Новая перадача сэрыі “Дом літаратара”. Эфір 27 чэрвеня
Перадача прысьвечаная памяці аднаго з найвядомейшых пісьменьнікаў беларускай эміграцыі Антона Адамовіча, чые 100-я ўгодкі прыпалі на 26 чэрвеня. У гутарцы бяруць удзел Валер Булгакаў, Анатоль Сідарэвіч і Юрась Пацюпа. Вядучы – Міхась Скобла.
Міхась Скобла: “Спадарства, яшчэ гадоў дзесяць таму творы Антона Адамовіча можна было пачытаць хіба ў маладаступных эміграцыйных выданьнях ці ў пэрыёдыцы часоў Другой усясьветнай вайны, якая таксама ня ў кожнай бібліятэцы знойдзецца. Але на сёньня мы маем два выдатна падрыхтаваныя аднатомавікі Антона Адамовіча – “Творы” (сэрыя БІНіМ, укладаньне і прадмова Лявона Юрэвіча) і “Да гісторыі беларускай літаратуры” (укладаньне і прадмова Валера Булгакава). Такім чынам, постаць Антона Адамовіча ўвідочнілася, месца ягонае ў гісторыі беларускага пісьменства больш-менш вызначылася. Найчасьцей з удзельнікаў нашай гутаркі спасылаецца на Адамовіча ў сваіх артыкулах Анатоль Сідарэвіч, якому я і адрасую першае пытаньне: на чым трымаецца літаратурны аўтарытэт Антона Адамовіча?”
Анатоль Сідарэвіч: “Ён трымаецца на тым, што Антон Адамовіч – адзін з тых гісторыкаў літаратуры, які пачынаў свой творчы шлях у дабраславёныя 20-я гады, калі ў Беларусі фармавалася навуковая літаратуразнаўчая школа. У яго была выдатная памяць, ён памятаў вельмі шмат фактаў, быў сьведкам шмат якіх падзей. Прыкладам, ён бліскуча паказаў абставіны барацьбы паміж “Маладняком” і “Узвышшам” за Паўлюка Труса. Згадаем і ягоную працу пра Івана Луцкевіча, якая не састарэла, успомнім спробу манаграфіі пра Максіма Гарэцкага, якая папярэднічала выдатнай працы Алеся Адамовіча. Было так, што два Адамовічы сустрэліся ў Нью-Ёрку, і старэйшы сказаў: “Я задоўга да вас пісаў пра Гарэцкага”. Акрамя таго, Антон Адамовіч цікавы як празаік, ён наогул быў усебакова таленавітым чалавекам”.
Скобла: “Ці ня самы вядомы твор Антона Адамовіча, які прынёс яму вядомасьць на Захадзе, – ангельскамоўная манаграфія пад назвай “Супраціў саветызацыі ў беларускай літаратуры”, выдадзеная ў 1958 годзе. Чытаючы яе, прафэсары Гарварду і Кэмбрыджу, мабыць, уяўлялі беларускую літаратуру як суцэльную антысавецкую партызанку на ідэалягічным фронце. Антысавецкіх дывэрсій у вершах ды паэмах розных аўтараў Адамовіч навыяўляў безьліч – нават у Максіма Лужаніна і Кандрата Крапівы. Ці не перабіраў ён тут меру, знаходзячы антымаскоўскія выпады ў аўтараў, фактычна, ляяльных да савецкай улады?”
