Выйшла 16-я кніга з сэрыі “Бібліятэка Свабоды. XXI стагодзьдзе” — “Акцэнты Свабоды” Юрыя Дракахруста. Гэтая кніга — зборнік выбраных перадачаў праграмы Беларускай службы Радыё Свабода “Праскі акцэнт”, якія выйшлі ў эфір у 2001—2008 гадох.
Аўтар кнігі Юры Дракахруст прысьвяціў сваю кнігу бацькам — Аляксандру Дракахрусту і Дзіне Манаевай. Ён патлумачыў, чаму кніга называецца менавіта “Акцэнты Свабоды”:
“Дарэчы, гэтую назву прыдумаў мой бацька незадоўга да сьмерці. У яе два аспэкты. Адзін — што кніга ўяўляе сабой міжнародны інтэрнацыянальны мазгавы штурм праблемаў Беларусі. Дзесьці траціна ўдзельнікаў — гэта замежнікі: расейцы, украінцы, палякі, немцы, амэрыканцы. І, у гэтым сэнсе, часам вось гэтымі чужымі вачыма мы лепш бачым тыя праблемы, зь якімі сутыкаемся. Нам складана рэфлексаваць наконт таго кантэксту, у якім мы жывем. І вось таму гэтае замежнае вока часам больш пільнае і больш бачыць.
А другі сэнс гэтай назвы — у тым, што свабода непадзельная. І безь беларускай свабоды, безь беларускага акцэнту свабоды — свабоды нестае ўсяму сьвету”.
Аляксандар Лукашук, дырэктар Беларускай службы Радыё Свабода, а таксама заснавальнік і каардынатар сэрыі “Бібліятэка Свабоды”, распавёў:
“Некалі я запытаў свайго калегу, былога дырэктара Польскай службы Радыё Свабодная Эўропа Яна Новака-Езяранскага — што б ён параіў беларускай “Свабодзе”, што б мы маглі з таго досьведу пераняць? І ён мне сказаў: “Рабіце круглыя сталы. Рабіце гутаркі за круглым сталом, таму што няважна, каго вы запросіце, няважна, зь якой падрыхтоўкай будуць людзі, няважна, левыя ці правыя. Важна, што яны гавораць. Сам жанр размовы — гэта большы ўрок дэмакратыі, чым самыя гарачыя клятвы ў вернасьці”.
Я ня буду гаварыць пра аналітычную глыбіню гэтых гутарак, ці прадказалі яны правільна, ці не, што адбылося. Насамрэч кніга Юрыя Дракахруста “Акцэнты Свабоды” — гэта ня кніга пра мінулае, таму што калі б усе адказы на пытаньні можна было знайсьці ў мінулым, то сьветам кіравалі б бібліятэкары і гісторыкі. Насамрэч гэта проста мова. Гэта размова, гэта спосаб адчуць, зразумець, пабачыць і здабыць Свабоду”.
У перадачах “Праскі акцэнт”, якія выходзяць з 1995 году, бралі ўдзел сотні палітыкаў і пісьменьнікаў, праваабаронцаў і палітвязьняў, аналітыкаў і прадстаўнікоў уладаў ня толькі зь Беларусі, але і з розных краінаў сьвету. У зборніку прадстаўленыя 62 экспэрты. Вось што кажа пра кнігу палітык Павал Севярынец:
“Кніга Юрыя Дракахруста — гэта нешта вельмі патрэбнае беларускаму грамадзтву, бо ў нас заўжды бракавала добрай, сур'ёзнай аналітыкі, грунтоўных разважаньняў. А ў спадара Юрыя — проста ўнікальная здольнасьць ставіць пытаньні рубам і падаваць іх у такім нечаканым ракурсе, што дакапацца да сутнасьці аказваецца проста. Таму гэтая кніга спадара Дракахруста будзе, безумоўна, карысная і адмыслоўцам у беларускай палітыцы, культуры, і шырокаму колу чытачоў”.
Яшчэ адзін часты ўдзельнік дэбатаў на “Свабодзе”, палітоляг Аляксандар Фядута кажа:
“Я лічу выхад кнігі Юрыя Дракахруста сапраўднай падзеяй у нашым грамадзкім жыцьці, і ня толькі таму, што, на мой погляд, Юры Аляксандравіч уваходзіць у тройку найлепшых журналістаў. Проста сёньня, пасьля выхаду друкаваных “Праскіх акцэнтаў”, словы экспэртаў больш ня будуць словамі-вераб’ямі. Сёньня бачна, хто што казаў, хто што думаў, хто меў рацыю, а хто не. Да твараў усіх нас як экспэртаў прыставілі люстэрка, і мы, як тая казачная прыгажуня, можам убачыць, што з намі і нашымі прагнозамі стала зь цягам часу.
У Оскара Ўайлда ў “Партрэце Дарыяна Грэя” час пакідае свае адбіткі, адбіткі зьдзейсьненых чалавекам грахоў. Гэта слушна, але ж і бязьлітасна. Вось і Юры Аляксандравіч зрабіў слушную, але бязьлітасную працу. Гэта толькі ў песьні можна радавацца: “Когда мы были молодые и чушь прекрасную несли...” А калі час пройдзе і ты пачынаеш перачытваць, якую лухту ты нёс, часам становіцца сорамна... Дзякуй спадару Дракахрусту, што ён даў нам такую магчымасьць вярнуць тых вераб'ёў, якіх мы павыпускалі калісьці ў эфір Радыё Свабода”.