракурора. Навошта сьледзтву спатрэбілася прыцягваць гэтую знаходку да справы пра злоўжываньне і хабар? Былы сьледчы раённай пракуратуры, праваабаронца Алег Воўчак не выключае, што з дапамогай артыкула пра боепрыпасы ўлада разьлічвае зрабіць працэс над Міхаілам Сьнегіром закрытым і такім чынам схаваць ад грамадзкасьці сакрэты барацьбы розных прыўладных кланаў, а таксама звычкі і норавы, якія пануюць у гэтым асяродзьдзі:

Алег Воўчак
“Усе падобныя працэсы, дзе фігуруюць найвышэйшыя службовыя асобы, ідуць за зачыненымі дзьвярыма. Бо баяцца паказаць казусы, недарэчнасьці, нестыкоўкі. Я не апраўдваю Сьнегіра, што ён званіў і нешта вырашаў праз тэлефоннае права, ціснуў на судзьдзяў. Але зрабіце гэтак, каб людзі ўсё бачылі на судзе, карупцыянэр ён ці не карупцыянэр. А калі будзе працэс закрытым, то зноў узьнікне шэраг пытаньняў: гэта рэальная барацьба з карупцыяй ці проста разьбіральніцтва зь людзьмі, якія недаспадобы, якія шмат ведалі ці не захацелі выконваць нейкае незаконнае рашэньне”.

Алег Воўчак падзяліўся вэрсіямі пра прычыны перасьледу экс-пракурора Міхаіла Сьнегіра, якія цыркулююць у пракурорскім асяродзьдзі. Сярод іх тая, што ў канцы 2000 году Міхаіл Сьнягір разам з тагачасным старшынёй КДБ Уладзімерам Мацкевічам падпісваў пастанову аб затрыманьні Зьмітра Паўлічэнкі як падазронага ў выкраданьні Захаранкі, Ганчара і Красоўскага. За гэта яму нібыта адпомсьцілі абвінавачаньнямі ў карупцыі. Другая вэрсія — тая, што са Сьнегіром нібыта паквіталіся за адмову дапамагчы пазьбегнуць судовай адказнасьці сваяку Зянона Ломаця, старшыні Камітэту Дзяржкантролю.



Суд над зяцем Ломаця Алегам Рашчэнем адбыўся ў верасьні мінулага году. Міліцыянта Рашчэню асудзілі на 4 гады за незаконную прадпрымальніцкую дзейнасьць. Праз 2 месяцы пасьля гэтага быў звольнены з працы і арыштаваны пракурор Менскай вобласьці Міхаіл Сьнягір.