Юрась Пацюпа: “Адамовіч яўна перабольшваў, але гэтым перабольшваньнем ён і цікавы. Ён стварыў вельмі цікавы прэцэдэнт крытыкі, сымбалічнага прачытаньня літаратуры – чым больш ты ўчытваесься ў яго артыкул, тым больш ствараецца ўражаньне, што ты чытаеш прыгодніцкі раман. А ў тым, што Адамовіч быў мітатворцам, я час ад часу пераконваўся на ягоных тэкстах. Адзін прыклад мне вельмі моцна ўрэзаўся ў памяць. У адным са сваіх апошніх інтэрвію, якое Адамовіч даў Сяргею Шупу, ён сказаў, што пад абрэвіятурай СВБ (Саюз ваяўнічых бязбожнікаў) хаваўся насамрэч Саюз вызваленьня Беларусі. Ён на поўным сур’ёзе гаварыў, што існаваў Саюз вызваленьня Беларусі, а адным з удзельнікаў СВБ назваў Франца Гінтаўта. А Франц Гінтаўт якраз у той час жыў у Горадні і пісаў успаміны, а Руслан Казлоўскі, літаратуразнаўца з кафедры беларускай літаратуры, апрацоўваў тыя ўспаміны. Руслан для часопіса “Сьвіцязь” узяў інтэрвію ў Гінтаўта, які адназначна адказаў, што не было ніякага Саюзу вызваленьня Беларусі, што гэта выдумка ГПУ”.
Скобла: “Адамовіч часам дадумваў за аўтара. Вось ён у сваёй манаграфіі цытуе словы Язэпа Пушчы: “Санэт – гэта замак у паэзіі. У наш час замкі ператвараюцца ў вязьніцы”. Праз дваццаць гадоў Пушча напісаў санэт пра Адама Міцкевіча. І Адамовіч робіць нечаканую выснову: “А ці не намякае паэт на вязьніцу, у якой ён пакутаваў праз гады?” Як трэба ставіцца да такога дадумваньня?”
Валер Булгакаў: “Супраціў саветызацыі…” сапраўды моцна прасякнуты беларускімі нацыянальнымі мітамі. Пры падрыхтоўцы гэтага тэксту да друку мне здавалася, што хоць і напісаны ён на ангельскай мове, але больш скіраваны на беларускую аўдыторыю, чым на вельмі скептычную, пазытывісцкую заходнюю навуковую публіку. Кніга стварала і культывавала міты, якія былі вельмі важныя для беларускай нацыянальнай сьвядомасьці. У тыя гады пісьменьнікі, фактычна, былі асноўнымі прадстаўнікамі беларускага нацыянальнага руху, і пашырэньне нацыянальнай самасьвядомасьці адбывалася, перш за ўсё, пры дапамозе літаратурных тэкстаў. І ў сваёй кнізе Адамовіч ствараў пісьменьнікам арэол герояў, нейкіх сьветачаў нацыі, якія ў варунках таталітарнага прыгнёту вялі сваю нацыянальную – у дачыненьні да Беларусі і падрыўную – у дачыненьні да імпэрскага цэнтру, работу. Але шмат дзе Адамовіч не дадумваў. Ён сапраўды абапіраўся на свае ранейшыя дасьледаваньні 40-50 гадоў. Вы гаварылі пра Кэмбрыдж або Гарвард. Я актыўна працаваў з тэкстамі, створанымі прафэсійнымі літаратуразнаўцамі з гэтых унівэрсытэцкіх асяродкаў, і мне ня надта часта ўдавалася пабачыць спасылкі ці апэляцыі на гэтую кнігу. Здаецца, яна так і ня сталася настольнай чытанкай заходніх акадэмічных літаратуразнаўцаў”.
Пацюпа: “На дадумваньні была пабудаваная расейская рэальная крытыка. Бялінскі ці Дабралюбаў чыталі расейскіх клясыкаў і дадумвалі за іх публіцыстычныя высновы. Таму нічога тут дзіўнага ці кепскага няма. Адамовіч, дарэчы, вельмі прыгожа дадумваў. Я яшчэ раз удакладню: я яго назваў мітатворцам, але ня хлусам”.
Скобла: “Антон Адамовіч, дзе б ні працаваў – у “Беларускай газэце”, у Мюнхенскім інстытуце па вывучэньні СССР, на Радыё Свабода, – паўсюль выяўляў сябе непрымірымым антысаветчыкам, а беларускую савецкую літаратуру называў “мёртвай, бяздушнай і безгалосай”. Што, вядома ж, не адпавядае праўдзе. Ці бачыў Адамовіч у БССР вартых увагі творцаў?”
