Пінск: супрацоўнікаў міліцыі й пракуратуры пакараюць

Генэральная пракуратура пагадзілася, што прэтэнзіі пінскага апазыцыянэра да міліцыі і пракуратуры абгрунтаваныя і даручыла прыцягнуць вінаватых да адказнасьці.
Сёньня сябра руху “За свабоду” Юры Бахцераў паведаміў “Свабодзе” пра вынікі праверкі яго скаргі, накіраванай яшчэ 21 траўня ў Генэральную пракуратуру Беларусі.

Са словаў заяўніка, Генпракуратура даручыла праверку пракуратуры Берасьцейскай вобласьці. У адказе за подпісам намесьніка абласнога пракурора А.Цечкі паведамляецца:

“Пракуратура Берасьцейскай вобласьці ставіць пытаньне аб прыцягненьні да адказнасьці намесьнікаў начальніка Пінскага ГАУС С.Вакуліча, С.Кібака і начальніка аддзела Я.Вікулава.

Таксама пракуратура вобласьці ініцыюе пытаньне аб прыцягненьні да адказнасьці намесьніка пракурора горада Пінска Л.Супруна і памочніка пракурора Д.Пазьняка”.

“Мая скарга была на 35 старонках друкаванага тэксту. Я паведаміў пра ўсе, на мой погляд, неабгрунтаваныя затрыманьні, памылкі ў міліцэйскіх пратаколах і незаконныя вобшукі ў кватэры. Дэталёва інфармаваў пра больш як 10 выпадкаў выкарыстаньня ў 2008—2009 гадах супрацоўнікамі Пінскага ГАУС ілжывай інфармацыі і надуманых падставаў”, — кажа Юры Бахцераў.

Суразмоўца таксама адзначае, што пракуратура Берасьцейскай вобласьці спыніла ўсе ранейшыя справы аб адміністрацыйных правапарушэньнях у адносінах да Юрыя Бахцерава. Зроблена выснова, што “Пінскім ГАУС і пракуратурай горада Пінска праверкі па шэрагу Вашых зваротаў праведзены няпоўна і не грунтоўна”.

Юрыю Бахцераву — 51 год. Лідэр пінскай рэгіянальнай арганізацыі руху “За свабоду” . У 1991—1999 гадах быў дэпутатам Пінскага гарсавета.