Меней праверак – болей працы

Рынак у Баранавічах

У Беларусі 1-га ліпеня спыняецца мараторый на неабгрунтаваныя чыноўніцкія праверкі прадпрымальнікаў. Паўгадавую палёгку дазволіў указ Аляксандра Лукашэнкі № 689, прыняты ў сьнежні мінулага году.

Сёньня карэспандэнты “Свабоды” ў рэгіёнах цікавіліся: ці задаволеныя прыватныя бізнэсоўцы ўмовамі мараторыю і чаго чакаюць у выпадку яго адмены?

БАРЫСАЎ

Без кантралёраў – лепшы плён


Лідэр зарэгістраванай ва Ўкраіне беларускай грамадзкай кампаніі “За свабоднае разьвіцьцё прадпрымальніцтва” Віктар Гарбачоў лічыць, што мараторый прынёс добры плён. У Беларусі за мінулыя паўгода не было масавых праверак прадпрымальнікаў сталіцы і абласных цэнтраў. У рэгіёнах, як правіла, прадпрымальнікі ў выпадку канфліктаў дамагаліся справядлівасьці. Віктар Гарбачоў канстатуе:

“Мясцовыя асобныя праблемы, якія ўзьнікалі, да прыкладу, у райцэнтры Крупкі, калі пазаведамасная ахова міліцыі навязвала свае паслугі і вымагала за гэта грошы, вырашаліся праз канкрэтны байкот. Такое адбылося таксама ў Маладэчне і ў Беразіно. І вось праз гэтыя праблемы мы знайшлі новых актывістаў нашай арганізацыі ў рэгіёнах”.

МАГІЛЁЎШЧЫНА

“Нічога добрага не чакаем — у бюджэце няма грошай”

Прыватныя гандляры Магілёўшчыны з трывогай чакаюць сканчэньня мараторыю на праверкі. Чаму?

Увядзеньне мараторыю тлумачылася шматлікімі скаргамі бізнэсоўцаў, якім праверкі й рэвізіі перашкаджалі нармальна працаваць. Чым жа займаліся падаткоўцы ў мараторый? Няўжо не было праверак?

“Канечне, праверкі былі. Калі назіраньні паказвалі, што ёсьць факты парушэньняў відавочныя, то бок доказы былі, то мы афармлялі праверкі, і ніякіх праблемаў не было. Быў праведзены шэраг праверак, якія былі выніковымі. Гэта дапускаецца. Рэйдавыя праверкі, калі былі выніковыя, то яны дапускаліся”, — паведаміў супрацоўнік магілёўскай падатковай інспэкцыі Генадзь Раманаў.

За тэрмін мараторыю падаткоўцы меліся выпрацаваць такі мэханізм працы, які б максымальна зьменшыў колькасьць праверак. Што чакае прадпрымальнікаў па яго сканчэньні:

“Я не магу нічога сказаць наконт гэтага. Яшчэ няма новага ўказу прэзыдэнта. Мне цяжка што-небудзь сказаць, што далей будзе. Я асабіста пакуль нічога ня ведаю па гэтым пытаньні”.

“Цяпер бізнэс сьцішыўся ў чаканьні нечага непрыемнага”

Афіцыйная статыстыка паказвае, што колькасьць праверак зьменшылася. З гэтым згаджаецца старшыня аб’яднаньня прадпрымальнікаў Магілёўшчыны Тацяна Казлоўская. Таксама яна заяўляе:

“Колькасьць штрафаў у параўнаньні зь мінулым годам узрасла. Гэта гаворыць пра тое, што пэўныя бізнэсы ўжо зачыненыя — толькі таму, што непамерна вялікія штрафы й людзі ня ў стане іх аплаціць”.

Паводле суразмоўніцы, цяпер прадпрымальнікі з трывогай чакаюць сканчэньня мараторыю, бо вестак пра тое, што мэтады працы падаткоўцаў зьменяцца, пакуль няма:

“Пляны па зборы штрафных санкцыяў у Беларусі засталіся. А паколькі ў краіне абавязваюць выконваць пляны і нават іх перавыконваць, каб атрымліваць прэміі, то зь першага ліпеня канечне павінны пайсьці непамерна вялікія штрафы. Цяпер бізнэс сьцішыўся ў чаканьні нечага непрыемнага”.

Прадпрымальнікаў змушаюць даваць грошы на “Вянок дружбы”

У Бабруйску таксама прадпрымальнікаў штрафавалі ды яшчэ абавязвалі фінансаваць гарадзкія мерапрыемствы. Гаворыць тамтэйшая прадпрымальніца Алена:

“У нас цяпер адбываецца сьвята “Вянок дружбы”. Вялікую колькасьць людзей прымушалі даплачваць. Хаця я ім і казала, што ўлады ня маюць права, аднак людзі баяцца і шмат хто плаціў. Нічога добрага нас не чакае. Цяпер у бюджэце грошай няма, толькі мы ім і плацім гэтыя грошы. Гэта будуць павальныя праверкі. Усе да гэтага рыхтуюцца”.