Пацюпа: “Сапраўды, Адамовіч асобна пра беларускіх савецкіх творцаў пісаў вельмі мала, але ён не ўяўляў сабе поле савецкай літаратуры мёртвым, ён проста спрабаваў ацаніць літаратурную сытуацыю. Пачытаўшы Антона Адамовіча, бачыш, што Абрам Тэрц ужо не цікавы. Тэрц – гэта савецкі літаратуразнаўца, пэўны час досыць ляяльны да ўлады, які напісаў працу “Што такое сацрэалізм?”, дзе прыраўняў сацрэалізм да клясыцызму. Але менавіта такую ж тэзу выстаўляў і Антон Адамовіч, але яшчэ раней”.
Булгакаў: “Адамовіч быў закладнікам лёсу свайго пакаленьня. Ягоныя кантакты з Бацькаўшчынай незваротна перарваліся ў 1943 годзе, калі ён пасьля вядомага, але да канца ня вытлумачанага інцыдэнту з бомбай у рэдакцыі “Беларускай газэты” быў перакінуты ў Бэрлін. Наконт гэтага інцыдэнту апошнім часам зьявіліся цікавыя публікацыі. Выглядае, што Антон Адамовіч быў акурат той фігурай, якую НКВД БССР хацела выкарыстаць для замаху на Вільгельма Кубэ. Ня так даўно зьявілася кніжка Ільлі Барысава пра Натальлю Арсеневу, дзе аўтар прыводзіць унікальны дакумэнт, які, здаецца, захоўваецца ў маскоўскім архівах, і дае цытату з загаду Цанавы агенту Іванову, каб той пачаў сваю дзейнасьць. Агент Іваноў – гэта Антон Адамовіч. Выглядае, што Антон Адамовіч адмовіўся ад любой далейшай супрацы з савецкімі спэцслужбамі, і каб запалохаць яго, была праведзеная апэрацыя з бомбай у шуфлядзе, якая скончылася гібельлю ахоўніка рэдакцыі “Беларускай газэты” Янчэўскага.
З 1943 году Антона Адамовіча не было ў Беларусі, кантакты, безумоўна, перапыніліся, і гэта, на мой погляд, наклала пэўны сьветапоглядны адбітак на яго ўяўленьні пра беларускую літаратуру. Пасьля 1943 году, асабліва пасьля заканчэньня Другой усясьветнай вайны ён не ўступаў у беспасярэдні дыялёг з тагачаснымі беларускімі творцамі. Мы можам прачытаць у Адамовіча нешта пра Караткевіча, пра Ніла Гілевіча, пра іншых славутых беларускіх пісьменьнікаў, але ўсё гэта ня вельмі ўпэўнена. У табелі аб рангах у той сыстэме каардынатаў, якую абраў Антон Адамовіч, усё роўна зоркамі першай велічыні заставаліся творцы, з якімі яму даводзілася сустракацца асабіста, удзельнічаць у літаратурным згуртаваньні “Ўзвышша”.
Скобла: “Валер, вы насамрэч цьвердзіце, што Антон Адамовіч быў завербаваны савецкімі спэцслужбамі і выконваў адпаведныя даручэньні?”
Булгакаў: “Калі мы зьвернемся да дзьвюх ягоных аўтабіяграфій (1935 і 1941 гадоў), якія захоўваюцца ў Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь, то гэта зьяўляецца фактам неаспрэчным. Больш за тое, напрыклад, смаленскі архівіст Мікалай Ількевіч надрукаваў выбраныя дакумэнты са сьледчай справы 1938 году, па якой праходзілі Антон Адамовіч і Адам Бабарэка. З гэтых дакумэнтаў недвухсэнсоўна вынікае, што Антон Адамовіч быў завэрбаваны савецкімі спэцслужбамі і нейкі час выконваў сэксоцкія функцыі, але з прыходам нямецкага войска ў чэрвені 1941 году ён перастаў іх выконваць. Уласна кажучы, пэрыяд ягонага сэксоцтва доўжыўся з сярэдзіны 30-х да 1941 году. Пасьля Антон Адамовіч прыпыніў усе кантакты з савецкімі спэцслужбамі”.
