Арсеньневу цяпер можна сьпяваць і слухаць

У сэрыі “Беларускі Музычны Архіў” выйшаў дыск “З крывіцкай сям’і”, на якім прадстаўленыя творы беларускіх музыкаў на вершы Натальлі Арсеньневай, а між імі трэкі з голасам самой паэткі, якая чытае свае ўлюбёныя вершы. Прэзэнтацыя дыску сёньня ў Менску ў касьцёле сьвятых Сымона і Алены сабрала поўную залю.

Прэзэнтацыя пачалася выступам гурту “Ростра” зь песьняй “Я ішла”. Потым былі “Zigzag”, “П.Л.А.Н.” — усяго на дыску прадстаўленыя творы трынаццаці музыкаў і гуртоў. Знакаміты гімн “Магутны Божа” гучыць двойчы — у выкананьні Данчыка і музыкаў праекту “Я нарадзіўся тут”.

Выдаць такі дыск прапанаваў музыказнаўца Вітаўт Мартыненка. Ён склаў і адрэдагаваў выданьне, праца над якім прынесла шмат прыемных нечаканак.

“Нечаканым было атрымаць магнітафонныя запісы яе ўспамінаў і вершаў. З усяго гэтага багацьця трэба было выбраць няшмат для дыску. І мы выбралі вершы. І на дыску яна чытае верш і гучыць песьня на гэты верш, альбо на іншы, калі няма на гэты”.

Яшчэ, прызнаўся Вітаўт Мартыненка, нечаканым для яго быў факт, што ў Канадзе выходзіла некалькі вінілавых кружэлак з творамі на вершы Натальлі Арсеньневай. Спадар Вітаўт склаў дыскаграфію паэткі, якая налічвае шаснаццаць пунктаў. Яна і прадмова да дыску вядомага дзеяча беларускай эміграцыі ў ЗША Янкі Запрудніка зьмешчаныя ў дадатку да выданьня.

Сучасныя беларускія музыкі зьвярнуліся да творчасьці паэткі, як толькі сталі даступныя на радзіме яе творы. І праблемаў з матэрыялам ў выдаўцоў не было, зазначае прадусар “Беларускага Музычнага Архіву” Віталь Супрановіч.

“Шмат песьняў на вершы Арсеньневай ужо было запісана на іншых кружэлках. Можна згадаць, да прыкладу, праект “Я нарадзіўся тут” і творчасьць асобных музыкаў”.

І ўсе, хто хацеў, каб іхныя песьні на вершы знакамітай паэткі выдаўцы ўключылі ў гэты дыск, атрымаў такую магчымасьць. А слухачы атрымалі магчымасьць слухаць. Дарэчы, гэты дыск — ужо адзінаццаты ў сэрыі “Беларускага Музычнага Архіву”. І сёньня было шмат такіх наведнікаў імпрэзы, якія хацелі набыць усе. Але тры першыя ўжо даўно разышліся. Наступным жа выданьнем будзе дыск, прысьвечаны Кастусю Каліноўскаму.