СЛОНІМ

У Слоніме — канфлікт на рынку на вуліцы Брэсцкай

Пры канцы мараторыю на праверкі ўлада ў Слоніме выціскае са сваіх працоўных месцаў два дзесяткі прадпрымальнікаў.

У Слоніме мясцовыя ўлады спрабуюць зачыніць міні-рынак на вуліцы Брэсцкай. Не чакаючы 1-га ліпеня, тут ужо звольнілі супрацоўнікаў адміністрацыі. Аднак прадпрымальнікі ўпарцяцца і працягваюць працаваць. Бізнэсоўцы спадзяюцца, што ўлады пакінуць іх у спакоі.

Гаворыць слонімскі прадпрымальнік Віктар:

Спадар: “Сытуацыя цяпер такая, што падатковая інспэкцыя не бярэ з прадпрымальнікаў, якія гандлююць харчовымі таварамі, падатак за ліпень, спасылаючыся на тое, што ў іх ёсьць папера з санэпідэмстанцыі аб забароне гандлю. А хто гандлюе прамысловымі таварамі — з тых падатак бяруць”.

Спадар Віктар мяркуе, што ўлады ня будуць чапаць іх да 1 ліпеня — пакуль ня скончыцца мараторый на прыпыненьне рознага кшталту праверак.

Рынак наводшыбе жыхароў Слоніма ня вабіць

Другі прадпрымальнік, спадар Васіль, настроены вельмі пэсымістычна і лічыць, што ў хуткім часе ён разам са сваімі калегамі страціць працу. Пытаюся ў Васіля, чаму ўсё ж прадпрымальнікі ня хочуць ісьці на іншы рынак, як прапаноўваюць ім улады?

“Загадзя вядома, што індывідуальныя прадпрымальнікі ня вытрымаюць там канкурэнцыі — ня наш раён, вялікая арэндная плата, мала людзей. Яны ж вынесьлі рынак наводшыб, і туды ніхто ня хоча ісьці. Мы тут усе ў паніцы. Відавочна, што нас папросту пазбаўляюць працы. Кажуць нам, што там умовы лепшыя для працы, што ўсё для нас, але ў нас пра тое, хочам мы ці ня хочам туды, ніхто не спытаўся”.

Нагадаю, што рынак, за які змагаюцца прадпрымальнікі ў Слоніме, існуе больш за 10 гадоў. У падтрымку прадпрымальнікаў мясцовыя насельнікі сабралі болей за тысячу подпісаў.

“Цяперашняя ўлада яшчэ не навучылася прыслухоўвацца да людзей”

Аднак пазыцыя ўладаў застаецца нязьменнай: яны прапануюць прадпрымальнікам перайсьці працаваць на новы рынак, матывуючы тым, што рынак на вуліцы Брэсцкай знаходзіцца побач з ажыўленай трасай, тут парушаюцца санітарныя нормы, пажарная бясьпека.

Вось што сказаў наконт гэтага адзін з прадпрымальнікаў:

“Эпоха цароў, каралёў, князёў сканчаецца, пачынаецца эпоха людзей, і трэба ўсё ж прыслухоўвацца да іх думак, поглядаў і пажаданьняў. Але нашыя ўлады пакуль не навучыліся гэтага рабіць”.

МЕНСК

Супрацоўнікі 27 кантрольных структураў штрафуюць прадпрымальнікаў


Гаспадарчы суд Беларусі абвясьціў, што сёлета ў студзені-траўні з рынкаў краіны паступіла 470 матэрыялаў аб адміністрацыйных правапарушэньнях. За такі ж пэрыяд летась было больш як 800 такіх спраў.

У камэнтары да гэтай сытуацыі старшыня грамадзкага аб’яднаньня прадпрымальнікаў “Пэрспэктыва” Анатоль Шумчанка заяўляе, што як толькі скончыцца мараторый, кантрольныя органы зноў возьмуцца за “жывую” працу. Дарэчы, у Беларусі цяпер 27 кантрольных структураў маюць права правяраць прадпрымальнікаў і караць іх штрафамі. Анатоль Шумчанка пераконвае:

“Вядома, што мы былі б ня супраць, каб тэрмін дзеяньня мараторыю быў падоўжаны. Але у нас няма ніякіх ілюзій, што праверкі будуць адноўленыя адразу ж. Аднак уладзе давядзецца выбіраць залатую сярэдзіну, бо ёсьць арганізацыя “Пэрспэктыва”, і яна здольная вывесьці на вуліцу не адну тысячу людзей. Так што ўладзе пераборшчваць нельга”.



26 чэрвеня ў Менску на паседжаньні Рады па разьвіцьці прадпрымальніцтва было абвешчана, што на прадпрыемствы малога прадпрымальніцтва прыпадае менш як 9% валавога ўнутранага прадукту і 12—13% сьпісавай колькасьці працоўных. Чыноўнікі канстатуюць, што дробны бізнес да сёньня яшчэ ня мае значнай вагі ў эканоміцы і занятасьці людзей.