Зьміцер Дзежыц: Паляваньне на журналістаў

Зьміцер Дзежыц

Чарговы грамадзкі рэдактар тыдня – Зьміцер Дзежыц з Полацку. Нарадзіўся 23 траўня 1977 году ў горадзе Горкі, што на Магілёўшчыне. Дзякуючы бацьку, зацікавіўся і пачаў рабіць першыя крокі ў свеце фотаздымкаў гадоў зь дзесяці.У 2007 годзе дэбютаваў як фотарэпартэр на сайце “Тузін Гітоў”. Зараз супрацоўнічае з полацкай гарадзкой недзяржаўнай газэтай “Информ плюс”, інтэрнэт-сайтамі “Хімік”, “Народныя навіны Віцебска”, здымае для “Народнага слова”.

“А зараз – ня рухайцеся! Пачынаю на вас фотапаляваньне!”. Гэтым сказам Шарык з савецкага мультфільма пра Прастаквашына стварыў новы від спорту і адпачынку – фотапаляваньне. Прычым не на птушачак і жывёлін, а на людзей. Замест прыцэлу – відашукальнік, замест ствала зброі – аб'ектыў, у якасьці мішэні – адно імгненьне з жыцця.


Захопленыя настальгіяй па клясыцы мультыплікацыі і “шчасьліваму савецкаму дзяцінству”, беларускія журналісты ўспрынялі ідэю правесьці сяброўскае фотапаляваньне вельмі добразычліва. У выніку “Бажынкі-2009” ператварыліся ў масавую забаўку, калі практычна кожны паляваў за ўдалым кадрам, не падазраючы, што ў гэты час ён сам знаходзіцца пад прыцэлам некалькіх аб'ектываў сваіх калегаў.


Як зразумела з назвы, гульня зводзіцца да паляваньня за ўдалым фотаздымкам. Гэта спартыўна-творчае спаборніцтва, гульня, дзе фантазія й ідэі ўдзельнікаў мелі вырашальнае значэнне. Абсталяваньне, наадварот, ня мела ніякай ролі: хай тое мабільны тэлефон або вельмі сур'ёзная тэхніка ад вядомых вытворцаў: галоўнае – жаданьне ўдзельнічаць у конкурсе. Праўда, найбольш часта ўжывальнай фразай, якая ператварылася ці ледзь не ў дэвіз цяперашніх “Бажынак”, стала не крылатае выслоўе родапачынальніка жанру Шарыка, а вынятка з заакіянскага “Мадагаскару” – “усьміхаемся і махаем…”


Цягам двух дзён беларускія журналісты ахвотна ўсьміхаліся, чакалі кульмінацыі – паказу здымкаў-удзельнікаў конкурсу і падвядзеньня вынікаў.


Па тых або іншых абставінах на “строгі” суд сваіх калегаў вынесьці вынікі фотапаляваньня адважыліся толькі трое: Аляксандр Зянкоў, Анатоль Гатоўчыц і Ваш пакорлівы служка. На меркаваньне прэзыдыўму і ўдзельнікаў “Бажынак”, працы апынуліся цікавымі і своеасаблівымі. Таму, паўстаўшы перад нялёгкім выбарам, яны аднагалосна вырашылі: перамаглі ўсе ўдзельнікі.


Дарэчы, я ніяк ня мог вырашыць, чаму аддаць перавагу: дынамічным кадрам альбо свайму захапленьню натуральным (не пастановачным) партрэтам. Так і ня здолеўшы зрабіць выбар, страляў засоўкай фотаапарата – калегі, якія палявалі за кімсьці іншым, станавіліся вельмі прывабнай здабычай. Калі ж мадэль заўважала, што за ёй пільна назіраюць у відашукальнік, як ніколі дарэчы гучала фраза: “усьміхаемся і махаем…”


Сярод тых, хто патрапіў пад прыцэл майго аб'ектыву, апынуліся Андрэй Аляксандраў, Глеб Лабадзенка, Аляксандр Зянькоў, Андрэй Вышынскі, Міхал Ларчанка і шматлікія іншыя, ня меней годныя ўдзельнікі “Бажынак-2009”.