Каля 22-й гадзіны паводле менскага часу грамадзянін ЗША Эмануіл Зэльцэр быў выпушчаны з Магілёўскай калёніі, дзе ён адбываў трохгадовы тэрмін зьняволеньня.
Зэльцэра сустрэла прадстаўніца амэрыканскай амбасады ў Менску Кэралайн Сэвэдж. Яна ўручыла Зэльцэру новы пашпарт і павезла на машыне амбасады ў Менск.
Ля машыны Зэльцэр даў інтэрвію журналістам. Ён сказаў, што ў яго ёсьць праблемы са здароўем, але ён рады вызваленьню. Ён таксама сказаў, што даведаўся аб вызваленьні зь перадачы тэлебачаньня. Зэльцэр ня ведае, колькі яшчэ прабудзе ў Беларусі. Пасьля прыезду прадстаўніцы амэрыканскай амбасады з новым пашпартам фармальнасьці занялі каля гадзіны, а пасьля яго вызвалілі.
Выглядаў Зэльцэр стомленым і не зусім здаровым. Апошнія дні ён праводзіў галадоўку пратэсту.
Апрача прадстаўніцы амбасады ЗША Кэралайн Сэвэдж, адваката Зэльцара Дзьмітрыя Гарачкі і карэспандэнта Радыё Свабода, былога вязьня сустракала здымачная група беларускага тэлебачаньня. Зводдаль за прысутнымі назіраў супрацоўнік калёніі ў цывільным.
Вешчуны блізкага вызваленьня Зэльцера. За гадзіну да яго вызваленьня да калёніі пад’ехала здымачная група беларускага тэлебачаньня. На тэрыторыю яе не прапусьцілі.
Cёньня кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка на сустрэчы з амэрыканскімі кангрэсмэнамі паведаміў, што на працягу дня падпіша указ аб памілаваньні Зэльцэра.
Эмануіл Зэльцэр знаходзіўся ў магілёўскай калёніі № 15, яго трымалі ў мэдычнай частцы.