Хрысьціна Марчук: Сяброўка выйшла замуж

Хрысьціна Марчук

Грамадзкі рэдактар гэтага тыдня – Хрысьціна Марчук. Нарадзілася 1 жніўня 1986 году ў Грузіі. Цяпер жыве і працуе ў Горадні. Каардынатарка “Школы маладога журналіста” (ГА “Цэнтар “Трэці Сэктар”). У 2006 годзе дэбютавала на старонках моладзевай он-лайн газеты www.t-styl.info. Публікуецца ў шэрагу рэгіянальных і агульнанацыянальных СМІ.

На выходных лепшая сябровачка стала жонкай свайго аднакурсьніка.

Прыходжу прыбіраць яе і жартам пытаюся:

– Ці не перадумала ты?..

– Позна! – ўпэўнена адказвае яна. -- Калі перадумаю, мне бацькі больш ніколі вясельля ня зробяць. Хутчэй дапамагай шнуроўку зацягваць! Ня дай Божа, у ЗАГС спазьнімся…

Няцяжка было б уявіць рэакцыю мамы і таты на падобную заяву дачкі. Як жа можна раптам усё адмяніць, калі ўжо столькі грошаў патрацілі?!

Сярэднестатыстычнае вясельле ў Горадні каштуе 4-4,5 тысячы даляраў. Адзін дзень, зь відэа- і фотаздымкай, картэжам з мэрсэдэсаў і музыкамі. Для сьвяточнага застольля звычайна арэндуюць сталоўкі ў школах ці на прыдпрыемствах. Калі гасьцей няшмат і маладыя (ці іх бацькі) больш заможныя, банкет замаўляюць у рэстарацыях. Праўда, у большасьці выпадкаў “падарункі ў купэртах” акупаюць усе выдаткі на шлюб. Сума гэтага падарунку залежыць ад ступені сваяцтва. У нас лічыцца, што цёці і дзядзі маладых, хросныя ў купэрцік мусяць класьці ня менш за сотню, а то і больш.

Адна спадарыня расказвала, што была на вясельлі, дзе сваха прымусіла гасьцей дарыць грошы без папяровых пакункаў – каб не падсоўвалі пустых.

Мая сябровачка са сваім нарачоным пашлюбаваліся адразу пасля сканчэньня ўніверсытэту. Заўтра паедуць адпачываць у Крым, то ўсе гэтыя “купэрты” будуць ім дарэчы.

Цікава назіраць за фотаздымкай шлюбных параў. Дакладней, за работай фатографаў.

– А цяпер каля таго дрэва! Малады глядзіць на маладую! Яна ўсьміхаецца! Пакладзі руку на яго правае плячо! Та-ак! Здымаю!

Такімі водгукамі ў пятніцу і суботу поўніцца парк Жылібера, даліна Гараднічанкі, дворыкі Старога і Новага замкаў, Каложскі парк. Гады чатыры таму папулярным месцам быў яшчэ і сквэр на Савецкай плошчы. На жаль, аблюбаваная пляцоўка для шлюбных фотасэсій не ўвайшла ў плян “рэканструкцыі” цэнтру гораду.

Найбольш сумна ў гэты час гасьцям. Пакуль жаніх і нявеста пазыруюць перад камерамі для сямейнага альбома, госьцікі спажываюць напіткі ў бліжэйшых вулічных кавярнях.

Спрадвечная сакральная функцыя вясельных абрадаў – засьведчыць злучэньне мужчынскага і жаночага пачаткаў у адно цэлае – знайшла праяўленьне ў прастакаватых конкурсах з эратычным падтэкстам. Адна з традыцыйных гульняў – “Горка водка”. Пад жвавую песеньку перадаецца чарка гарэлкі. На кім спыніцца – таму і цалавацца з суседкай ці суседам.

– Не! Гэта несапраўдны пацалунак! Во-о! Так! Аплядысмэнты сьведкам! – заахвочвае вядучы. – Чарачка выпіваецца, наліваецца і перадаецца далей!

На мне чарга не спынілася. І я была рада. Побач сядзеў брат маёй сябровачкі. Хлопец сымпатычны, але я ніколі не цалавала маладога чалавека, да якога ня маю пачуцьцяў.

Пасля вясельля тэлефаную сябровачцы:

– Як настрой, нявеста?

– Файны! Акурат грошы скончылі лічыць. Правадзілі ўжо сваякоў на цягнікі і аўтобусы. Цяпер зьбіраю чамаданы: заўтра ў мядовы месяц едзем!..



Аднойчы ў Горадні адбылося незвычайнае вясельле: жаніх і нявеста апранулі нацыянальныя сьвяточныя строі


Аднойчы ў Горадні адбылося незвычайнае вясельле: жаніх і нявеста апранулі нацыянальныя сьвяточныя строі

Адно са шматлікіх вясельляў

Адно са шматлікіх вясельляў

Мясцовы бізнэс: поні для маладых