Сідарэвіч: “З ГПУ супрацоўнічаў і Максім Лужанін, якога ўпаўнаважылі агітаваць нашых людзей у лягерах для перамешчаных асобаў за вяртаньне на радзіму. І гэта ж Максім Лужанін шапнуў Антону Адамовічу, што эмігранты не павінны вяртацца на бацькаўшчыну, бо іх там чакаюць Сыбір і Калыма. Дзякуючы чалавеку, які супрацоўнічаў з ГПУ, Антон Адамовіч пражыў, дзякуй Богу, працяглае жыцьцё. І ня толькі Адамовіч, а ўвесь цьвет нашай эміграцыі быў выратаваны”.
Скобла: “Валер Булгакаў кваліфікуе аўтабіяграфію Антона Адамовіча, напісаную ў 1935 годзе, як данос. Там сапраўды ўтрымліваецца кампрамат на некаторых пісьменьнікаў. Я бачыў арыгінал гэтай аўтабіяграфіі ў Нацыянальным архіве Беларусі. Гэта машынапіс. Ці не дапускаеце вы, Валер, што пэўныя ацэнкі маглі быць упісаныя туды не Адамовічавай рукой? Такое ў 30-я гады, ды і пазьней, неаднойчы здаралася”.
Булгакаў: “Безумоўна, магло быць і такое. Але ж ёсьць і дакумэны 1938 году па справе, па якой праходзіў Адамовіч. Апрача гэтага, ёсьць сам факт цудоўнага вызваленьня Антона Адамовіча з засьценкаў сталінскіх турмаў. Адам Бабарэка ў той момант, калі Антон Адамовіч вызваляўся, гінуў ад пароку сэрца ў лягерах, а Адамовіч быў вызвалены, і пераведзены ў Менск. У “АRCHE” друкаваўся артыкул Мікалая Ількевіча з дакумэнтамі канца 30-х гадоў, якія сьведчаць, што беларускае ГПУ нават зрабіла спэцыяльны запыт у месца ягонай ссылкі з просьбай, каб пасьля вызваленьня Антона Адамовіча тамтэйшыя чэкісты даслалі ў Менск ягоныя асабістыя дакумэнты з ваенным білетам. Цяжка растлумачыць гэты прыклад клопату беларускіх чэкістаў пра Адамовіча неяк іначай, чым супрацай. Натуральна, гэтая тэма вымагае шырэйшага кантэксту, і гэта ня той сюжэт, дзе мы можам канчаткова расставіць кропкі над “і”. Я перакананы, што супраца была”.
Сідарэвіч: “У той аўтабіяграфіі ёсьць моманты, якія ня ў лепшым сьвятле падаюць асобу Антона Адамовіча. Але, па-першае, гэта машынапіс, а ня рукапіс. Невядома, у якіх варунках быў узяты подпіс пад тым дакумэнтам. Па-другое, у савецкіх турмах абгаворвалі сябе і іншых людзі больш сталыя, выпрабаваныя царскімі ссылкамі і турмамі (той жа Язэп Лёсік). Гэта не навіна, бо бальшавіцкая турма, бальшавіцкія мэтады допытаў не ішлі ні ў якое параўнаньне з царскімі”.
Пацюпа: “Былі розныя пісьменьнікі: адны падпісвалі тое, што ім давалі, іншыя – не падпісвалі. Калісьці я гаварыў з Паўлам Пруднікавым, той казаў, што нічога не падпісаў і нікога ня здаў. Але калі людзей суткамі трымалі на “канвэеры”, то чалавек нават не ўсьведамляў, што ён падпісвае, як падпісвае”.
