Ад сёньняшняга дня Беларусь атрымала статус назіральніка ў Радзе дзяржаў Балтыйскага мора. Адначасова аналягічны статус атрымалі яшчэ дзьве краіны – Гішпанія і Румынія. Рашэньне пра гэта было прынятае на чарговай сэсіі гэтай міжнароднай арганізацыі ў Даніі.
Рада дзяржаў Балтыйскага мора была створана ў 1992 годзе. Цяпер у яе склад уваходзяць Данія, Ісьляндыя, Латвія, Літва, Нарвэгія, Нямеччына, Польшча, Расея, Фінляндыя, Швэцыя, Эстонія. Статус назіральнікаў маюць Беларусь, Вялікабрытанія, Гішпанія, ЗША, Італія, Нідэрлянды, Румынія, Славаччына, Украіна і Францыя.
Ад сёньняшняга дня цягам аднаго году старшыняваць у Балтыйскай радзе будзе Літва. За час існаваньня Рады пад яе эгідай наладзілася супрацоўніцтва найперш у галінах навакольнага асяродзьдзя, культуры, адукацыі.