“Мужнасьцю Мікалая Аўтуховіча зьдзіўлена ўся наша краіна”

Слухачы “Свабоды” выказваюць падтрымку палітвязьню Мікалаю Аўтуховічу, які больш за 90 дзён трымае галадоўку ў Менскім СІЗА. Сярод іншага слухачы цікавяцца, як будзе адбывацца пераход на лічбавае тэлебачаньне — ці давядзецца людзям за свой кошт набываць прыстаўкі? А жыхары Кіраўскага раёну скардзяцца на дрэнныя дарогі.
Слухачы “Свабоды” выказваюць салідарнасьць з палітвязьнем Мікалаем Аўтуховічам, які 91-ы дзень трымае галадоўку.

Спадарыня Мар’я Іванаўна, вёска Квасоўка: “Добры дзень, Радыё Свабода! Мужнасьцю Мікалая Аўтуховіча зьдзіўлена ўся наша краіна. Сынок, трымайся, заставайся жывы, ты нам патрэбны! Ты не вінаваты!”

Спадар Валер, Барысаў: “Гэта ня жарты — галадаваць, пратэставаць 90 дзён. Відаць, што Аўтуховіч былы аўганец, упарты. А наш прэзыдэнт упарта маўчыць, яму, прэзыдэнту, усё роўна, вязень галадуе ці галосна крычыць. Да чаго беларус дажыўся! Яўна наконт прэзыдэнта ён памыліўся”.

16 ліпеня ад 18-й да 24-й гадзіны ў эфіры Радыё Свабода адбудзецца маратон “Адзін дзень палітвязьня”.

Працягваем праграму “Званкі на Свабоду” скаргай жыхаркі вёскі Старыя Дваранінавічы Кіраўскага раёну на дрэнныя дарогі. Падобных тэлефанаваньняў на Радыё Свабода нямала — у беларускай глыбінцы праблемы аднолькавыя:

Спадарыня Бараноўская Тацяна Ўладзімераўна, в. Старыя Дваранінавічы: “Мы жывём на вуліцы Клубная. Дарогі няма. Ніхто ніколі падсыпку не рабіў і ня робіць. У асноўным уся калгасная тэхніка рухаецца па нашай дарозе, возяць навозную жыжу. На дарозе такія яміны — у палову росту чалавека, стаіць пастаянна вада. Тэлефанавалі і на прамую лінію, і старшыні сельсавету, і ў рамонтна-будаўнічае ўпраўленьне — ніхто нічога ня робіць… Няўжо нельга падсыпаць дарогу? Пройдзе дождж — мы наагул топімся”.

Шаноўная спадарыня Тацяна Ўладзімераўна! Пару тыдняў таму на ваша пытаньне адказвала намесьніца старшыні сельсавету — маўляў, у мясцовых уладаў грошай няма на рамонт ці падсыпку дарогі. Сёньня чыноўнік з Кіраўскага райвыканкаму, які сябе не назваў, адказаў на ваша пытаньне так:

“Гэтыя дарогі сёлета перадаваліся на балянс Кіраўскага рамонтна-будаўнічага ўпраўленьня № 197. Каб было ўсё ўпарадкавана і наведзены парадак, за кожнай арганізацыяй замацоўваўся ўчастак дарогі. І менавіта ваш участак будзе парадкаваць РБУ-197. І сёлета будзе вырашацца пытаньне аб уключэньні гэтага ўчастку дарогі ў плян фінансаваньня на 2010 год. Я мяркую, што будзе менавіта так”.

Такім чынам, шаноўная Тацяна Ўладзімераўна, у найлепшым выпадку вашу вуліцу адрамантуюць ў наступным годзе.

Слухачоў непакоіць, як будзе адбывацца пераход на лічбавае тэлебачаньне: ці давядзецца людзям за свой кошт набываць прыстаўкі?

“Расея толькі рыхтуецца да паступовага пераходу на лічбавае тэлебачаньне. Для гэтага ў Калінінградзе будуецца завод па выпуску сучасных тэлевізараў. А на БТ шчоўкнулі-гаўкнулі — і гатова! Купляйце прыстаўкі ці выкідайце старыя тэлевізары. Прашу запрасіць на радыё спэцыяліста, які б па-абыватальску проста растлумачыў гэты працэс”.

Пераход на лічбавае тэлебачаньне — гэта не ініцыятыва Беларусі ці Расеі, гэта ўсясьветная тэндэнцыя. Месяц таму Злучаныя Штаты перайшлі цалкам з аналягавага на лічбавае. Беларусь таксама паступова вымушаная пераходзіць, таму тэлегледачам давядзецца набываць прыстаўкі да тэлевізараў за свой кошт. Тлумачыць вядучы інжынэр аднаго з прадпрыемстваў кабельнага тэлебачаньня:


“У Расеі, да прыкладу, прэзыдэнт Мядзьведзеў заявіў, што субсыдыяваць куплю лічбавых прыставак дзяржава ня будзе. У Беларусі таксама гэтага ня будзе. Ні Расея, ні Беларусь не ідуць на куплю лічбавых прыёмнікаў. Лічбавыя прыстаўкі будуць набывацца насельніцтвам за свой кошт. Але старыя тэлевізары выкідаць ня трэба, яшчэ ня час. Магчыма, да таго тэрміну, да 2015 году, усе старыя тэлевізары ўжо сапсуюцца, а ўжо будуць толькі вадкакрышталічныя. І зараз ужо ёсьць тэлевізары з убудаваным лічбавым прыёмнікам. У асноўным — гэта маркі „Sony“. У новых „Philips“ ці „Samsung“ могуць быць ці ня быць, як опцыі. А ў Калінінградзе пабудаваны завод для выпуску не тэлевізараў, а якраз лічбавых прыставак”.

Тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Код Менску 8(017). Нумар мабільнай сувязі для смс-паведамленьняў: 8 (029) 391-22-24. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.