Справу беларуса ў Польшчы, магчыма, няправільна пераклалі

Як паведаміла польскаму агенцтву PAP пракурор Дзяржаўнай пракуратуры ў Бяла-Падлясцы Ёана Казлоўска, расьсьледаваньне па справе беларускага грамадзяніна Андрэя Жукаўца прыпыненае на невядомы пэрыяд. Гэта зьвязана са сьцьвярджэньнем падазраванага, што яго судовыя дакумэнты перакладзеныя на польскую мову зь вялікай колькасьцю памылак.

Андрэй Жукавец на пачатку 1990-х быў дырэктарам беларускай фірмы “Трэйс”, якая займалася сьветлавой рэклямай. У 1994 годзе фірма ўзяла ў Беларусбанку ды Белпрамбудбанку крэдыты на 700 тысяч даляраў для арганізацыі рэклямы ў Менску і іншых беларускіх гарадах. Беларускія праваахоўныя органы інкрымінавалі Жукаўцу невяртаньне крэдытаў. Аднак прадпрымальнік уцёк зь Беларусі. Жукаўца абвясьцілі ў міжнародны вышук. У 2001 годзе ён быў арыштаваны ў Беластоку пры выпадковай праверцы на дарозе.

Польская юстыцыя палічыла, што суд у Беларусі ў дачыненьні да Жукаўца — чалавека, які падзяляе погляды апазыцыі — можа быць юрыдычна непрымальным.
Польская юстыцыя, аднак, адхіліла запыты беларускай Генэральнай пракуратуры адносна экстрадыцыі Жукаўца на радзіму. Яна матывавала гэта тым, што адпаведны суд у Беларусі ў дачыненьні да Жукаўца — чалавека, які падзяляе погляды апазыцыі — можа быць юрыдычна непрымальным.

Паводле польскіх адмыслоўцаў, справа Андрэя Жукаўца адносна атрыманых ім у Беларусі крэдытаў лічыцца адной з самых працяглых і складаных. На бок беларускага прадпрымальніка сталі вядомыя польскія юрысты і праваабаронцы, якія палічылі довады і дакумэнты беларускіх праваахоўных органаў, накіраваныя ў польскія судовыя інстанцыі, палітычна матываванымі.

Цяпер, які піша польскае выданьне Gazeta Wyborcza, у дасланых зь Беларусі матэрыялах выяўляюцца і перакладчыцкія памылкі. Падазраваны Жукавец сьцьвярджае, што ў працэсе перакладу былі зьмененыя назвы банкаў і нават краін, якія значыліся ў мытных дэклярацыях.
§
Тым часам сама польская перакладчыца, якая працуе над перакладам дакумэнтаў разам з мужам, адрынула абвінавачаньні і адмовілася адказваць на пытаньні.

Цяпер рашэньнем польскай юстыцыі расьсьледаваньне па справе Жукаўца будзе прыпыненае на няпэўны тэрмін, пакуль экспэрт вышэйшай кваліфікацыі не праверыць шматлікія тамы дакумэнтаў.§