Vox-populi у Горадні: “Кроў за кроў, сьмерць за сьмерць”

Як вы ставіцеся да патрабаваньня Рады Эўропы — увесьці мараторый на сьмяротнае пакараньне ў Беларусі? Свае меркаваньні наконт гэтага выказвалі гарадзенскія мінакі.

СЛУХАЦЬ:


Спадар:
“Што тычыцца сьмяротнага пакараньня, яго нельга адмяняць у Беларусі ў любым выпадку. Асабліва гэта тычыцца злачынстваў адносна дзяцей, пэдафіліі і забойцаў”.

Іншы спадар: “Я абсалютна згодны: нельга адмяняць, нельга. Цяпер такая злачыннасьць, што жах!”

Малады спадар: “ Мы супраць сьмяротнага пакараньня”.

Яго жонка: “Гэта вы супраць, а я — за сьмяротнае пакараньне... Я думаю, што на сёньня бяз розьніцы, будзе Беларусь у Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы ці не. У любым выпадку лёс дзяржавы вызначае сам народ і той лідэр, якога мы абралі. Да тых часоў, пакуль ёсьць наш народ зь яго мэнталітэтам і наш лідэр, няважна — прысутнічаем мы ў гэтай асамблеі ці не, усё роўна Беларусь ідзе нейкім сваім шляхам”.

Спадар: “Бывае, людзі невінаватыя, а ім — па поўнай, а часам аднаго заб’юць, другога, а там амністыя, вызваляюць, выйдзе, зноў заб’е. Я лічу, нашага чалавека ня выправіш, такому няма чаго жыць”.

Іншы спадар: “Ці забіваць, ці не забіваць? Забіваць шкада, не забіваць… Я згодны, хай па трыццаць год сядзяць”.

Сталы спадар: “Я веруючы чалавек, я лічу, што расстрэльваць не павінны, трэба ствараць папраўчыя ўстановы, каб там маглі сядзець пажыцьцёва, а самім нам трэба рухацца наперад, у Эўропу”.

Маладая спадарыня: “Я за сьмяротнае пакараньне. Калі чалавек зьдзейсьніў забойства, нешта сур’ёзнае, страляць іх трэба”.

Пэнсіянэр: “Я ня ведаю, калі не расстрэльваць, то якое далей яму будзе пакараньне? Вось пытаньне ў чым. А калі я ня ведаю, якое яму далей будзе пакараньне, то лепей — кроў за кроў, сьмерць за сьмерць, як гэта было ў Вялікую Айчынную: злачынцаў расстрэльвалі. Вось я асабіста за такое меркаваньне”.