“Засьлюнявілі ўжо Быкава, зацалавалі...”

Агляд тэлефанаваньняў за 10 ліпеня, пятніцу
Слухачы “Свабоды” працягваюць абмяркоўваць сустрэчу расейскага і амэрыканскага прэзыдэнта, якая адбылася днямі ў Маскве:

Уладзімер Зьвернік: “Пасьля саміту Абама-Мядзьведзеў такое ўражаньне, што ўвесь сьвет разглядае яго вынікі. Маю ўвагу прыцягнуў той тэзіс, паводле якога Амэрыка атрымала вайсковы транзыт праз Расею ў Аўганістан. На маю думку, гэта ня толькі сур’ёзная саступка Расейскай імпэрыі Амэрыцы, але таксама ўскоснае прызнаньне Крамлём, што саракавая армія генэрала Громава ня толькі не атрымала ніякай перамогі ў Аўганістане, але ж зазнала там паразу, бо да гэтай пары ідзе няскончаная вайна. Вось і патрабавалася зараз пайсьці на згаданую саступку Амэрыцы, бо ўласных намаганьняў у Расеі нестае. А мець выбухованебясьпечную пухліну на поўдні сваёй краіны Крамлю непажадана”.

Тэлефанаваньне спадара Зьверніка камэнтуе палітоляг Андрэй Фёдараў:

“Я згодзен з гэтым слухачом. Сапраўды, гэта дамоўленасьць на карысьць Амэрыкі, але яна і на карысьць Расеі. Бо — і я зноў жа згодзен — бо ў Расеі зараз ёсьць небясьпека: Аўганістан стварае зараз вельмі вялікую небясьпеку для цэнтральнаазіяцкіх рэспублік, былых савецкіх, і празь іх — для Расеі. Такім чынам, Расея проста забясьпечвае і сваю бясьпеку з дапамогай Амэрыкі. Нават больш — рукамі Амэрыкі, і толькі дапамагае ёй у гэтым”.

Слухачы “Свабоды” працягваюць выказваць свае меркаваньні з нагоды жорсткага прысуду маладафронтаўцу Арцёму Дубскаму, якога прыгаварылі да аднаго году пазбаўленьня волі:

Спадар Зіноўеў: “Я скажу пра суд Дубскага. Па-мойму, кайданкі пры выраку на 12 месяцаў не надзяваюць. А калі гэта парушэньне закону на вачах судзьдзі, сам прысуд незаконны. Дый на ўмовы ў Бабруйскім ізалятары Дубскі скардзіўся. Дзе праверка абласной пракуратуры?”

Тэлефанаваньне слухача “Свабоды” спадара Зіноўева камэнтуе юрыст, праваабаронца Гары Паганяйла:

“Сапраўды, існуе такая прыніжальная працэдура. Так дэманстратыўна, пасьля абвяшчэньня прысуду, надзяваюць кайданкі: як бы тут жа выконваецца прысуд, зьвязаны з пазбаўленьнем волі. Канечне, гэтая працэдура прыніжае годнасьць чалавека і ў адносінах да чалавека ў залі суду непрымальная. Але вось такія традыцыі, такія правілы ў Беларусі.

Што тычыцца ўмоваў утрыманьня ў Бабруйскай выпраўленча-працоўнай калёніі. У нас паўсюль бяда: выпраўленчыя ўстановы не адпавядаюць міжнародным стандартам. Гэта не навіна”.

Працягваем праграму “Званкі на Свабоду”. Мы заўсёды вельмі ўважліва ставімся да водгукаў слухачоў на перадачы нашага радыё. Вось адно зь сёньняшніх тэлефанаваньняў:

Спадар Мікола Дубоўскі: “Я вам хачу сказаць тое, што, слухаючы перадачы “Дом літаратара”, я ўсё чакаў, што скажуць нешта важкае пра Быкава. Я адчуваю, што, як казала Кісьліцына, што ўсякі жук і жаба пачынае выказваць свае дачыненьні да вялікага чалавека. Але на справе засьлюнявілі ўжо Быкава, зацалавалі. Ужо хто і ня ведаў, кажа, што меў нейкае дачыненьне да Быкава. Гэта ня вельмі добра. Я б хацеў, каб “Свабода” сказала важкае, разумнае, арыгінальнае слова пра Быкава і, мабыць, скончыла з гэтым усхваленьнем, хто хоча прымазацца да яго аўтарытэту. Гэта вельмі дрэнна”.

Слухачу “Свабоды” адказвае куратар праграм “Дом літаратара” і “Вольная студыя” Міхась Скобла:

“У “Доме літаратара”, як правіла, бяруць удзел жывыя пісьменьнікі. А ў чэрвені, “быкаўскім месяцы”, у перадачы “Вольная студыя” мы расказвалі пра новы фільм нашага земляка Сяргея Галавецкага. Фільм пра Быкава называўся “Сьмерці няма” і дэманстраваўся на канале “Культура”. Ну, і цягам цэлага месяца мы чулі жывы голас Быкава. Так што пісьменьнік працягвае прысутнічаць у нашым эфіры. Але сур’ёзнае слова пра Быкава ніколі ня будзе лішнім. Тут я згодзен”.

10 ліпеня ў Віцебску адкрываецца традыцыйны міжнародны музычны фэстываль “Славянскі базар”. Туды запрошана шмат ня толькі музыкаў, сьпевакоў, але і вядомых літаратараў, дзеячаў культуры. Вось меркаваньне слухача “Свабоды”:

Спадар “Там у праграме “Славянскага базару” паэт Яўген Еўтушэнка 11 ліпеня выступіць у канцэртнай залі “Віцебск”. Думаю, словы “Калі няма Свабоды, хаця б за свабоду памерці”, — гэта пра палітычныя галадоўкі, напрыклад Аўтуховіча. Раней Еўтушэнка крытыкаваў арышты ў Афрыцы і Амэрыцы”.