Скобла: “У прадмове да менскага выданьня твораў Адамовіча Валер Булгакаў піша, што “ў субкультуры беларускай савецкай інтэлігенцыі 30-40-х гадоў данос успрымаўся як натуральны атрыбут жыцьця”. Ці згодныя з такой тэзай другія ўдзельнікі гутаркі?”
Сідарэвіч: “Я ня згодзен. Даносаў сапраўды было шмат: публічных, шчырых, з разлікам і г.д. Я цяпер акурат распрацоўваю клясыфікацыю даносаў. Дык вось, ня ўсе пісьменьнікі пісалі ў гэтым жанры. Але што жанр гэты быў дастакова запатрабаваны і распаўсюджаны – сумневаў тут няма”.
Скобла: “У гады Другой усясьветнай вайны Антон Адамовіч выкладаў на курсах Беларускай самааховы, працаваў у Менскай гарадзкой управе, актыўна друкаваўся ў “Беларускай газэце”. І, тым ня менш, беларускім Квісьлінгам Адамовіч лічыў Івана Ермачэнку, а сам, як прызнаваўся пазьней, і на старонках пранямецкіх выданьняў удзельнічаў у беларускім літаратурным Рэзыстансе. Ці можна тое, што рабіў Антон Адамовіч у “Беларускай газэце”, лічыць беларускім супрацівам?”
Пацюпа: “Думаю, што можна. Мы проста часамі глядзім на той час вачыма савецкіх гісторыкаў. Як толькі супрацоўнічаў зь немцамі – значыць, калябарант! Але шмат якія савецкія падпольнікі таксама супрацоўнічалі зь немцамі вонкава, але яны адначасна займаліся змаганьнем зь імі. Проста ў савецкія часы ніхто ня ставіў пытаньня пра беларускі супраціў. Лічылася, што яго ня можа быць, бо яго ня можа быць нааагул. Сёньня зноў зьявілася мода ўсіх, хто жыў пад акупацыяй, называць калябарантамі, здараднікамі, ледзь ня катамі. Але давайце паглядзім на праблему шырэй. Скажам, у Францыі больш ляяльна ставіліся да сваіх грамадзянаў, якія хоць крыху спрычыніліся да францускай патрыятычнай справы, іх ужо лічылі ўдзельнікамі супраціву. А ў нас наадварот – хочуць усіх утаптаць у гразь”.
Сідарэвіч: “Дэ Голь дзякаваў францускім настаўнікам, якія вучылі францускіх дзяцей у час аукпацыі па-француску, незалежна ад таго, удзельнічалі яны ў руху супраціву, ці ня ўдзельнічалі”.
Булгакаў: “Шмат якія легенды, якія тычыліся рэзыстансу, былі створаныя адразу пасьля заканчэньня Другой усясьветнай вайны, напрыклад, легенда пра Беларускую незалежніцкую партыю, пра тое, як ксёндз Вінцэнт Гадлеўскі яе ачольваў і сьвядома гуртаваў сілы для супраціву, за што і быў замардаваны немцамі ў 1942 годзе. Часамі падобныя нарацыі былі абсалютна неабходнымі для самалегітымізацыі беларускай эміграцыі, якая апынулася ў заходніх лягерах для перамешчаных асобаў, і над якой увесь час вісеў праклён дэпартацыі ў Савецкі Саюз. Заходняя Фэміда таксама зацікавілася акупацыйным пэрыядам жыцьця Антона Адамовіча. У 1983 годзе ён быў выкліканы на допыт у Фэдэральню бюро расьследаваньняў, і яму давялося прайсьці досыць непрыемную працэдуру некалькігадзіннага допыту афіцэрам ФБР, які цікавіўся акурат ваенным пэрыядам яго жыцьця і творчасьці. На тым допыце Антон Адамовіч прызнаў, што працаваў падчас нямецкай акупацыі. Так, яны друкавалі ў сваёй газэце нямецкі афіцыёз, так, яны былі змушаныя паўтараць расавыя лёзунгі нацысцкай ідэялёгіі на старонках тагачаснага беларускага друку.
