Сёньня ў Вярхоўным судзе Беларусі пачаўся разгляд скаргі сяброў аргкамітэту дзеля стварэньня Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі на рашэньне міністэрства юстыцыі, якое адмовілася зарэгістраваць гэту партыю. Актывісты ў судзе даказваюць, што рашэньне не рэгістраваць БХД было палітычна матываваным.
СЛУХАЦЬ:
У Вярхоўным судзе сабраліся каля трох дзясяткаў сяброў аргкамітэту дзеля стварэньня БХД, а таксама прадстаўнікі амбасадаў Швэцыі, ЗША і Чэхіі.
Судзьдзя Валер Самалюк заслухаў довады прадстаўнікоў аргкамітэту, якія зьвярнулі ўвагу на тое, што каля сямі соцень заснавальнікаў партыі сутыкнуліся з пагрозамі з боку супрацоўнікаў КДБ і мясцовай адміністрацыі. Ад людзей патрабавалі адклікаць свае подпісы. Але, нягледзячы на гэта, у Мін’юст перадалі дакумэнты, пад якімі падпісаліся 1 071 чалавек.
Выступіў прадстаўнік Мін’юсту, які яшчэ раз агучыў афіцыйны адказ — пра тое, што дакумэнты былі падрыхтаваныя з парушэньнямі, бо ад некаторых подпісаў людзі адмовіліся.
Нагадаем: 12 сакавіка сябры аргкамітэту падалі дакумэнты ў Мін’юст на рэгістрацыю БХД. Праз два тыдні пасьля гэтага падпісанты, больш за тысячу чалавек, адчулі на сабе ціск з боку ўладаў. Ад людзей патрабавалі, каб яны адмовіліся ад сваіх подпісаў. Некаторых выклікалі ў адміністрацыі прадпрыемстваў, студэнтаў наведвалі супрацоўнікі КДБ. Пагражалі звальненьнем ды іншымі наступствамі ў выпадку адмовы.
Сёньня на судзе актывісты аргкамітэту БХД заявілі хадайніцтва, каб заслухалі хаця б 12 сьведак, якіх прымушалі адклікаць подпісы.
Сярод іх — былы лекар гомельскага псыхіятрычнага шпіталя Сяргей Трыфанаў.
Мэдык ад 18 ліпеня лічыцца беспрацоўным.
“Выклікалі мяне на размову да галоўнага ўрача. Там сядзеў кіраўнік упраўленьня кадраў аховы здароўя. Кажа: “Вось да нас дайшлі зьвесткі, што вы сябра нейкай тэрарыстычнай арганізацыі і вучыце сваіх пацыентаў, як выбуховыя пакеты вырабляць”. Кажу: “Калі цікавіцеся, у якой я арганізацыі, дык, калі ласка, сайт БХД, і там усё напісана”.
Аб’ектыўных прычынаў не падаўжаць са мной кантракт не было. У тым жа й справа, што ў нас амаль няма каму працаваць”.
Сустаршыня аргкамітэту БХД Аляксей Шэін гаворыць пра палітычную матывацыю чыноўнікаў, якія адмовіліся рэгістраваць партыю:
“Няма ніводнай законнай падставы, каб не рэгістраваць БХД. Быў праведзены зьезд. Сьпіс заснавальнікаў нават перабольшвае рамкі, якія патрабуе закон. Мін’юст разам зь іншымі структурамі праводзіў кампанію запалохваньня заснавальнікаў БХД. Таму гэтае рашэньне абсалютна палітычнае, і мы патрабуем яго адмяніць”.
Павал Севярынец выказаў сваё меркаваньне наконт адмоўнага стаўленьня ўладаў да рэгістрацыі БХД.
“За апошнія паўгода гэта самая дынамічная палітычная сіла. Улада баіцца гэтай новай сілы, якая грунтуецца на хрысьціянскіх каштоўнасьцях і беларускім патрыятызьме, а гэта само па сабе выклік уладзе.
Так яна баіцца й цэркваў, якія стаяць за вернікамі. А гэта ўжо вельмі сур’ёзна. Гэта мільёны людзей па ўсёй Беларусі, прычым арганізаваных, сьветапогляд якіх супрацьлеглы сьветапогляду, які культывуе сёньняшняя дзяржава. Уплывае й узрост, таму што БХД — самая маладая партыя ў Беларусі”.
Актывісты спадзяюцца, што Вярхоўны суд прыме станоўчае рашэньне ў пытаньні рэгістрацыі БХД. Яны прыгадваюць, што ўлады зь цягам часу зарэгістравалі рух “За свабоду!”, а таксама, літаральна пару тыдняў таму, — “Правы альянс”.
За апошнія 10 гадоў былі пазбаўленыя рэгістрацыі некалькі дзясяткаў грамадзкіх аб’яднаньняў, не прайшлі рэгістрацыю некалькі палітычных партыяў. Усе спробы зарэгістраваць тую ці іншую дэмакратычную арганізацыю натыкаліся на розныя перашкоды, у тым ліку адсутнасьць юрыдычнага адрасу, які забараняецца мець у жылым памяшканьні. Шэрагу пратэстанцкіх суполак таксама было адмоўлена ў рэгістрацыі..