Салдаты-апазыцыянэры больш за паўмесяца знаходзяцца ў ізаляцыі. У вайсковых частках Зьмітра Хведарука і Франка Вячоркі не працуюць таксафоны, Іван Шыла – дзень таму адбыў 7 сутак арышту на гаўптвахце за знойдзены ў ягоных рэчах мабільны тэлефон.
Івана Шылу 26 чэрвеня прывезьлі ў вайсковую частку з гаўптвахты, дзе ён адбываў 7 сутак арышту за карыстаньне мабільным тэлефонам. Іванаў бацька абураўся дзеяньнямі вайскоўцаў і называў пакараньне занадта жорсткім за такі дробны праступак яго сына.
У нядзелю бацькі Івана наведаюць яго і распытаюць у якіх умовах яму давялося адбываць вайсковы арышт.
Гаворыць бацька Івана Ўладзімер Шыла:
“Адзінае, што я ведаю, гэта, што ён у 3 гадзіны прыехаў у частку. Там жа цяпер таксафон працуе. Ільля быў дома і ён тэлефанаваў на хатні. Абяцаў, што патэлефануе ўвечары, але пакуль званка няма”.
Франак Вячорка пазбаўлены звальненьня ў выходныя. Яго часта ставяць у нарады і таму зь ім ня могуць сустрэцца сваякі і сябры. Франкаў бацька Вінцук Вячорка апавёў, што цягам апошніх двух тыдняў ягоны сын не атрымлівае недзяржаўную прэсу.
З бібліятэчкі, якую зьбіралі сябры і сваякі для вайсковай часткі выключылі каля 30 кніг без тлумачэньня прычынаў. Таксафон, адзіны дазволены сродак тэлефанаваньня, пасьля невялікага перапынку зноў не працуе.
Вінцук Вячорка непакоіцца станам здароўя свайго сына:
“Штодня Франку фэльшар мерае ціск і, на вялікі жаль, вынікі гэтага мераньня пацьвярджаюць, што ён мае праблемы з ціскам, не сумяшчальныя са службай у войску.
Я вельмі натхнёны тым, што ў Рэзалюцыі Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы ёсьць асобны пункт, прысьвечаны палітычнаму прызыву, як новай форме рэпрэсій у Беларусі. Пра новыя формы рэпрэсіяў гаварылі й камісар Бэніта Фэрэра-Вальднэр”.
Вінцук Вячорка перакананы, што вайскоўцы, адказныя за ідэалёгію, аказваюць псыхалягічны ўціск на яго сына, нацкоўваючы супраць яго салдат.
Маці Зьмітра Хведарука прытрымліваецца такога ж меркаваньня ў дачыненьні да свайго сына.
Гаворыць Ірына Хведарук:
“Першы раз за ўсю службу ў сталоўку паставілі, дык ён мне напісаў: “Я крокі да станаўленьня сапраўдным мужчынам раблю сямімільныя. Акрамя адбіваньня канціка на ложку і выроўніваньня ложку па нітцы, я навучыся сапраўднай мужчынскай працы – мыць 273 падноса за вечар і выроўніваць па нітцы сталы.
І толькі адно псуе мне жыцьцё: войска ня зробіць зь мяне сапраўднага мужчыну, бо я не змагу навучыцца паліць, піць і лаяцца матам”.
У справе Франка Вячоркі і Зьмітра Хведарука гарадзкі суд адмовіўся адмяніць рашэньне раённых судоў, якія прызналі гвалтоўны прызыў хлопцаў у войска законным.
Бацькі Івана Шылы пакуль не падалі скаргу на аналягічнае рашэньне Салігорскага суду.