Але і ў тых умовах заставалася прастора для самавыражэньня. Трэба сказаць, што Антон Адамовіч уласныя мастацкія творы, якія ён стварыў падчас Другой усясьветнай вайны, ні ў якім разе не нашпігаваў элемэнтамі расавай ідэялёгіі. Там, фактычна, немагчыма знайсьці сьведчаньняў, што гэтыя творы былі інсьпіраваныя нацыянал-сацылізмам. Возьмем, напрыклад, ягоную аповесьць “Трывога”. Гэта вельмі глыбокая, незаслужана недаацэненая рэч, у якой гаворыцца пра гісторыю беларускага высланца ў глыбіні Расеі. Тэкст чытаецца лёгка, на адным дыханні, і не зьмяшчае ніякіх згадак пра рэаліі 1941-1944 гадоў. Таму часткова можна пагадзіцца з тэзай, што Антон Адамовіч, калі, прынамсі, не займаўся падпольным супрацівам, то і не ўслаўляў дзеяньні ці ідэялягічныя дагматы новых валадароў Беларусі”.
Скобла: “І ў нью-ёрскім, і ў менскім выданьнях Адамовіч прадстаўлены пераважна як літаратуразнаўца. Але пісаў ён і прозу, і паэтычнымі перакладамі займаўся. Як вы ацэньваеце зробленае ім у гэтых жанрах?”
Сідарэвіч: “У “Каханым горадзе” Адамовіча цікавая фабула, там узьнята вельмі цікавая праблема. Яшчэ ж ніхто не напісаў гісторыю Менску часоў вайны: колькі будынкаў зьнішчылі немцы, а колькі – савецкая авіяцыя. Наогул, беларус-лётчык на вайне – новая тэма. Цікава, адкуль ведаў Антон Адамовіч, што экіпаж самалёта, які ляцеў бамбіць аб’екты ў Беларусі, ніколі не складаўся з адных беларусаў. А раптам сядуць дзе-небудзь пад Менскам… Але адкуль Адамовіч пра тое ведаў?”
Скобла: “Антон Адамовіч памёр у чэрвені 1998 году ў Нью-Ёрку, дзе жыў апошнія гады ў доме для састарэлых. На ягоным надмагільным помніку надпіс: “Вернаму сыну Беларусі ад сяброў і вучняў”. Ці ёсьць яна, “школа Антона Адамовіча”, у беларускай літаратурнай крытыцы?”
Пацюпа: “Сёньня наагул гаварыць пра літаратурныя школы складана. І ўсё ж Антон Адамовіч пакінуў сваіх вучняў, думаю, што яны яшчэ зьявяцца, бо кнігі яго толькі нядаўна выйшлі, і толькі цяпер пачынаецца яго зразуменьне, усьведамленьне. Скажу пра сябе. Напачатку 90-х гадоў я прачытаў артыкул Адамовіча “Да пабудовы навуковай гісторыі беларускай літаратуры”, і адчуў, што ён мяне ўсяго глыбока перакапаў, калі ўжыць тут словы Леніна. Я ішоў потым па сьлядах Антона Адамовіча і адумысна хадзіў да Ніны Ватацы – ягонай аднакурсьніцы. Да гэтай пары тыя сьцежкі, якія ён праклаў, мяне вабяць”.
Сідарэвіч: “Калі будзе стварацца гісторыя беларускай крытыкі і літаратуразнаўства, Антону Адамовічу там будзе нададзена вельмі вялікая ўвага. Падкрэсьлю: не акадэмікам некаторым, а менавіта Антону Адамовічу”.